Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 2 жніўня: Дзень паветрана-дэсантных войскаў


Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша

У Менску перад Камароўскім рынкам — пікет АГП супраць прывілеяў улады.

У Берасьці — майстра-кляса «Моладзевыя праекты — ад задумы да рэалізацыі». вул. Маякоўскага, 46-1, пачатак а 13-ай.

Дзень паветрана-дэсантных войскаў.

У гісторыі

1840 — указам расейскага імпэратара спынена дзеяньне Статуту ВКЛ на тэрыторыі Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губэрняў.

1914 — расейскі імпэратар Мікалай ІІ сваім маніфэстам абвясьціў аб вайне зь Нямеччынай.

1914 — у Баранавічах разьмешчаная Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброеных сілаў Расейскай імпэрыі.

1990 — войскі Іраку ўварваліся ў Кувэйт.

У памяці

1549 — нарадзіўся Мікалай Радзівіл Сіротка, вялікалітоўскі дзяржаўны дзяяч, падарожнік, мэмуарыст. У 1582-1584 зьдзейсьніў падарожжа ў Ерусалім. Убачанае і перажытае ён запісаў у эпічнай «Пэрэгрынацыі, або Паломніцтве ў Сьвятую зямлю», якая ўпершыню выйшла ў сьвет на лаціне ў 1601 годзе.

1833 — памёр Міхал Валовіч, арганізатар беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, удзельнік паўстаньня 1830-1831 гг., кіраўнік сялянскага паўстаньня на Слонімшчыне (1833). У вёсцы Парэчча на Слонімшчыне побпч з уніяцкай царквой стаяў крыж у гонар Валовіча і паўстанцаў, якія загінулі ў барацьбе супраць расейскага царызму. Як паведамляла Свабода, у 2003 годзе праваслаўны сьвятар, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Пазьней крыж адшукалі побач са Шчарай і паставілі на могілках. Мясцовыя людзі сьцьвярджаюць, што менавіта ў гэтым месцы й пахаваны Міхал Валовіч разам з паўстанцамі.

Цытата

«І так года Гасподняга 1582 распарадкаваўшы мой дом і склаўшы тэстамэнт (бо вярнуцца на айчыну я болей не спадзяваўся), у жніўні паехаў я ў Горадзен да караля Сьцяпана, каб яму пра падарожжа паведаміць і адразу з ім разьвітацца. Ён усяляк адгаворваў мяне ад таго, раючы, каб я лепей у Рым ехаў, чым з такім слабым здароўем у такую небясьпечную дарогу пускаўся. Але калі я адказаў, што ўжо гэтак я канечна ўчыніць пастанавіў, і ад таго адмовіўшыся гнеў Гасподні наклікаў бы на сябе, і людзкім языкам даў бы нагоду, і рэпутацыі сваёй мог бы пашкодзіць; дык ён як мог намаўляў мяне, каб я хоць праз Канстантынопаль ехаў, абяцаючы ўсяляк старацца пра тое, каб я бясьпечна мог намер свой выканаць. Атрымаўшы ў караля дазвол, вярнуўся я ў Нясьвіж, дзе было ўжо ўсё гатова, і, Найсьвяцейшыя таемствы прыняўшы, у імя Гасподняе 19 дня верасьня года Гасподняга 1582 выправіўся ў дарогу».

Мікалай Радзівіл, «Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ясна асьветленага князя ягамосьці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Сьвятую зямлю» (пераклад Сяргея Шупы).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG