Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы з прададзенай мэблі Дашкевіч перадасьць беларусам да Данбасе


У межах распачатай акцыі Зьміцер Дашкевіч будзе перадаваць на гуманітарную дапамогу 25% ад кожнай замовы на мэблю.

Сустаршыня «Маладога Фронту» і прадпрымальнік Зьміцер Дашкевіч са сваёй майстэрняй «Цесьляры» абвясьціў пра пачатак акцыі збору сродкаў на дапамогу беларусам, якія змагаюцца ў зоне АТА. У межах акцыі ён абяцае перадаваць на гуманітарную дапамогу 25% ад кожнай замовы на мэблю.

У размове з Радыё Свабода Дашкевіч распавёў, што беларусы у зоне АТА маюць заўсёдную патрэбу ў амуніцыі, леках, харчовым забесьпячэньні:

«Усё, што маюць беларускія байцы ва Ўкраіне — гэта тое, што ім прывезьлі валянтэры. Пра зброю мы нават не гаворым — зброя ці выпрошваецца на карыстаньне ў ВСУшнікаў, ці з голымі рукамі здабываецца ў баі. Гаворка проста пра забесьпячэньне мінімальных умоваў жыцьця. Напрыклад, калі хлопцы на ратацыі ў Кіеве, яны вымушаны падганяць у ажыўленае месца свой баявы джып і вешаць на яго плякаты кшталту: „Дапамажыце байцам зоны АТА“. Пасьля таго, як да беларускага атраду далучыўся мой сябра Эдуард Лобаў, я зразумеў, што цяпер самы час сабраць дапамогу для хлопцаў».

Цягам жніўня Дашкевіч будзе пералічваць 25% ад сумы замовы на дапамогу беларускім байцам ва Ўкраіне. На яго думку, такім чынам кожны можа прадэманстраваць салідарнасьць і сабраць канкрэтную дапамогу для беларусаў на Данбасе без рызыкі для сябе.

Пакуль, як кажа Дашкевіч, цікавасьць да ініцыятывы ня вельмі вялікая.

«Цяжка нават сказаць, з чым гэта можа быць зьвязана. Можа быць, зь недастатковым распаўсюдам інфармацыі, можа быць, з пэўным узроўнем страху, а можа быць проста з тым, што абурацца на форумах барбарскімі дзеяньнямі Масквы значна лягчэй, чым прыкласьці нейкія высілкі і дапамагчы ня словам, а справаю»

У канцы жніўня Дашкевіч плянуе правесьці дабрачынны маратон, на які будуць запрошая ўсе ахвотныя, каб прадэманстраваць салідарнасьць зь беларусамі, якія ваююць ва Ўкраіне, і сабраць для іх канкрэтную дапамогу.​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG