Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 1 жніўня: чыноўнікі на тэлефоне, клясыка ля менскай Ратушы


Рака Убарць. Маркоўскі, Лельчыцкі раён - аўтар Дзмітрый Некрашэвіч

Рака Убарць. Маркоўскі, Лельчыцкі раён - аўтар Дзмітрый Некрашэвіч

Бліц-агляд падзеяў і датаў гэтага дня.

Фота дня

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша

У Менску пройдзе сьвяткаваньне Дня дэсантніка і сіл спэцапэрацыяў. У парку Перамогі будуць выстаўленыя сучасныя ўзоры ўзбраеньня і тэхнікі. Заплянаваныя паказальныя выступы па рукапашным баі, скачкі парашутыстаў, пераадоленьне Камсамольскага возера на бронетранспарцёрах, дэманстрацыя працы службовых сабак, сьвяточны канцэрт Акадэмічнага ансамбля песьні і танца Ўзброеных сіл і калектываў мастацкай самадзейнасьці.

У Белтэлерадыёкампаніі адбудзецца лёсаваньне выступаў удзельнікаў Нацыянальнага адборачнага туру дзіцячага конкурсу песьні «Эўрабачаньне-2015» у фінальным гала-канцэрце, а таксама адбудзецца запіс відэавізітак выканаўцаў.

На наўпроставай лініі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны будзе дзяжурыць намесьнік міністра Аляксандр Румак. З 9.00 да 12.00 яму можна задаць пытаньні аб сацыяльным абслугоўваньні насельніцтва па тэлефоне: (017) 306-38-79.

У Міністэрстве юстыцыі званкі прымае намесьнік міністра Сяргей Задзіран. Лінія працуе з 9.00 да 12.00 па тэлефоне: (017) 200-90-42.

Белстат праводзіць жывую тэлефонную лінію з намесьнікам старшыні камітэту Жанай Васілеўскай. З 09.00 да 12.00 па тэлефоне (017) 368-34-41 ёй можна задаць пытаньні, падзяліцца сваім меркаваньнем і выказаць прапановы.

У рамках фэстывалю клясычнай музыкі «Клясыка каля ратушы з velcom» на плошчы Свабоды ў Менску пройдзе маштабны музычны прамэнад з танцамі, прысьвечаны 250-годзьдзю зь дня нараджэньня Міхаіла Клеафаса Агінскага. Інтэрактыўная праграма ад ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле» і артыстаў-рэканструктараў праекту «Эпоха князя Міхала Клеафаса» будзе ўключаць інструмэнтальныя кампазыцыі, рамансы, музыку настаўнікаў і пасьлядоўнікаў кампазытара, касьцюмаваны баль ХХ стагодзьдзя. Пачатак у 20.00. Уваход вольны.

У рамках штогадовага фэстывалю «Дружба Festival» у вёсцы Станькава Дзяржынскага раёну выступяць гурты J: МOPC, Trubetskoy, «Серебрянная свадьба», «Крама», Nizkiz, Drum Ecstasy і іншыя.

У Берасьці пройдзе Першы берасьцейскі форум вулічных тэатраў, прымеркаваны да Дня гораду. У форуме возьмуць удзел каля 20 калектываў зь сямі беларускіх гарадоў, а таксама тэатар з Хірасімы (Японія).

У гісторыі

1514 — Армія Маскоўскай дзяржавы пасьля трэцяй аблогі ўзяла Смаленск.

1812 — Напалеон Банапарт аддаў загад аб стварэньні войска Вялікага Княства Літоўскага.

1914 — Кайзэраўская Нямеччына абвясьціла вайну Расеі.

1920 — Чырвоная Армія заняла Берасьце.

1944 — У Польшчы пачалося Варшаўскае паўстаньне. Меркавалася, што баі будуць працягвацца некалькі дзён да прыходу Чырвонай Арміі. Дзеля перамоваў са Сталіным у Маскву прыбыў прэм’ер польскага ўраду ў выгнаньні Станіслаў Мікалайчык. Але Сталін ўзамен за савецкую дапамогу варшаўскім паўстанцам прапанаваў Станіславу Мікалайчыку зьліць яго ўрад з савецкім марыянэтачным урадам — Польскім камітэтам нацыянальнага вызваленьня — створаным у занятым Чырвонай Арміяй Любліне 20 ліпеня 1944. Пасьля таго, як Мікалайчык адмовіўся падпарадкавацца ПКНВ, Сталін аддаў загад аб спыненьні наступальных дзеяньняў у раёне Варшавы. 2 кастрычніка паўстанцы капітулявалі. 17 студзеня 1945, амаль праз паўгода пасьля пачатку Варшаўскага паўстаньня, Чырвоная Армія ўвайшла ў пусты і зьнішчаны горад на левым беразе Віслы.

У гэты дзень нарадзіліся:

1520 — Жыгімонт ІІ Аўгуст, вялікі князь літоўскі і кароль польскі (1548-1572).

1912 — Янка Ролсан (сапр. прозьвішча Гадзіцкі), дзяяч эміграцыі ў Аўстраліі.

Цытата

Пакідаючы дымны водар, маладосьць раставала шлейфам —
лютым сынам свайго народа я на краі сьмерці сталею.
Як нажом, яшчэ да зьмярканьня мне сьвятло перарэжа колам —
і разьбу я прасплю сьляпую, карабін падклаўшы пад голаў.

Фрагмэнт верша «З галавою на карабіне» польскага паэта Кшыштафа Каміля Бачынскага, які загінуў на барыкадзе на чацьверты дзень Варшаўскага паўстаньня; пераклад Кацярыны Маціеўскай.

XS
SM
MD
LG