Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пра фальшывыя печы, якія ня грэюць, і фальшывыя калодзежы, у якіх няма вады...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Выбарчая кампанія, якая працягваецца ў Беларусі, схіляе многіх слухачоў да роздуму пра будучыню краіны. Сумневу ў тым, якія вынікі гэтай кампаніі абвесьціць у кастрычніку ўлада, ня мае фактычна ніхто. Але няшмат і тых, хто цешыць сябе спадзяваньнямі на росквіт Беларусі пры незьмяняльнай уладзе.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, свой новы допіс у рэдакцыю пачынае катэгарычнай высновай: «Наша дзяржава загіне ад хлусьні, якой звыш усякай меры прасякнута грамадзтва». І далей так тлумачыць свае словы:

«...У адной вёсцы нашага раёну задумалі пабудаваць «прэзыдэнцкія» дамкі — ці то тры, ці то пяць. Вёска — ня вёска, а мара дачніка ці рыбалова-аматара. На беразе вельмі прыгожага і багатага рыбай Яноўскага возера, ціхая, далёкая ад гарадзкой валтузьні і шуму. Ціхая і далёкая ў прамым сэнсе — да бліжэйшага аўтобуснага прыпынку кілямэтраў пяць. Ні дзіцячага садка, ні тым больш школы. Замест крамы — аўталаўка два разы на тыдзень. „Затое ёсьць фэрма!“ — агаломшыла неабвержным аргумэнтам «чэснае» начальства. „Людзі прыедуць, праца гарантаваная, высокааплатная, дзяцей будзем на аўтобусе вазіць“.

І праца закіпела. Домікі пабудавалі. А праз паўгода... фэрму закрылі, і ня тое што закрылі, а ліквідавалі — зраўнялі зь зямлёй, каб і знаку ад яе ніякага не засталося...

„А што стала з домікамі?“ — спытаеце вы. А як самі думаеце?

...У іншай вёсцы (а можа, і ў той самай, хто цяпер успомніць) таксама пабудавалі такі домік. Прыехала камісія прымаць. Абышлі, паглядзелі. Быццам бы ўсё ў парадку, „красівы“ домік. Зайшлі ўсярэдзіну. Увагу прыцягнула вельмі „красівая“ печ. Самы малады і дасьціпны сябра камісіі (эх, молада-зелена!) спытаў: „А цяга ёсьць?“ „А як жа!“ — пакрыўдзіўся прадстаўнік будаўнічай арганізацыі. — „Глядзі!“

Ён выцягнуў з кішэні аркуш „Советской Белоруссии“, скамячыў яго, кінуў у топку, паднёс запалак. Загудзела полымя, ахоплены ім газэтны аркуш падхапіла цягай, і ён зьнік недзе ў нетрах ацяпляльнага агрэгата. „Ого!“ — сказаў малады.

...Мінула восень, зіма, прыйшла вясна. За зіму „красівая“ печ зжэрла пяць (па іншых сьведчаньнях, сем) трактарных прычэпаў дроў. У яе чамусьці грэў толькі адзін бок (той, што ад топкі) і кавалак коміна, але дрэнна — так расказваў майму знаёмаму пячніку зьбянтэжаны навасёл.

Пачалі высьвятляць, у чым справа. Дзеля гэтага печ давялося разабраць. Высьветлілася, што топка печы наўпрост была злучаная з комінам! Ніякіх хадоў, якія забясьпечваюць ККД і адпаведна нагрэў, у печы не было, замест іх увесь яе аб’ём быў „красіва“ закладзены цэглай!

...У двары трэцяга прэзыдэнцкага дамка красаваўся „красівы“ калодзеж (гэта ўжо ў іншай вёсцы). Такіх домікаў у вёсцы было некалькі. Але шчасьлівыя навасёлы так і ня здолелі ўтапіць у калодзежы ні вядро, ні электрычную помпу „Ручаёк“, каб здабыць вады — яе там было сантымэтраў дзесяць. Таму ваду вазілі ў саракалітровых малочных бітонах.

Вось такія прыклады хлусьні, шаноўнае спадарства. На самой справе іх нашмат больш, імя ім — легіён. Падобных гісторыяў можна расказаць безьліч — пра фальшывыя печы, якія ня грэюць, фальшывыя калодзежы, у якіх няма вады, фальшывыя «прэзыдэнцкія» домікі, у якіх ніхто не жыве, фальшывыя трактары і аўтамабілі, якімі застаўленыя тэрыторыі заводаў і якія нікому не патрэбныя, і гэтак далей — канчаючы фальшывымі прэзыдэнцкімі выбарамі, на якіх ніхто нікога не выбірае.

...Пагібель нам будзе ад гэтай хлусьні».

Нібыта і неблагая была ідэя дапамагчы занядбанай калгаснай вёсцы, будуючы сучаснае жыльлё за кошт дзяржаўнага бюджэту. А вось жа вынік у шэрагу выпадкаў аказаўся зусім марны... Так часта здараецца, калі дзяржава раздае незаробленыя грошы і калі гэтыя грошы трапляюць у рукі не гаспадара, а чыноўніка, які ніяк не зацікаўлены ў тым, што, дзе і як будзе за іх пабудавана.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Анатоль Чачотка зь Менску распавёў аб праблеме, якая турбуе многіх пэнсіянэраў у тым раёне, дзе ён жыве:

«Даход сярэдняга беларускага пэнсіянэра, як вядома, меншы, чым у польскага, чэскага ці грэцкага бяздомнага. Таму ня дзіва, што даводзіцца ашчаджаць на ўсім, у тым ліку і на кабэльным тэлебачаньні. Выбіраем мы, як правіла, самыя танныя пакеты каналаў. У нашым раёне да нядаўняга часу гэта быў пакет „Эканомны“ за 24 тысячы рублёў. Вельмі цешыла тое, што сярод 16 беларускіх і расейскіх каналаў там быў „Эўраньюс“. Але, як кажуць, нядоўга музыка іграла. Замест яго, нібы насьміхаючыся над пэнсіянэрамі, уключылі „Белбізнэсканал“. Тэлефаную кабэльнаму апэратару — „Аксіёма-сэрвіс“. Там кажуць: хочаце глядзець „Эўраньюс“ — падключыце пакет „Стандартны“.

Я абурыўся: дык жа ён каштуе 75 тысяч рублёў, амаль столькі ж, колькі камунальныя паслугі за цэлую аднапакаёвую кватэру.

На тым канцы спаслаліся на тое, што рашэньне пра зьняцьце канала „Эўраньюс“ прынята на самым высокім узроўні і яны нічым дапамагчы ня могуць. Ну ці ж ня зьдзек зь людзей?».

Сапраўды, некаторыя апэратары кабэльнага тэлебачаньня, імкнучыся атрымаць большы даход, абыходзяцца з напаўненьнем гэтых пакетаў адвольна, ня надта зважаючы на патрэбы людзей. Раю вам, спадар Анатоль, пацікавіцца, якія іншыя, альтэрнатыўныя кампаніі кабэльнага тэлебачаньня працуюць у вашым раёне. Ёсьць і яшчэ адно выйсьце — набыць спадарожнікавую антэну. Адзін раз давядзецца патраціцца, затое потым зможаце глядзець свой улюбёны канал бясплатна і ў добрай якасьці выявы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

XS
SM
MD
LG