Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Міхась Скобла


Міхась Скобла

Міхась Скобла

Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 на Зэльвеншчыне. Пасьля заканчэньня філфаку БДУ працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара часопіса «Роднае слова» і выдавецтва «Беларускі кнігазбор». Вядзе аўтарскую праграму «Вольная студыя» на Радыё Свабода. Выдаў кнігі «Вечны Зьніч», «Вочы Савы», «Нашэсьце Поўні», «Акно для матылькоў», «Дзярэчынскі дыярыюш» ды інш. Уклаў паэтычныя анталёгіі «Краса і сіла: беларуская паэзія ХХ ст.» і «Галасы з-за небакраю: паэзія сьвету ў беларускіх перакладах ХХ ст.». Дасьледуе творчую спадчыну Ул. Жылкі, Л. Геніюш, З. Верас, А. Салаўя, Р. Крушыны, А. Сыса. Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Часам здаецца – для тых, хто памёр. Часам – для тых, хто народзіцца.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Каля вялікай вады – у любы час. Сіла ад яе ідзе невытлумачальная.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Слова пра паход Ігаравы». Здаецца, больш ніхто не прэтэндуе.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

У школьныя гады – Маленькі Прынц Сэнт-Экзюпэры, у юнацтве – Гервасій Выліваха Караткевіча, цяпер – Стары з рамана Вальтэра Скота «Пурытане», які ачышчаў ад моху старыя надмагільныя пліты.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

На дадзены момант – Міхась Стральцоў.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Трохтомавік Арсенія Таркоўскага, які шукаў дзесяць гадоў і нарэшце набыў.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На польскай, на ўкраінскай, на нямецкай (са слоўнікам), на ангельскай (з жонкай).

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Улюбёныя кнігі ня крэсьляць і не дасканаляць. Я свае – крэсьлю. Вось і апошнюю – «Акно для матылькоў» – расьпісаў ужо, як Бог чарапаху.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

«Саркафагі страху» – пра мімікрыю творцаў ва ўмовах несвабоды.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі вяртаюся ва ўспамінах на свой хутар, вакол якога беляхцелі сьнягі і вылі ваўкі. З тае пары мне блізкі Альгерд Абуховіч-Бандынэлі: «Хоць галодзен – я свабодзен, дзе мне цягне – там бягу; лепш быць вольным ваўкалакам, чым на прывязі сабакам».

XS
SM
MD
LG