Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«БелВЭБ» прызнаў, што трапіў пад санкцыі ЗША. Але не спалохаўся


У адмысловым рэлізе банкіры патлумачылі, што новыя санкцыі не акажуць істотнага ўзьдзеяньня на дзейнасьць ААТ «Банк БелВЭБ», які працягне выконваць свае абавязаньні перад інвэстарамі і крэдыторамі ў звычайным рэжыме.

30 ліпеня 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША абнавіла сьпіс асобаў і кампаніяў, у дачыненьні да якіх у ліпені 2014-га былі ўведзеныя сэктаральныя санкцыі, удакладніўшы, у прыватнасьці, пералік даччыных структур «Внешэкономбанка».

Беларускі банк «БелВЭБ» падпаў пад сэктаральныя санкцыі ЗША, паколькі больш за 50 працэнтаў ягоных акцыяў належыць расейскаму «Внешэкономбанку», які падпаў пад амэрыканскія санкцыі за расейскую агрэсію супраць Украіны і анэксію Крыму яшчэ раней.

«Неабходна адзначыць, што апублікаванае Міністэрствам фінансаў ЗША 30 ліпеня 2015 году ўдакладненьне не зьмяняе і не пашырае пералік апэрацыяў, на ажыцьцяўленьне якіх зь ліпеня 2014 году распаўсюджваецца забарона з боку дзяржаўных органаў ЗША», — піша ў прэс-рэлізе «БелВЭБ», тлумачачы, што ў дачыненьні да даччыных структураў «Внешэкономбанка» раней ужо дзейнічалі абмежаваньні, аналягічныя абмежаваньням у дачыненьні да мацярынскай кампаніі.

«Санкцыі, якія дзейнічаюць зь ліпеня 2014 году, носяць абмежаваны характар і зьвязаныя толькі з абмежаваньнем доступу «Внешэкономбанка» і ягоных даччыных структураў да амэрыканскага рынку запазычваньняў. Такім чынам, апублікаванае на сайце Міністэрства ЗША ўдакладненьне не акажа істотнага ўзьдзеяньня на дзейнасьць ААТ «Банк БелВЭБ», — кажуць у банку.

Экспэрты лічаць, што санкцыі, накладзеныя на «БелВЭБ», абмяжуюць яго зьнешнюю дзейнасьць.

XS
SM
MD
LG