Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«БелВЭБ» страціць і фінансаваньне, і прэстыж, – экспэрты


Зарэгістраваны ў Беларусі даччыны банк расейскага «Внешэкономбанка» трапіў у дадатковы санкцыйны сьпіс Міністэрства фінансаў ЗША.

Банк «БелВЭБ» трапіў пад сэктаральныя санкцыі ЗША, паколькі больш за 50 працэнтаў ягоных акцыяў належыць расейскаму «Внешэкономбанку», які падпаў пад амэрыканскія санкцыі за расейскую агрэсію супраць Украіны і анэксію Крыма яшчэ раней.

Інфармацыя пра гэта апублікаваная Міністэрствам фінансаў ЗША.

Беларускі банк значыцца ў санкцыйным сьпісе ў шэрагу іншых даччыных кампаніяў «Внешэкономбанка», якія выкарыстоўваліся, каб абмінуць уведзеныя раней санкцыі ЗША.

Санкцыі прадугледжваюць блякаваньне ўласнасьці і забарону практычна ўсіх прамых або ўскосных зьдзелак (у тым ліку фінансавых, гандлёвых) на тэрыторыі ЗША.

Эканаміст Сяргей Чалы ў інтэрвію Свабодзе ўдакладняе, што абмежаваньні для банка «БелВЭБ» не абмяжуюцца толькі тэрыторыяй ЗША:

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Гаворка вядзецца пра закрыцьцё для «БелВЭБ» доступу да зьнешняга фінансаваньня – атрыманьне зьнешніх крэдытаў і камэрцыйнага фінансаваньня. Нягледзячы на тое, што гэта санкцыйны сьпіс ЗША, на самой справе гэты беларускі банк страціў доступ ва ўсе цывілізаваныя краіны сьвету – ніхто з Амэрыкай сварыцца ня будзе. Выкарыстоўваючы ранейшы досьвед, можна спрагназаваць, што пасьля такіх санкцыяў ЗША нават кітайцы будуць вельмі неахвотна ўдзельнічаць у фінансаваньні кампаніяў – ніхто ня хоча мець дачыненьне да фігурантаў санкцыйных сьпісаў. Таму цяпер банк «БелВЭБ» у якасьці крыніцы фінансаваньня можа выкарыстоўваць толькі ўнутраныя беларускія крыніцы, расейскія банкі і сваю дэпазытную базу».

Такую думку пацьвярджае і расейскае выданьне «Коммерсант.ru», якое сьцьвярджае, што «такі ход амэрыканцаў можа прыкметна ўскладніць дзелавыя адносіны з кітайскімі контрагентамі, разьлікі зь якімі па-ранейшаму праводзяцца ў далярах», і нават выказвае меркаваньне, што канчатковая мэта санкцыяў – якраз ускладніць расейска-кітайскія дачыненьні.

Калі санкцыі сапраўды забараняюць любое ўзаемадзеяньне з амэрыканскімі партнэрамі, то ў першую чаргу гэта будзе азначаць калі ня поўнае спыненьне, то істотнае ўскладненьне апэрацыяў у далярах

«Калі санкцыі сапраўды забараняюць любое ўзаемадзеяньне з амэрыканскімі партнэрамі, то ў першую чаргу гэта будзе азначаць калі ня поўнае спыненьне, то істотнае ўскладненьне апэрацыяў у далярах, – цытуе «Коммерсант.ru» эканаміста Яўгена Надоршына. – Вядома, іх можна будзе праводзіць не праз амэрыканскія і блізкія да іх банкі, прыдумаць спэцыяльны разьліковы мэханізм, які базуецца на крос-курсах зь іншымі валютамі. Але гэта больш працаёміста і павялічыць трансакцыйныя выдаткі. Ня варта забываць і пра нэгатыўны рэпутацыйны ўплыў такіх санкцыяў. У кліентаў захоўваецца высокая цікавасьць да валюты, хоць бы нават у спэкулятыўных мэтах, а гэта азначае, што новым кліентам узаемадзеяньне з банкамі, якія падпалі пад такія санкцыі, будзе нецікавае».

Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што банкі карыстаюцца магчымасьцю дзейнічаць празь іншыя, каб абысьці юрыдычныя і санкцыйныя бар’еры:

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«Хоць у нас усе банкі зьяўляюцца рэзыдэнтамі Рэспублікі Беларусь, могуць існаваць дамоўленасьці, згодна зь якімі, напрыклад, расейскі банк можа праводзіць свае міжнародныя апэрацыі з дапамогай банка нашай краіны. Калі больш за 50 працэнтаў акцыяў «БелВЭБ» належыць расейскаму «Внешэкономбанку», то зразумела, што ён мог карыстацца беларускім партнэрам для зьнешняй дзейнасьці. Гэта цалкам магчыма – што беларускі банк выкарыстоўваўся Расеяй».

Што да наступстваў занясеньня ў санкцыйны сьпіс ЗША, то Станіслаў Багданкевіч адзначыў – на тэрыторыі Беларусі ніякіх зьменаў для «БелВЭБ», хутчэй за ўсё, ня будзе, бо яго дзейнасьць скіраваная на ўнутраную эканоміку. Але ўзьнікнуць праблемы зь іміджам на міжнародным узроўні:

«Я ня думаю, што нейкія апэрацыі стануць для гэтага банка недаступныя, з улікам таго, што ён абслугоўвае ўнутраную беларускую эканоміку і асноўныя разьлікі ідуць на Ўсход, а не на Захад. Санкцыйны сьпіс ніякім чынам не адаб’ецца на стабільнасьці і ўстойлівасьці ў банкаўскай сыстэме Беларусі. Але трэба адзначыць, што тут вялікая маральная і іміджавая страта – прэстыж банка на міжнароднай арэне можа значна ўпасьці ў сувязі з унясеньнем у гэты сьпіс».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG