Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчая кампанія ў сёньняшняй Беларусі цалкам адпавядае знакамітаму дыягназу доктара Шчыгельскага – мазаічная псыхапатыя. Гаворыцца і адбываецца шмат чаго, але сэнсу ва ўсім – нуль.

Нехта ідзе на чацьверты з паловай тэрмін, і гэта даўно ўжо нічога ня значыць. Адзін толькі Абама зьдзіўлены: «Ніхто не павінен заставацца прэзыдэнтам усё жыцьцё». Але для нашых людзей тое, што кажа Абама, нічога ня значыць тым больш.

Нехта «апазыцыйны» праводзіць кампанію выбараў, а нехта таксама «апазыцыйны» – кампанію байкоту. Другое такая ж фікцыя, як і першае – тое, ад чаго яно адштурхоўваецца.

Нехта кажа, што рэформы непатрэбныя, бо крызіс у нас чужы, а нехта – што рэформы неабходныя, бо крызіс – наш. Хоць, калі ўдумацца, якая нам ад гэтага розьніца.

Куды ні кінь, паўсюль у грамадзкім жыцьці мазаічная псыхапатыя. Адзіны паратунак – глядзець на ўсё гэта як на вясёлы карнавал. Усё ж не для смутку пражываем мы свае дні.

Прыемна ўсьведамляць, што кандыдатам на гэтых выбарах выступіў кот. Праўда, групу ката не зарэгістравалі. Але ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі, дзе кот выступаў усяго толькі чальцом групы аднаго з кандыдатаў, маем відавочны прагрэс. Няма сумневу, што на наступных выбарах ката зарэгіструюць як найбольш верагоднага суперніка дзейнага прэзыдэнта.

Уяўляеце, ката зарэгістравалі, пачаўся непасрэдны выбарчы працэс, і раптам зь дзейным прэзыдэнтам здараецца collapsus (а выбарчы працэс запушчаны), і народ масава галасуе за ката. І Барсік становіцца ДПРБ – другім прэзыдэнтам Беларусі.

Калісьці Алесь Наварыч напісаў аповесьць «Рабунька» – пра тое, як беларусы выбралі сабе прэзыдэнтам карову. Усякае можа быць. Барсік чатыры з паловай тэрміны не працягне зь біялягічных прычын, таму пры ім у Канстытуцыю вернуць палажэньне пра два прэзыдэнцкія тэрміны. Вось тады і зьявіцца ў Барсіка пераемніца – Рабунька. Рабунька стане – ТПРБ.

Пішу гэтыя радкі і зьяўляецца адчуваньне, што ад рэчаў абстрактных і абсурдных, якія нічога ня значаць, перавёў гаворку да рэчаў канкрэтных, зразумелых і цалкам верагодных. Размова набывае сур’ёзны характар.

І гэта добра. Бо што сёньня на выбарах канкрэтнае і зразумелае, сур’ёзнае? Адміністрацыйны рэсурс, аўтазакі на плошчах і лічбы Ярмошынай. А які, скажыце, рэсурс і АМОН, якая Ярмошына – супраць ката?

Адчуваеце, як у такім раскладзе перастаюць нешта значыць тыя аўтазакі? Вось як зьменіцца сытуацыя.

АМОН і ЦВК перастануць нешта значыць, бо ў коціка адназначна будзе масавая падтрымка народу. І ня толькі ў сацыяльных сетках.

Коцік пры любых раскладах – заўсёды нешта значыць. І на мазаічную псыхапатыю не хварэе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG