Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль абвясьціў аб завяршэньні перамоваў Масквы і Парыжу па «містралях» і анансаваў скасаваньне кантракту


У Крамлі заявілі, што перамовы Масквы і Францыі па выплаце РФ кампэнсацыі за два верталётаносцы Mistral завяршыліся. Неўзабаве будзе падпісанае пагадненьне аб скасаваньні кантракту, пасьля чаго будзе абвешчаная сума, якую Францыя пералічыць Расеі.

Аб завяршэньні перамоў паведаміў РІА Навіны памочнік прэзыдэнта Расеі па пытаньнях вайскова-тэхнічнай супрацы Уладзімір Кожын.

Пры гэтым прадстаўнік карпарацыі DCNS, якая адказвае за будаўніцтва Mistral, Эмануэль Годэз заявіў Коммерсант-Інтэрнэт , што ён ня ў курсе таго, што бакі прыйшлі да пагадненьня. Суразмоўца выдання ня стаў прагназаваць лёс караблёў. У Елісейскім палацы журналістам паведамілі, што ўпаўнаважаным асобам забаронена даваць якія-небудзь камэнтары пра лёс містраляў да наступнага тыдня.

На днях прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд заявіў, што пытаньне вырашыцца ў бліжэйшыя тыдні.

У той жа час, што будзе з дамовай, якую ў 2011 годзе заключылі Масква і Парыж, кіраўнік дзяржавы не ўдакладніў. Тым ня менш, Алянд нагадаў, што ў Францыі ёсьць кантрактныя абавязальніцтвы перад Расеяй.

Францускі бок, паводле прэсы, хоць раней атрымаў ў якасьці авансу за Mistral 840 млн эўра, заяўляў пра гатоўнасьць вярнуць Расеі грошы, якія улічаныя ў актах прыёмкі працаў: 785 млн эўра з улікам выдаткаў.

У Маскве ж неаднаразова падкрэсьлівалі, што Расею задаволіць любы варыянт: альбо караблі, альбо грошы. Аднак у якасьці прымальнай называлі больш значную суму, 1,1 млрд эўра. Расея плянавала, акрамя авансу, вярнуць таксама сродкі, выдаткаваныя на навучаньне экіпажу, будаўніцтва інфраструктуры для базаваньня верталётаносца ва Ўладзівастоку і працы па стварэньні пад Mistral узораў палубных гелікоптэраў Ка-52К.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG