Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі банк «БелВЭБ» трапіў пад санкцыі ЗША


Зарэгістраваны ў Беларусі даччыны банк расейскага «Внешэкономбанка» трапіў у дадатковы санкцыйны сьпіс Міністэрства фінансаў ЗША, апублікаваны ў чацьвер.

Беларускі банк «БелВЭБ» трапіў пад сэктаральныя санкцыі ЗША, паколькі больш за 50 працэнтаў яго акцый належыць расейскаму «Внешэкономбанку», які раней трапіў пад амэрыканскія санкцыі за расейскую агрэсію супраць Украіны і анэксію Крыма.

Інфармацыя пра гэта апублікаваная Міністэрствам фінансаў ЗША.
Беларускі банк знаходзіцца ў санкцыйным сьпісе ў шэрагу іншых даччыных кампаніяў «Внешэкономбанку», якія выкарыстоўваліся, каб абмінуць уведзеныя раней санкцыі ЗША.


Санкцыі прадугледжваюць блякаваньне ўласнасьці і забарону практычна ўсіх прамых або ўскосных зьдзелак (у тым ліку фінансавых, гандлёвых) на тэрыторыі ЗША.


Прымаючы дадатковыя санкцыі ў дачыненні да фізычных і юрыдычных асоб Расеі і зьвязаных з Расеяй, Міністэрства фінансаў ЗША паведамляе, што гаворка ідзе аб захадах, прынятых у адказ на спробы абыйсьці ўжо дзейныя санкцыі.


Новыя абмежаванні тычацца шэрагу расейскіх грамадзян і кампаній.
Гаворка ідзе пра асобы і кампаніі, якія маюць дачыненьне да спробаў расейскіх прадпрымальнікаў Генадзя Цімчанкі і Барыса Ратэнберга (блізкіх да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна), а таксама канцэрна «Калашнікаў», абыйсьці ўжо дзеючыя амэрыканскія санкцыі.
Акрамя таго, у санкцыйны сьпіс уключаныя чатыры былыя чыноўнікі рэжыму экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча і ягоны сын Аляксандар, якія ўжо знаходзяцца пад санкцыямі Эўразьвязу. На думку ўладаў ЗША, яны маюць дачыненьне да крадзяжу бюджэтных сродкаў ва Ўкраіне.


Фінансавыя абмежаваньні таксама ўведзеныя ў дачыненьні да пяці партоў і аднаго апэратара марской паромнай пераправы ў анэксаваным Расеяй украінскім Крыме. Заблякаваныя іх авуары, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыі ЗША; амэрыканскім грамадзянам забаронена мець зь імі дзелавыя кантакты.


Галоўная мэта цяперашніх санкцый — працягваць чыніць ціск на Расею, якая парушае міжнароднае права, распальваючы канфлікт на ўсходзе Ўкраіны, падкрэсьлівае амэрыканскае Міністэрства фінансаў.

XS
SM
MD
LG