Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК адмовілася ад празрыстага падліку галасоў


Падлік галасоў на выбарах

Падлік галасоў на выбарах

Беларускі Хэльсынскі камітэт атрымаў адказ на свой зварот у Цэнтральную камісію па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, паведамляе праваабарончы сайт «Вясна». У сваім звароце БХК прасіў рэалізаваць тры простыя рашэньні, якія, на яго думку, у значнай ступені змаглі б забясьпечыць празрыстасьць выбарчага працэсу:

1. Публікаваць дадзеныя галасаваньня з разьбіўкай па выбарчых участках.

2. Выдаваць назіральнікам на ўчастках завераныя копіі пратаколаў аб выніках галасаваньня ў абавязковым парадку.

3. Усталяваць дакладную працэдуру падліку галасоў, пры якой адзнака на кожным бюлетэні будзе абвяшчацца ўголас з дэманстрацыяй усім прысутным сябрам участковых камісіяў і назіральнікам.

У вызначэньні дакладнай працэдуры падліку галасоў Цэнтральная камісія ўгледзела «ўстанаўленьне новых правоў і абавязкаў для сябраў участковых камісіяў, дапаўненьняў у працэдуру падліку галасоў», што ЦВК не ўпаўнаважаная зрабіць. Але пры гэтым адразу ж гаворыцца, што ў дапаможніках для сябраў участковых камісіяў палажэньні артыкула 55 Выбарчага кодэксу, які рэгулюе парадак падліку галасоў, «ня толькі ўзноўленыя, але і дэталізаваныя, што забясьпечвае іх выкананьне ўчастковымі камісіямі ў пасьлядоўнасьці і парадку, якія ўстаноўлены законам. Разьмеркаваньне абавязкаў паміж сябрамі камісіі ажыцьцяўляе яе старшыня».

Праваабаронцы лічаць, што гэта азначае, што ўсё ж ЦВК дэталізаваў працэдуру падліку і разьмеркаваў абавязкі сябраў участковых камісіяў, нягледзячы на агаворкі аб сваёй неўпаўнаважанасьці.

Што тычыцца атрыманьня заверанай копіі выніковага пратаколу, то Цэнтральная камісія зноў спаслалася на сваю «неўпаўнаважанасьць», адказаўшы, што гэта патрабуе рэглямэнтацыі Выбарчым кодэксам: цяпер у ім прапісана, што «назіральнік мае права вырабіць копію такога пратаколу сваімі сіламі і сродкамі. У адваротным выпадку заканадавец паказаў аб праве назіральніка атрымаць завераную копію названага дакумэнта і адпаведна аб абавязку старшыні камісіі выдаць завераную копію».

Адносна апублікаваньня ЦВК вынікаў з разьбіўкай па ўчастках адказ быў аналягічны — не прадугледжана законам. І наагул «прапановы аб прыняцьці Цэнтральнай камісіяй тлумачэньняў па трох пазыцыях, якія зьмяшчаюцца ў звароце, ня могуць быць выкананыя, паколькі яны па сутнасьці зьяўляюцца самастойнымі прававымі нормамі, якія прадугледжваюць зьмяненьне заканадаўства».

Адказ ЦВК камэнтуе старшыня РПГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Алег Гулак:

Алег Гулак

Алег Гулак

«Ня можа не зьдзіўляць, наколькі гнутка Цэнтральная камісія падыходзіць да разуменьня і выкарыстаньня Выбарчага кодэксу. Кодэкс жа пра выбары, а не пра выбіральнасьць...

То кіраўніцтва Цэнтральнай камісіі ўводзіць не прадугледжанае ВК правіла, напрыклад, што пазбаўленыя акрэдытацыі назіральнікі ўжо ня маюць права паўторна акрэдытавацца, то настолькі вузка трактуе свае паўнамоцтвы, што ніяк ня можа павысіць празрыстасьць выбарчага працэсу.

Згодна з артыкулам 33 Выбарчага кодэксу Цэнтральная камісія, сярод іншага:

3) дае тлумачэньні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, рэфэрэндуме, адклiканьнi дэпутата і члена Савета Рэспублікі ў мэтах яго аднастайнага прымяненьня;

5) ажыцьцяўляе кіраўніцтва дзейнасьцю выбарчых камісіяў, камісіяў па рэфэрэндуме, камісіяў па правядзеньні галасаваньня аб адклiканьнi дэпутатаў, заслухоўвае іх інфармацыю, аказвае гэтым камісіям мэтадычную і арганізацыйна-тэхнічную дапамогу;

6) пры неабходнасьці вырашае па сутнасьці пытаньні, якія адносяцца да кампэтэнцыі ніжэйстаячай камісіі...

Выбарчы кодэкс рэглямэнтуе працэдуру падліку галасоў, у ім толькі няма дакладнага апісаньня, якім спосабам члены камісіі павінны вызначыць колькасьць бюлетэняў за канкрэтнага кандыдата. Звыклая практыка, калі кожны сябра ўчастковай камісіі паралельна падлічвае толькі свой стос бюлетэняў, а атрыманы вынік на паперцы перадае старшыні. І ніхто з членаў камісіі, а тым больш назіральнікаў, ня можа быць упэўнены, што вынік на самой справе адпавядае рэчаіснасьці. Сваім дапаможнікам Цэнтральная камісія дала кіраўнічыя ўказаньні ўчастковым камісіям, што гэтую працэдуру вызначае яе старшыня. У такой сытуацыі адмову даць мэтадычныя ўказаньні ў межах дзеючага ўказаньня аб тым, што важна выкарыстоўваць такі спосаб падліку бюлетэняў, які дае давер да такога падліку, выглядае, мякка скажам, некаторай хітрасьцю...

Але, вядома, верх лібэралізму і сьціпласьці Цэнтральнай камісіі — гэта немагчымасьць запатрабаваць у падпарадкаваных ёй тэрытарыяльных камісіяў прадставіць ёй у электронным выглядзе (ці на папяровых носьбітах) дадзеныя па выніках галасаваньня з усіх участковых камісіяў. Вось бы толькі гэтыя каштоўныя якасьці ўжываліся ў адпаведнасьці з артыкулам 59 Канстытуцыі для забесьпячэньня правядзеньня сапраўды празрыстых выбараў, а не наадварот».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG