Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргей Кавалёў заклікае Захад супрацьстаяць расейскай «імпэрыі зла»


Сяргей Кавалёў

Сяргей Кавалёў

Пра цяперашнюю палітыку Захаду адносна Расеі на сайце расейскай службы Радыё Свабода піша Сяргей Кавалёў — расейскі праваабаронца, удзельнік праваабарончага руху ў СССР.

Я дазволю сабе некалькі заўвагаў аб цяперашнім палітычным курсе Захаду, у якім зьліліся разам яго сіла і слабасьць, калі хочаце, яго гонар і прадузятасьці.

Гісторыя маёй краіны, СССР, багатая на жорсткія, супрацьпраўныя, масавыя рэпрэсіі, на удзел у разьвіцьці міжнароднага палітычнага тэрарызму, на стварэньне новых таталітарных рэжымаў, на факты агрэсіі, на іншыя грубыя парушэньні фундамэнтальных прынцыпаў права. Цяперашняя Расея вярнулася да гэтай традыцыі.

Захад заняў выразную пазыцыю супраціву расейскай экспансіі. Гэта выклікае надзею, прытым адносна самых вострых глябальных праблем.

Ёсьць, аднак, і асьцярогі. Вось пра іх я і буду гаварыць.

Падставы для гэтай боязі — шырока распаўсюджаныя на Захадзе міталягічныя штампы. Яны вельмі эфэктыўна падтрымліваюцца містыфікатарамі з спэцыяльных падразьдзяленьняў ФСБ.

Адзін з галоўных мітаў: СССР вызваліў сьвет ад фашызму. Гэта няпраўда. Пасьля сярэдзіны XIX стагодзьдзя Расея, СССР, РФ ніколі нікога не вызвалялі. Толькі занявольвалі, уключаючы ўласнае насельніцтва.

Цар-вызваліцель, Аляксандр II, які адмяніў ў 1861 прыгоннае рабства, забіты тэрарыстамі, якія нахабна назвалі сябе «Народнай воляй».

Так, гітлераўская армія была патопленая ў савецкай крыві і заваленая савецкімі трупамі. Так, Эўропа і ЗША зрабілі менш, чым маглі і павінны былі б. Але гэта зусім іншае пытаньне. Вырашальны ўдзел у ваеннай перамозе зусім ня тоесны вызваленчай місіі. Дзяржаўныя матывы СССР былі непрыхавана процілеглыя вызваленьню. Жыхарам Усходняй Эўропы і Нямеччыны, якія перажылі двух тыранаў, трэба было б гэта добра разумець.

Існуе і іншы небясьпечны пункт гледжаньня, быццам расейскае барбарства ёсьць выключна ўнутраная справа Расеі. Гэта ня так. У цяперашнім шчыльным, узаемазалежным сьвеце ўсе сур’ёзныя праблемы сталі глябальнымі, яны закранаюць усіх. Расейскія (і ня толькі расейскія) таталітарныя тэндэнцыі багатыя катастрафічнымі наступствамі для ўсяго сьвету. Што рабіць з гэтым выклікам, па-мойму, ня ведае ніхто. Але вельмі многія добра разумеюць: не прыняць яго сорамна і небясьпечна.

Добра, мы ня ведаем, што рабіць, каб унівэрсальныя каштоўнасьці сталі інструмэнтам, а ня лёзунгам. Але мы абавязаныя хаця б ведаць, чаго нельга рабіць. Нельга патураць агрэсару, нельга расплачвацца за ўласную бясьпеку, тым больш за прыродны газ, чужымі жыцьцямі і лёсамі. Амаральная абыякавасьць палітычнай прагматыкі — ганебная спадчына Мюнхэнскага пакту і Ялцінскіх пагадненьняў. Даўно пара выкараніць гэтую спадчыну.

На жаль, дэфіцыт палітычнай волі гасіць добрыя намеры Захаду. Расейская экспансія на Каўказе выявіла яскравыя прыклады заходняй «непамятлівасьці». Кожны этап гэтай экспансіі сустракаў непадробнае абурэньне Захаду. Гэта і жорсткія этнічныя чысткі пачатку 1990-х у Абхазіі, справакаваныя расейскімі «міратворцамі». І вокамгненная вайна 2008 году, якая завяршылася стварэньнем расейскіх сатэлітаў на тэрыторыі Грузіі. Але абурэньне гэтае не выклікала адчувальнай актыўнасьці ў абарону права і гуманітарных каштоўнасьцяў і згасала вельмі хутка.

У тым самым шэрагу шматгадовая невыразная, безвыніковая валтузьня Рады Эўропы вакол расейскіх дзеяньняў у Чачні.

Цяпер прыйшла чарга Ўкраіны.

Падобна на тое, што і анэксія Крыму амаль ужо забытая міжнароднай грамадзкасьцю. Эўрапейскія палітыкі адтэрмінавалі выкананьне некаторых важных пунктаў пагадненьня з Украінай, а Эўрапарлямэнт у свой час не аспрэчыў гэтага рашэньня. Кажуць, яно не прынясе эканамічнай шкоды Ўкраіне і ня дасьць Расеі эканамічных перавагаў. Але Расея іх і не шукае, яна проста не пускае Ўкраіну ў Эўропу. Расея будзе інтэрпрэтаваць і выкарыстоўваць адтэрміноўку на паўтара года як саступку свайму ціску. А прамысловасьць спустошанай Украіны за гэты час ня стане канкурэнтаздольнай.

У свой час Захад уявіў, быццам халодная вайна завяршылася разбурэньнем Бэрлінскага муру. Гэта ня так. Расея толькі ўзяла перадышку. Паспрабуйце ўявіць сабе пасьляваенную Нямеччыну, дзе захавалася ў недатыкальнасьці гестапа. Або падпалкоўніка «Штазі» на пасадзе канцлера Нямеччыны. Вось гэта і будзе Расея, зь якой вы шукаеце партнэрства і паразуменьня. Пакуль яе можна толькі прымусіць весьці сумленную гульню, а ўгаварыць — нельга (заўважу, «прымус да міру» — прынятае ААН паняцьце).

Шмат хто гатовы на саступкі, сьцьвярджаючы, што пацук, загнаны ў кут, небясьпечны. Гэта так. Але памятайце: пацук — хоць у куце, хоць пакінуты ў спакоі — усё роўна застаецца магутным натуральным рэзэрвуарам чумы. Гэтай чуме ўжо хутка стагодзьдзе. Гэтая чума гадамі зьнішчала людзей і вынішчыла мільёны. Выбар невялікі — барацьба з чумой, альбо, словамі Пушкіна, «баль падчас чумы».

Пяць гадоў таму Эўрапейскі парлямэнт уганараваў маіх таварышаў і мяне званьнем ляўрэатаў прэміі імя Сахарава, і я хацеў бы, каб гэтая нататка стала свайго роду адкрытым лістом Захаду. Я блізка ведаў Андрэя Дзьмітрыевіча. Я ўпэўнены, што і сёньня ён заклікаў бы цывілізаваны сьвет рашуча і пасьлядоўна супрацьстаяць свавольству. Я не вазьмуся абмяркоўваць тут канкрэтныя крокі па падтрымцы ахвяраў расейскай экспансіі. У якасьці гістарычнага прыкладу працяглых і пасьпяховых намаганьняў у абарону дэмакратыі спашлюся толькі на лэнд-ліз і плян Маршала.

Сёньня супрацьстаяньне «імпэрыі зла» патрабуе гранічнага напружаньня сілаў, пасьлязаўтра яно можа аказацца безнадзейным.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG