Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расеі ёсьць што ўтойваць», — апытаньне ў Магілёве


На месцы катастрофы

На месцы катастрофы

Магілёўцы пра вэта Расеі ў справе стварэньня міжнароднага трыбуналу ААН ў справе зьбітага над Данбасам «Боінга».

На пытаньне Свабоды «Як вы лічыце, чаму Расея выступіла супраць стварэньня міжнароднага трыбуналу па расьсьледаваньні зьбіцьця лайнэра над Данбасам?» адказвалі жыхары Магілёва.

— Я мяркую, што ў яе рыльца ў пушку. Што там адбылося насамрэч, відаць, даведаюцца толькі нашы нашчадкі, але цяпер можна зрабіць толькі адну выснову: рыльца ў пушку.

— А ліха яго ведае. Ня хочацца нагаворваць на расейскі бок, але, відаць, у яго ёсьць свае прычыны. Але ж, калі лягічна паразважаць, то ім ёсьць, відаць, што ўтойваць.

— Бо сама і зьбіла. Што тут думаць? Яна ўвесь час кажа, што ня мы. Паглядзіце на расейскую гісторыю: у ёй пастаянна яны кажуць, што ня мы.

— Па-мойму, наадварот — гэта Расея выступала за стварэньне міжнароднага трыбуналу. Вы нешта блытаеце. Пару тыдняў таму я слухаў навіны, і там Расея настойвала на міжнародным трыбунале, а нехта з эўрапейцаў выступаў супраць. Цяпер ня ведаю, што зьмянілася. Трэба спраўдзіць.

— А мо таму, што там Расея замешана, таму і ня хоча. Гэта ж складанае пытаньне, вы ж разумееце.

— А што, Расея супраць? А я быў перакананы, што яна за тое, каб разглядаў гэтае пытаньне трыбунал. Я, чэсна кажучы, нават ня ведаю, чаму. Яны павінны былі. Усё да гэтага ішло.

— Бо для Расеі там смажаным пахне.

— Бо Расея, як заўжды, спрабуе паказаць, што яна моцная дзяржава. Але, хутчэй за ўсё, яна сама і вінаватая.

— Яна мела рацыю. Яе не дапусьцілі да расьсьледаваньня разам зь іншымі трыма дзяржавамі. І яна не магла ніяк кантраляваць ход гэтага расьсьледаваньня, падаць свае доказы.

— Калі чэсна, то я ня ведаю адказу на гэтае пытаньне. Мо баіцца падтасоўкі фактаў. Мінула колькі часу ўжо, і цяпер можна намаляваць што заўгодна.

— Калі лічыць, што яны хаваюць тое, што самі вінаваты, дык гэта будзе дужа просталінейна. Я так думаю, што яны ня хочуць, каб стала традыцыяй, што ўсе расьсьледаваньні праводзіў міжнародны трыбунал. Я імкнуся апраўдаць Расею.

— Мабыць, і яна была вінаватая ў гэтым.

— Чуў, што над Украінай быў зьбіты лайнэр і што ёсьць падазрэньне, што ён зьбіты ўкраінскай ракетай. Але цяпер вынікае, што ў Расеі ёсьць сумнеў, што менавіта ўкраінскай ракетай зьбіты.

XS
SM
MD
LG