Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cуд над Саўчанкай: адвакаты просяць перанесьці працэс у Маскву


Украінская лётчыца Надзея Саўчанка на судзе над ёй распавяла, як яе везьлі з Масквы ў Новачаркаск. Адвакаты спрабуюць вярнуць суд у сталіцу. Падрабязнасьці — ў рэпартажы карэспандэнта Свабоды.

У горадзе Данецк Растоўскай вобласьці сёньня пачаліся закрытыя папярэднія слуханьні па справе Надзеі Саўчанкі, якую абвінавачваюць у забойстве двух расейскіх журналістаў, замаху на жыцьцё некалькіх жыхароў Луганскай вобласьці, якія маглі пацярпець у выніку скарэкціраванага ёю артабстрэлу, а таксама ў незаконным перасячэньні расейскай мяжы. На сёньняшнім пасяджэньні суд вызначыць дату пачатку слуханьняў па сутнасьці, а таксама разгледзіць хадайніцтвы абароны аб прыцягненьні да працэсу прысяжных і пра перанос яго ў Маскву.

Як паведаміў журналістам адвакат Саўчанкі Ільля Новікаў, ён падаў хадайніцтва аб зьмене падсуднасьці справы ў Растоўскі абласны суд. Паводле яго словаў, задаволіць гэтае хадайніцтва будзе для суду «пытаньнем здаровага сэнсу». Пытаньне, спадзяецца Новікаў, будзе вырашанае сёньня. Іншы адвакат, Марк Фейгін, адзначыў у чацьвер, што ў Данецку Саўчанка ня зможа карыстацца консульскай падтрымкай. Акрамя таго, менавіта ў Маскве жывуць пацярпелыя, сваякі расейскіх журналістаў, і большасьці сьведкаў да Масквы дабрацца бясьпечней і прасьцей, чым да памежнага Данецку.

Надзея Саўчанка сваёй віны не прызнае. Адвакаты сьцьвярджаюць: іх падабаронная, яшчэ да пачатку мінамётнага абстрэлу, пад якім апынуліся журналісты ВГТРК, трапіла ў палон да баявікоў самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі», а затым у выніку змовы сэпаратыстаў і расейскіх спэцслужбаў была незаконна ўвезеная ў Расею.

Данецкі гарадзкі суд (Растоўская вобласьць)

Данецкі гарадзкі суд (Растоўская вобласьць)

Данецкі гарадзкі суд — невялікі акуратны будынак са сьвежым рамонтам, белымі сьценамі, кандыцыянэрамі і кулерамі з вадой для наведвальнікаў, устаноўленымі у фае на першым паверсе. Тут усяго пяць заляў судовых пасяджэньняў, але з нагоды разгляду справы Саўчанкі адзін зь іх гатовыя аддаць журналістам, якіх, як тут упэўненыя, асноўная заляа зьмясьціць не зможа. З асноўнай залі ў суседнюю будзе наладжаная відэатрансьляцыя.

Зрэшты, у чацьвер пасяджэньне праходзіць за зачыненымі дзьвярыма (звычайная працэдура для папярэдніх слуханьняў у расейскіх судах), так што гісторыя з трансьляцыяй будзе актуальная пазьней, калі справу пачнуць разглядаць па сутнасьці. Пакуль жа ў Данецку ня так шмат журналістаў. Па словах прэсавай сакратаркі суду Тацьцяны Дзіевай, яна атрымала каля 30 заявак на акрэдытацыю ад журналістаў, якія пажадалі асьвятляць пачатак слуханьняў па справе Саўчанкі.

Сама Надзея Саўчанка да сёньняшняга зьяўленьня ў судзе знаходзілася ў Новачаркаскім сьледчым ізалятары № 3. Гэта за 150 кілямэтраў ад месца, у якім яе зьбіраюцца судзіць. Мясцовыя журналісты называюць Новачаркаскі СІЗА «расстрэльным», ці то з-за таго, што раней сюды адпраўлялі «сьмяротнікаў» — там, напрыклад, чакаў прысуду Андрэй Чыкаціла, ці то таму, што калісьці тут сядзелі ўдзельнікі расстралянага ў 1962 годзе страйку работнікаў. Лічыцца, што Новачаркаскі сьледчы ізалятар ахоўваюць асабліва старанна. Па словах упаўнаважанага па правах чалавека Растоўскай вобласьці, умовы ўтрыманьня Надзеі Саўчанкі «больш чым прымальныя», але адвакаты зьвяртаюць увагу на надзвычайную аддаленасьць ізалятара ад суду: па меншай меры непрактычна вазіць падсудную штодня на адлегласьць у 300 кілямэтраў, прытым што найбліжэйшы да Данецку сьледчы ізалятар ёсьць у Каменск-Шахцінскім, гэта значыць усяго за 33 кілямэтры ад суду.

Па словах адваката Мікалая Полазава, Саўчанка, якую абарона ўбачыла сёньня ўпершыню за два тыдні, выглядае і адчувае сябе нармальна. Саўчанку, па яе ўласных словах, тры дні везьлі ў «сталыпінскім вагоне» з Масквы ў Варонеж. У Варонежы яе трымалі яшчэ суткі, пасьля чаго перавезьлі ў Новачаркаск. Там яна зьмяшчаецца ў адзіночнай камэры, з выгодамі і гарачай вадой, што ёсьць у гэтым СІЗА не ва ўсіх зьняволеных.

У самым Данецку пра справу Саўчанкі ведаюць пераважна са словаў карэспандэнтаў цэнтральных каналаў расейскага тэлебачаньня.
«Быццам ваенная ўкраінская, кагосьці там падстрэліла... Чаму яе да нас судзіць прывезьлі, не ведаеце? — Пытаецца мяне мясцовы жыхар, таксіст Генадзь, і тут жа заключае: — А і добра, хоць падпрацуем».

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Саўчанка незаконна перайшла расейскую мяжу. Адвакаты кажуць, што яе скралі.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Саўчанка незаконна перайшла расейскую мяжу. Адвакаты кажуць, што яе скралі.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, судзіць Надзею Саўчанку ў Данецку вырашылі таму, што менавіта тут, у раёне пункта пропуску «Данецк — Ізварына», яна, як сьцьвярджаюць сьледчыя, летам мінулага году незаконна перайшла расейскую мяжу. Гэта адзін з эпізодаў абвінавачваньня.

Надзея Саўчанка абвінавачваецца таксама ва ўчыненьні наступных злачынстваў, прадугледжаных Крымінальным кодэксам РФ: забойства дзьвюх і больш асобаў, замах на забойства дзьвюх і больш асобаў агульнанебясьпечным спосабам, па матывах нянавісьці да сацыяльнай групы, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове, і незаконнае перасячэньні мяжы Расейскай Фэдэрацыі.

На думку сьледзтва, сацыяльная група, якую «ненавідзела» Саўчанка, — гэта «жыхары Луганскай вобласьці». Акрамя гэтага, як лічаць сьледчыя, падчас баявых дзеяньняў пад Луганскам ў чэрвені 2014 году Надзея Саўчанка ў якасьці апэратара-наводчыка верталёта Мі-24 перадала украінскім вайскоўцам каардынаты здымачнай групы расейскіх журналістаў кампаніі ВГТРК. Ахвярамі мінамётнага абстрэлу сталі рэпарцёры Ігар Карнялюк і Антон Валошын.

Максымальнае пакараньне, якое можа атрымаць Надзея Саўчанка, — 25 гадоў пазбаўленьня волі. Яе адвакаты спрабавалі дамагчыся разгляду яе справы судом прысяжных. З-за калізіі законаў, цяпер у Расеі для жанчын такая форма судаводства недаступная ў прынцыпе: на суд прысяжных могуць разьлічваць толькі тыя, каму пагражае пажыцьцёвае пазбаўленьне волі, а такое пакараньне ў Расеі жанчынам прызначаць забаронена. Абарона Надзеі Саўчанка тым ня менш мае намер падчас папярэдніх слуханьняў у Данецкім судзе ізноў хадайнічаць аб разглядзе яе справы з удзелам прысяжных. Яшчэ адным абавязковым хадайніцтвам абароны стане просьба аб зьмене для Надзеі Саўчанкі меры стрыманьня на любую, не зьвязаную з утрыманьнем пад вартай.

XS
SM
MD
LG