Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: «Беларускі ўрад павінен расслабіцца і атрымліваць задавальненьне»


Леанід Заіка

Леанід Заіка

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка, камэнтуючы паказчыкі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі за першыя шэсьць месяцаў 2015 году:

«Сытуацыя разьвіваецца штатна, як кажуць касманаўты. Справа ў тым, што сама траекторыя беларускай эканомікі крызісная. Мы выходзім на пункт перагіну — клясычны крызіс адноснай перавытворчасьці тавараў, які быў апісаны яшчэ ў XIX стагодзьдзі. На мой погляд, тут усё адбываецца абсалютна заканамерна».

На думку эканаміста, самі па сабе лічбы, якія дае Белстат — гэта зусім не галоўнае. Паводле Заікі, падзеньне ВУП на 3,3% у сёньняшніх умовах — гэта ня шмат, а падзеньне прамысловай вытворчасьці на 7,4% — нават добра, бо такім чынам прадпрыемствы перастаюць выпускаць непатрэбныя тавары і забіваць склады.

«У гэтых умовах трэба змагацца ня з крызісам, а абнаўляць вытворчасьць, займацца праграмамі стварэньня новых відаў тавараў, новых відаў паслуг. Гэта значыць — рэструктурызаваць кіраваньне і намэнклятуру тавараў, якія выпускаюцца ў краіне. На цяперашняй фазе важная і рэструктурызацыя працоўнай сілы — гэта значыць, вызваленьне прадпрыемстваў ад лішніх рабочых і стварэньне новых працоўных месцаў. Але ў нас усё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот. Мы спрабуем зноў выціскаць сацыялістычны лімон і дамагацца нейкіх высокіх паказчыкаў — а гэта абсалютнае глупства! Урад неадэкватна ўспрымае сытуацыю, урад спалоханы. Наколькі ясна з заяў, урад будзе старацца нешта зрабіць у другім паўгодзьдзі, каб выйсьці на станоўчыя паказчыкі. А рабіць гэтага ня трэба — урад павінен расслабіцца і атрымліваць задавальненьне», — кажа экспэрт.

Што тычыцца падзеньня аб’ёмаў экспарту беларускіх тавараў і паслуг на 25,9%, то, на думку Заікі, гэта вынік няслушнага выбудоўваньня экспарту па монасыравіннай або монатаварнай прыкмеце:

«Шмат якія мэханізмы былі закладзеныя з-за таго, што была няправільная арыентацыя на перапрацоўку нафты. Нафта цяпер таньнее, нафтапрадукты робяцца таньнейшыя. А гэта закладалася з канца 90-х гадоў. Тады гэта была сусьветная радасьць — сесьці на расейскую нафтавую трубу, перапрацоўваць нафту, вылупліваць вочы і прадаваць дарагія нафтапрадукты за мяжу. У нас 40% усяго аб’ёму экспарту прыпадала на нафтапрадукты. Яны маглі б займаць 10–15%, але ня 40%. Мне неаднаразова даводзілася пісаць, што гэта вельмі небясьпечна, што гэта аднабокая залежнасьць ад нафтавай нішы рынку. То бок гэта была абсалютна непрыдатная палітыка. Было жаданьне нахапаць болей нафты, прадаць яе, а потым сядзець, усьміхацца і гаварыць пра заробак у 1000 даляраў», — кажа кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія».

Сёньняшнія паказчыкі беларускай эканомікі сур’ёзна разыходзяцца з прагнозам сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2015 год. Але навошта ўлада зацьвердзіла такія паказчыкі? Няўжо ніхто не разумеў, што іх немагчыма будзе выканаць? На думку Заікі, неадэкватны сацыяльна-эканамічны прагноз — гэта вынік таго, што ніхто ва ўрадзе ня можа ўзяць на сябе адказнасьць за сытуацыю ў эканоміцы.

«Ва ўрадзе няма чалавека, які можа на сябе ўзяць адказнасьць. Яны сядзяць, шчокі разьдзімаюць і самазабыўна слухаюць Лукашэнку. А Лукашэнка патрабуе ад іх: давайце больш пазытыву, давайце плюсы. Няма такога, каб прыйшлі да яго 2–3 чалавекі і сказалі: „Аляксандар Рыгоравіч, гэта мура, ніякі плюс не патрэбны, трэба змагацца за глыбокую рэструктурызацыю эканомікі, пачынаць новую эканамічную палітыку, закладаць новую стратэгію бізнэсу...“ Час крызісу — гэта час стварэньня новай эканомікі, і гэтым трэба займацца. Але яны ж усе слабенькія, яны ўсе троечнікі, вучыліся дрэнна ў інстытутах. Чаго ад іх можна было чакаць? Яны толькі і робяць, што ядуць вачыма начальства. Вось і атрымліваецца такі вынік», — адзначае экспэрт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG