Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Замаскаваны беларус» з Крывога Рогу


Дзьмітро Шчарбіна

Дзьмітро Шчарбіна

Так жартам называюць на радзіме ўкраінца Дзьмітра Шчарбіну. А ён і ў Беларусі ніколі ня быў, беларускіх каранёў ня мае і ўсё жыцьцё пражыў у сваім родным Крывым Рогу на Днепрапятроўшчыне. Яшчэ са школы ён захапляецца беларускай літаратурай, а нядаўна пераклаў і выдаў па-ўкраінску кнігу прыпавесьцяў Васіля Быкава «Байки світові». Сёньня Дзьмітро — госьцем «Вольнай студыі».

— Дзьмітро, як усё пачалося? Калі вы ўпершыню заняліся перакладамі зь беларускай літаратуры?

— Мабыць, недзе ў шаснаццаць-сямнаццаць гадоў. Тады, навучаючыся ў апошніх клясах школы, а пасьля ва ўнівэрсытэце, я пераклаў на ўкраінскую мову паасобныя хрэстаматыйныя вершы беларускіх, расейскіх і польскіх паэтаў. На жаль, мой студэнцкі сшытак зь перакладамі не захаваўся. А потым быў доўгі перапынак — ажно да 2007 году, калі ва ўкраінскім часопісе замежнай літаратуры «Всесвіт» зьявіўся мой пераклад прыпавесьці Васіля Быкава «Тры словы нямых». Са студэнцкіх перакладаў па памяці мне ўдалося аднавіць толькі «До ворогів усього білоруського» («Ворагам беларушчыны») Янкі Купалы і лермантаўскага «Паэта» («Отделкой золотой блистает мой кинжал», у маім перакладзе — «Зоріє мій кинджал в оздобі золотій»).

Вокладка

Вокладка

— Я чуў, як на ўкраінскім радыё вас назвалі «замаскаваным беларусам». Як вам удалося — гэта адчуваецца па вашых перакладах, па вашай вуснай мове — так дасканала вывучыць беларускую?

— Беларускую мову ўпершыню я пачуў недзе ў сем гадоў. Вось з таго часу яна і захапіла мяне. У хатняй бібліятэцы я адшукаў ажно дзьве кнігі па-беларуску: «Жывапіс Беларусі» і «Слова аб палку Ігаравым» (трохмоўнае выданьне). А так чытаў на беларускай мове ўсё, што трапляла ў рукі: і «Зьвязду», і «Вожык», і нават зрэдку «Полымя» і «Маладосьць». Калі ўжо стаў больш дарослым, то пачаў слухаць Радыё Свабода. Заўсёды слухаў украінскія ды беларускія праграмы, якім ня здрадзіў і дагэтуль. Сёньня ўжо літаратуру, часопісы, газэты і проста жывамоўныя допісы можна знайсьці ў сеціве, але апошнім часам чытаю няшмат, бо маю праблему з вачыма. Пішу па-беларуску лепш, чым размаўляю. Не стае, вядома ж, практыкі. Але калі пішаш, то засяроджваесься на думках і забываесься пра ўсё на сьвеце. Моцна дапамагаюць, вядома ж, і слоўнікі.

— Думаю, кожны беларус разумее ўкраінскую. Але вольна размаўляць — гэта зусім іншая ступень веданьня мовы. Як вы без дастатковай моўнай практыкі змаглі так добра засвоіць усе нашы звонкія «дзе» і густыя «чаго»?

— На мой погляд, украінцу няцяжка авалодаць беларускай арфаэпіяй. Гук «дз» таксама ёсьць ва ўкраінскай мове. Ён вымаўляецца ў такіх словах, як «дзеркало», «кукурудза», «дзвінок» ды інш. Ды і гук «ч» ва ўкраінскай мове цьвёрды, як і ў беларускай. Хоць, ваша праўда, не такі густы. Калі я, дзякуючы радыё і тэлебачаньню, меў магчымасьць чуць натуральных носьбітаў беларускай мовы, заўсёды ўважліва прыслухоўваўся да іх гаворкі, да песень. Слухаў на «Свабодзе» шмат аўтарскіх чытаньняў, скажам, «Доўгую дарогу дадому» Васіля Быкава. Калі зьявіўся інтэрнэт, то прачытаў шмат алічбаваных падручнікаў і дапаможнікаў па беларускім вымаўленьні, праглядзеў на «Белсаце» амаль усе выпускі праграмы «Моўнік», шмат дакумэнтальных і мастацкіх фільмаў (арыгінальных ці агучаных па-беларуску). Сёньня сачу за матэрыяламі сайтаў «Моваведа» і «Мова нанова». Калі нешта перакладаю, то заўсёды чытаю сабе ўголас і арыгінальны тэкст, і пераклад. Але, вядома ж, гэтага замала. Вельмі хацелася б чуць жывую гаворку, слухаць, напрыклад, як размаўляюць дзеткі, каб лягчэй было пераствараць па-беларуску дзіцячыя дыялёгі.

— Давайце пагаворым пра вашы пераклады з Быкава. Быкаў і Ўкраіна — вялікая і цікавая тэма. З Украіны ён пайшоў на вайну, ва Ўкраіне ён «загінуў» на Кіраваградчыне, ва Ўкраіне быў адкрыты першы музей Быкава, яшчэ пры жыцьці пісьменьніка, найлепшую экранізацыю Быкава зрабіла ўкраінка Ларыса Шапіцька... Вы падступаліся да Быкава, ведаючы ўсё гэта, ці вас цікавілі выключна ягоныя тэксты?

Быкаў ніколі не ганяўся ні за мэдалямі, ні за іншымі ўзнагародамі, гэта сапраўдны народны пісьменьнік.

— З творчасьцю Быкава я пазнаёміўся яшчэ ў школе. Зацікавіўся. Тады ж у прадмове да нейкага выданьня прачытаў і біяграфію Васіля Ўладзімеравіча. Ягоныя творы, прысьвечаныя вайне, прыкметна вылучаліся сярод савецкай літаратуры такога кшталту. Там не было ні патасу, ні бравады, якімі грашыла большасьць савецкіх пісьменьнікаў. Пісьменьнік паказаў усё такім, як было насамрэч. Ва ўсіх творах ён заставаўся самім сабой. Быкаў ніколі не ганяўся ні за мэдалямі, ні за іншымі ўзнагародамі, гэта сапраўдны народны пісьменьнік. Ён падарыў сусьветнай літаратуры непераўзыдзеныя творы пра ваеннае ліхалецьце, якое закранула яго самога, маладога яшчэ хлопца, што стаяў на парозе жыцьця, меў пляны на будучыню і вялікае, неадольнае жаданьне вучыцца. Таму, падступаючыся да творчасьці Быкава ўжо як перакладчык, я добра ведаў, што Васіль Уладзімеравіч бараніў Украіну і нават браў удзел у баях за мой родны горад Крывы Рог. Ведаў я і пра цудоўны фільм Ларысы Шапіцькі «Ўзыходжаньне», што, як і большасьць іншых рэалістычных твораў мастацтва, быў бы, хутчэй за ўсё, забаронены за савецкім часам, калі б у сытуацыю асабіста не ўмяшаўся першы сакратар ЦК КПБ Пятро Машэраў.

— Вы перакладаеце ня толькі прозу, але і паэзію. Каго зь беларускіх паэтаў вы перастварылі па-ўкраінску?

Шмат вершаў Рыгора Крушыны і Ўладзімера Някляева, паасобныя вершы Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна, Анатоля Вярцінскага, Аркадзя Куляшова, Сяргея Законьнікава ды іншых паэтаў. Пасьля доўгага перапынку, пра які я ўжо згадваў, першым паэтычным перакладам стаў верш Крушыны «Пэлікан». Потым былі «Рамяство» і «Жаўна» Някляева, «Я фільм глядзеў — там Спартака расьпялі...» Вярцінскага ды інш.

— Давайце паслухаем, як гучыць беларуская паэзія па-ўкраінску ў перакладзе Дзьмітра Шчарбіны. Што вы прачытаеце?

Верш Уладзімера Някляева «Калі пісаць...», прысьвечаны вялікай беларусцы — Ларысе Геніюш.

На вулиці Церковній оселитись,
Де поруч храм, де близько — помолитись.
Хоч Бог є скрізь... А де його нема —
І храм не допоможе. Там тюрма.

Там — смоляна на білім — Воркута,
Кругом Гулагу — з дроття груба павоть,
Мерзлота вічно тиха і пуста,
І щира Сповідь площину кривавить.

Там — над земним — небесний храм постав —
Готична подобизна кипариса.
І в нім не служка Божий сповідав,
А сам Господь — стражденницю Ларису.

«Ти волю, Боже, дав мені, й тюрму.
Я прийняла... і все прийму, що буде», —
Вона казала так лише йому,
Щоб через нього щось почули люди.

Хай лю́дський світ від себе сам оглух,
Нехай ніхто нікого вже не чує, —
А Бог почув...
І постелив їй пух
На оболоках, де вона ночує.

Хай спить, хай спить... — і церкву снить святу,
І Зельву, що купається в бузкові,
І — смоляну на білім — Воркуту,
Де письмена поверх снігів багрові.

Хай спить, хай спить... Коли несила жить,
Вона жила — і Бог за нею сплакав...
На тому небі, де вона лежить,
Хрест, аж до хмар сягаючи, надряпав:

Коли писати, то вже так, немов
Грімницю по грімниці слати в битві,
Неначе з вени в вену лити кров...
Так, мов тонути в сповіді й молитві.

— Выдатны пераклад, які захаваў дух і літару арыгіналу. Вы, Дзьмітро, прадстаўнік рэдкага віду «падвойных перакладчыкаў» — перакладаеце яшчэ і з украінскай на беларускую. Нядаўна ў часопісе «Верасень» былі апублікаваныя вашы пераклады вершаў Ліны Кастэнкі. Наколькі цяжэй Вам даюцца пераклады менавіта на беларускую?

— Цяжэй даюцца першыя радкі. Асабліва пасьля таго, як доўгі час не сутыкаўся зь беларускімі тэкстамі і ня меў магчымасьці паслухаць радыё ці паглядзець нейкую праграму. Вось тады сапраўды адчуваеш цяжкасьці. Але хутка іх пераадольваеш, калі вяртаесься да перакладу, калі зноўку пачынаеш гартаць слоўнікі, слухаць радыё, глядзець відэа.

— Прыйшла пара паслухаць, як у вашых перакладах гучыць украінская клясычная паэзія.

— Першым маім беларускім паэтычным перакладам была «Прыпавесьць пра раку» Ліны Кастэнкі, перад творчасьцю якой я нізка схіляю галаву. Па-беларуску я перастварыў і некалькі вершаў Дзьмітра Паўлычкі, сярод якіх вядомы санэт «Калі памёр крывавы Тарквэмада». Яркім прадстаўніком пакаленьня ўкраінскіх шасьцідзясятнікаў зьяўляецца Васіль Стус, жыцьцё якога цесна зьвязана з акупаваным сёньня Данбасам. Стусава паэзія, як і проза Васіля Быкава, калі можна так сказаць, зноўку змабілізаваныя на службу ўкраінскаму народу. Гэты верш Стуса, на маю думку, павінен быць дэвізам кожнага ўкраінца і кожнага беларуса.

Трывай, трывай — трываньне дух гартуе,
шліфуе нораў, звычаі твае.
Ніхто цябе зь бяды не паратуе,
ніхто й з дарогі ўласнай не саб’е.
На ёй і стой, і стой ажно да скону,
па век вякоў трывала стой і стой.
Хай шлях у пекла, рай, ціскі палону —
трымайся ўзбоч ад роспачы і мрой.
Масьці свой шлях — той, што тваім назваўся,
той, што абраў цябе да схілу дзён.
Адмалку ты яму наканаваўся,
табе ад Бога суджаны быў ён.

— Штодня расейскія тэлеканалы паказваюць нам страшныя сюжэты пра тое, як украінская армія ваюе з уласным народам. Часта выступаюць з асуджэньнем дзеяньняў Кіева расейскія дзеячы культуры. Вось нядаўна і вядомы артыст і рэжысэр Алег Табакоў назваў украінцаў «убогімі», украінскую літаратуру «другасортнай» у параўнаньні з расейскай, а ў якасьці прыкладу такой «убогасьці» прывёў... Элізу Ажэшку. Як вы ўспрымаеце падобныя выказваньні?

Украінская, беларуская, польская — для дзеячоў кшталту Табакова ўсе гэтыя культуры другасныя.

Намагаюся не зьвяртаць на іх увагі. Заўсёды ў імпэрыях і посткаляніяльных краінах ёсьць людзі зь імпэрскім мысьленьнем. Яны лічаць, што ўсё найлепшае ствараецца ў мэтраполіі, а нацыянальныя ўскраіны самі па сабе ні да чаго ня здольныя. Ім, маўляў, наканавана заўсёды быць толькі сатэлітамі. Без мэтраполіі яны прападуць.
Сваім выказваньнем Табакоў якраз і пацьвердзіў, што належыць менавіта да гэтай катэгорыі людзей. Яму было ўсё адно, каго назваць. Абы не расейца. Украінская, беларуская, польская — для дзеячоў кшталту Табакова ўсе гэтыя культуры другасныя. Такім людзям заўсёды жывецца вельмі ўтульна пры ўсякай уладзе. Абы яна была моцнай і не абыходзіла ўвагай сваіх прыдворных. А яны ўжо пастараюцца дзеля яе: і прыстасуюцца, дзе трэба, і зробяць усё, што загадае правадыр. Трэба выканаць ролю прыдворнага блазна альбо вяшчальніка — калі ласка. Вядома ж, было б вельмі дзіўна пачуць такія выказваньні ад тых людзей, якія і за савецкім (імпэрскім) часам мелі сваю творчую індывідуальнасьць, якія і тады не мірыліся з шэрасьцю, зашоранасьцю, цэнзурай і нават са злачынствамі ўладаў. А ад тых, хто ўсё жыцьцё служыў спачатку гаспадарам, сабе і толькі потым мастацтву ды людзям, можна і не такое пачуць.

— Ваша дзейнасьць заслугоўвае падвойнай удзячнасьці, паколькі яна бескарысная, па сутнасьці валянтэрская. Што вы яшчэ плянуеце перакласьці?

— Хацеў бы працягнуць працу над перакладамі паэзіі Ліны Кастэнкі, Уладзімера Някляева і Рыгора Крушыны, бо ў гэтым годзе, на жаль, я амаль не перакладаў іхніх вершаў. А яшчэ мне вельмі хочацца паспрабаваць перакласьці некалькі паэмаў: з украінскай на беларускую і зь беларускай на ўкраінскую. Разумею, што гэта цяжкая, руплівая праца і вялікая адказнасьць. Трэба жыць гэтымі творамі ня дзень, ня два і нават ня месяц. І адклад тут не ідзе ў лад. Маю сумны досьвед перастварэньня з польскай вялікага раману. Ён і дагэтуль ляжыць няскончаны ў маёй шуфлядзе. А яшчэ хочацца перакласьці творы Васіля Быкава, нядаўна выдадзеныя ў Беларусі ў бесцэнзурным выглядзе. Але гэта, відаць, далёкая пэрспэктыва.

Дзьмітро Шчарбіна нарадзіўся ў 1976 г. у Крывым Рогу (Украіна), дзе і жыве. Закончыў Днепрапятроўскі нацыянальны ўнівэрсытэт, па спэцыяльнасьці — інжынэр. Перакладае прозу і паэзію. У 2013 г. у Луганску ў яго перакладзе выйшла кніга прыпавесьцяў Васіля Быкава «Байки світові».

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG