Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі пачынаюць судзіць Надзею Саўчанку


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

30 ліпеня ў горадзе Данецку Растоўскай вобласьці Расеі пачынаецца суд над украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай. Адвакаты ўкраінскай лётчыцы і яе сястра Вера Саўчанка ня вераць у справядлівасьць расейскага правасудзьдзя.

Прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны ня змогуць трапіць у залу судовых пасяджэньняў. Між тым Генпракуратура Ўкраіны выставіла падазрэньні семярым расейцам у зьдзяйсьненьні злачынстваў супраць Надзеі Саўчанкі.

Папярэднія слуханьні правядуць у закрытым рэжыме Як паведаміў у сваім Twitter адзін з адвакатаў Саўчанкі Марк Фейгін, слуханіні пачнуцца ў 11:00 па мясцовым часе.

Паводле яго слоў, абарона ўкраінкі рыхтуе шэраг хадайніцтваў ў суд.

«Паспрабуем, нягледзячы на атрыманыя адмовы, зьмяніць падсуднасьць. Мы павінны вырашыць шэраг вельмі істотных пытаньняў, напрыклад, па наведваньнях Саўчанкі — цяпер для яе наведваньняў неабходна рашэньне суду. І самае галоўнае, гэта на якую дату будзе прызначанае першае адкрытае судовае слуханьне. У нас з гэтай нагоды ёсьць свае меркаванні, якія мы пакуль не хочам публікаваць», — сказаў Фейгін расейскаму агенцтву ТАСС.

Паводле Фейгіна, на судзе акрамя яго будзе яшчэ адзін адвакат Саўчанкі Мікалай Полазаў, а трэці абаронца Ільля Новікаў далучыцца пазьней, таму што знаходзіцца ва Ўкраіне. У той жа час сястры Надзеі Саўчанка Веры на судзе ня будзе. Прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны таксама ня змогуць трапіць у залу судовых пасяджэньняў.

Ільля Новікаў
Ільля Новікаў

Суд перанесьлі ў памежную зону — каб меней прэсы было

Паколькі папярэднія слуханьні правядуць у закрытым рэжыме, то пасяджэньне будзе праходзіць ня толькі без журналістаў, але і без блізкіх сваякоў. Сястра Надзеі, Вера, паведаміла Радыё Свабода, што прыедзе ў расейскі Данецк ў пачатку жніўня, калі, верагодна, пачнецца разгляд справы па-сутнасці: «Паколькі я яшчэ праходжу сьведкам па справе, я абавязкова буду туды ехаць, але першае слуханьне — яно закрытае і туды няма сэнсу ехаць нікому. 5–7 жніўня я буду ў Данецку абавязкова, — кажа Вера. — Мама хоча ехаць, але я пераконвала яе застацца. Таму што, акрамя нэрваў, яна нічога там ня знойдзе. Надзя ведае, што мама яе заўсёды падтрымлівае». Данецк выбралі месцам суда над Надзеяй Саўчанка, таму што, паводле афіцыйнай вэрсіі сьледзтва, менавіта там яна нібыта незаконна перасякала расейска-ўкраінскую мяжу. Абарона лічыць, што гэта спроба патушыць цікавасьць да працэсу, у тым ліку замежнай прэсы, бо расейскі Данецк размешчаны ў памежнай зоне.

Сваякі і адвакаты ня вераць у сумленнасьць суду

Вера Саўчанка
Вера Саўчанка

Вера Саўчанка, як і адвакаты яе сястры, ня вераць у справядлівасьць расейскага правасудзьдзя. Адвакаты не раз заяўлялі пра тое, што суд адхіляе ўсе доказы абароны, якія сьведчаць аб невінаватасьці ўкраінскай лётчыцы. Паводле аднаго з адвакатаў Саўчанкі, Ільлі Новікава, Надзея Саўчанка гатовая да любога разьвіцьця падзей.

«Мы гатовы ў суд. Калі б ён быў сумленны, мы гатовыя весьці яго з поўнай аддачай. Але мяркуем, што ён такім ня будзе. І ў нас ёсьць запасныя варыянты на любую манеру і любы спосаб вядзеньня гэтага суда », - адзначыў Новікаў. У Расеі Саўчанку абвінавачваюць у забойстве расейскіх журналістаў на Данбасе і незаконным перасячэньні мяжы. Яна ўсё абвінавачваньні абвяргае. Паводле абароны Саўчанкі, у канцы чэрвеня мінулага году сэпаратысты захапілі яе ў палон, а затым сілком перавезьлі праз мяжу і перадалі расейскім сілавікам.

У выпадку вынясення абвінаваўчага прысуду ёй пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі. Зараз Надзея Саўчанка знаходзіцца ў СІЗА № 3 горада Новачаркаска Растоўскай вобласьці.

Між тым Генпракуратура Украіны падазрае семярых расейцаў у зьдзяйсьненьні злачынстваў супраць Надзеі Саўчанкі. Як заявіў намесьнік генпракурора Юры Сталярчук, перш за ўсё гэта супрацоўнікі Сьледчага камітэту Расеі, якія незаконна ўтрымлівалі Надзею Саўчанку пад вартай, а таксама супрацоўнікі судоў Расеі, якія незаконна выбіралі па ёй меру стрыманьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG