Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крах Пятра І: чаму Расеі больш ніколі ня быць эўрапейскай дзяржавай


Малюнак Уладзімера Цэсьлера.
Малюнак Уладзімера Цэсьлера.

Свой варыянт адказу на пастаўленае ім самі жа пытаньне на адным з украінскіх сайтаў прапануе ўкраінскі публіцыст Віталь Портнікаў.

Інстытут Gallup правёў цікавае дасьледаваньне, якое тычыцца ўхваленьня палітыкі расейскага кіраўніцтва на постсавецкай, постюгаслаўскай прасторах і ў былых сацыялістычных краінах. Гэта

больш за 50% падтрымкі гэтая палітыка знаходзіць у шасьці былых савецкіх рэспубліках — Беларусі, Узьбэкістане, Армэніі, Казахстане, Кыргызстане і Таджыкістане

дасьледаваньне дэманструе цікавую тэндэнцыю: больш за 50% падтрымкі гэтая палітыка знаходзіць у шасьці былых савецкіх рэспубліках — Беларусі, Узьбэкістане, Армэніі, Казахстане, Кыргызстане і Таджыкістане. Менавіта гэтыя рэспублікі (за выключэньнем Армэніі і з уключэньнем Туркмэністану, у якім ніякіх дасьледаваньняў так проста не правядзеш) былі гатовыя ў 1991 годзе стварыць абноўлены саюз вакол Расеі. І менавіта тарпэдаваньню гэтага іх памкненьня была прысьвечаная сустрэча Барыса Ельцына з Леанідам Краўчуком і Станіславам Шушкевічам у Белавескай пушчы і стварэньне СНД з удзелам ня толькі Ўкраіны, але і практычна ўсіх астатніх савецкіх рэспублік, якія адмаўляліся далучацца да новага саюзу.

У той час я нярэдка меў зносіны і з самім Ельцыным, і з прадстаўнікамі яго атачэньня. І кожны раз спрабаваў разабрацца ў адным і тым жа пытаньні: навошта РСФСР спатрэбілася «незалежнасьць» і ліквідацыя усялякіх шанцаў стварыць новую саюзную дзяржаву. Бо ў гэтай рэспубліцы, у адрозьненьне, напрыклад, ад Украіны ці Грузіі, і без таго лічылі СССР Расеяй. Навошта ж тады аддзяляцца ад таго, што складае твой зьмест? Няўжо толькі затым, каб пазбавіцца ад саслабелага Гарбачова, які ўсё яшчэ раздражняў «цара Барыса»?

Сярод аргумэнтаў, якія прыводзілі мае суразмоўцы, быў такі: калі ствараць саюз з жадаючых, ён абавязкова ператворыцца ў азіяцкую дзяржаву. Не эўразійскую — азіяцкую! Яго ўдзельнікамі стануць Расея, Беларусь і пяць рэспублік Цэнтральнай Азіі. Беларусь занадта маленькая краіна, каб «пераважыць» цэнтральнаазіяцкіх суседзяў Расеі. Грамадзтва ў гэтых краінах не жадае ня толькі незалежнасьці. Яно ня хоча дэмакратыі і рэформаў. Сучасна думаючыя — хоць бы на ўзроўні знакамітай Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы — палітыкі ў гэтых рэспубліках зьяўляюцца маргіналамі. Прэм’ер-міністрам новай саюзнай дзяржавы, хутчэй за ўсё, стане Назарбаеў, якому гэты пост прапанаваў Гарбачоў. У многіх расейцаў і без таго моцныя камуністычныя ілюзіі і цяга да «моцнай рукі». Разам з жыхарамі краінаў Цэнтральнай Азіі яны складуць у новым Саюзе большасьць, а дырыжыраваць гэтай большасьцю будуць Назарбаеў і Карымаў — прыкладна так, як яны дырыжыравалі сваімі дэлегацыямі на саюзным дэпутацкім зьезьдзе, а ў выніку — і ўсім зьездам. Так што, прабач, стары, без Украіны мы — нікуды. Таму што толькі разам зь ёй Расея можа застацца эўрапейскай дзяржавай.

Цяпер паглядзім, што адбылося за апошнія 24 гады. Краіны Цэнтральнай Азіі ператварыліся ў клясычныя дэспатыі без усялякіх цывілізацыйных пэрспэктываў (за выключэньнем хаатычнага Кыргызстану, які застаецца, зрэшты, пад расейскім уплывам, які толькі ўзмацняецца год ад году). З былых савецкіх рэспублік практычна выехала расейскае і рускамоўнае насельніцтва (за выключэньнем Казахстану зь яго кампактнымі

Расейцы — пры ўсіх шавіністычных настроях у грамадзтве — таксама адчуваюць сябе ў Савецкім Саюзе. І гэтае адчуваньне збліжае расейцаў і жыхароў краінаў Цэнтральнай Азіі, робіць іх грамадзянамі як бы адной дзяржавы.

тэрыторыямі пражываньня расейцаў). Затое самі жыхары краінаў Цэнтральнай Азіі пацягнуліся ў Расею — і зусім ня толькі дзеля сэзоннай працы. Многія перавозяць сем’і ці заводзяць іх — і застаюцца ў Расеі назаўжды. Ніякіх асаблівых цывілізацыйных праблемаў пры гэтым не ўзьнікае, бо мігранты адчуваюць сябе на новай Радзіме як у Савецкім Саюзе — гэта значыць там, дзе яны, іх бацькі і дзяды і зьбіраліся жыць. Расейцы — пры ўсіх шавіністычных настроях у грамадзтве — таксама адчуваюць сябе ў Савецкім Саюзе. І гэтае адчуваньне збліжае расейцаў і жыхароў краінаў Цэнтральнай Азіі, робіць іх грамадзянамі як бы адной дзяржавы. Сапраўды, якая розьніца — Пуцін, Назарбаеў, Карымаў або Рахмонаў? Усё гэта — розныя адценьні шэрага.

А што ж Украіна? А нічога. Усе гэтыя гады Расея — ня толькі Пуцін, але і Расея ў цэлым — не жадалі ісьці ва «ўкраінскі» бок. Бо гэта азначала будаваць якое-ніякае, а плюралістычнае грамадзтва. Бо гэта азначала пазбавіцца ад настальгіі па «саўку». Бо гэта азначала б — тварыць эўрапейскую Расею. Эўрапейскую! Гэта значыць краіну, якая будуе роўныя адносіны з суседзямі — і з Украінай у тым ліку. Гэта значыць краіну, якая імкнецца не навязаць навакольнаму сьвету ўласнае дзікунства, а ўспрыняць дасягненьні і нормы эўрапейскай і — шырэй — эўраатлянтычнай цывілізацыі. Гэта значыць краіну, якая радуецца эўрапейскай інтэграцыі Ўкраіны і лічыць, што рана ці позна мы сустрэнемся ў Эўропе і ў НАТО. Так, вядома ж, і ў НАТО. Чаму Расея павінна быць процівагай НАТО, а ня ўдзельнікам міжнароднай сыстэмы бясьпекі? Але расейцы зрабілі зусім іншы цывілізацыйны выбар. І тое, што яны зрабілі яго ўсур’ёз, даказала акупацыя пуцінскімі войскамі Крыму і Данбасу. Пры гэтым і роля Ўкраіны як процівагі ператварэньню Расеі ў азіяцкую дзяржаву была завершаная.

У дасьледаваньні Gallup адносна падтрымкі палітыкі расейскага кіраўніцтва Ўкраіна з 6% займае ганаровае першае месца з канца. Самае цікавае — што ў Расеі цяпер ніхто і не пярэчыць такому ператварэньню. Кіраўнікі краіны кажуць аб саюзе з Кітаем, насельніцтва верыць у міты

Гэта — крах расейскага эўрапейскага праекту, пачатага ў пятроўскую эпоху. Проста мала хто гэта зразумеў.

пра «асаблівы» — чытай — неэўрапейскі шлях разьвіцьця. І гэта зусім не паражэньне палітыкі Ельцына, які зьбіраўся з дапамогай Украіны «абараніцца» ад Назарбаева з Карымавым. Гэта — крах расейскага эўрапейскага праекту, пачатага ў пятроўскую эпоху. Проста мала хто гэта зразумеў. Але інтэлігенцыя — эўрапейская інтэлігенцыя — пакрысе зьяжджае з краіны, каштоўнасьці грамадзтва робяцца ўсё ў большай ступені «даэўрапейскімі», царква з асьветніка і захавальніка маральнасьці ператвараецца ў вядучы інстытут цемрашальства. Уласна, так і павінна было быць, бо пятроўскія рэформы першапачаткова былі касмэтычнымі, а не цывілізацыйнымі, яны не закраналі саміх асноў расейскага жыцьця і захоўвалі дэспатыю як аснову існаваньня дзяржавы. І вось цяпер новая дэспатыя перастала ў іх мець патрэбу, бо можа захаваць сябе і сваю імпэрыю толькі ў Азіі. Інтэграцыя ў Эўропу гэтую дэспатыю зьнішчае. А таму і Ўкраіна — у ролі самастойнага суб’екта, а не тэрыторыі Галадамору — гэтай дэспатыі больш не патрэбная.

Менавіта таму ў найбліжэйшай будучыні мяжа Эўропы — не Эўрапейскага саюзу, а эўрапейскай цывілізацыі — будзе праходзіць па межах — ці лініях судакрананьня — Украіны з Расеяй і кантраляванымі ёю тэрыторыямі. А далей будзе пачынацца Азія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG