Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыялёг Беларусі і ЭЗ па правах чалавека працягнецца праз год


Наступны раўнд дыялёгу па правах чалавека Беларусь і ЭЗ могуць правесьці ў Менску ў 2016 годзе.

Пра гэта паведаміў начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, піша БЕЛТА.

«Папярэдне бакі дамовіліся, што наступны раўнд дыялёгу адбудзецца ў 2016 годзе ў Менску», — сказаў Мірончык.

Нагадаем, учора ў Брусэлі адбыўся першы раўнд дыялёгу па правах чалавека па лініі Беларусь — Эўразьвяз.

«У ходзе дыялёгу былі абмеркаваныя розныя пытаньні, уключна з стварэньнем нацыянальнага інстытуту па правах чалавека, тэматыкай свабоды слова, выказваньняў і сходаў, прымяненьня сьмяротнага пакараньня, барацьбы зь зьневажальнымі для чалавечай годнасьці відамі абыходжаньня, а таксама захаваньня правоў дзіцяці.

Дзьмітры Мірончык

Дзьмітры Мірончык

У рамках шматбаковага супрацоўніцтва Беларусь і ЭЗ таксама абмеркавалі пытаньні ўзаемадзеяньня ў ААН», — адзначаецца ў прэс-рэлізе МЗС Беларусі.

Беларускую дэлегацыю ўзначаліў начальнік галоўнага ўпраўленьня шматбаковай дыпляматыі МЗС Юры Амбразевіч, дэлегацыю Эўразьвязу — начальнік упраўленьня правоў чалавека і дэмакратыі Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Сыльвіё Ганзата.

Фармат дыялёгу не прадугледжвае ўдзелу ў ім праваабаронцаў.

Як распавёў Радыё Свабода старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, ніякія дэталі ўчорашняй сустрэчы, звыш таго, што было ў прэс-рэлізе МЗС, праваабаронцам не вядомыя.

Алег Гулак

Алег Гулак

«Наколькі я разумею, у гэтым працэсе ня ўдзельнічаў ніхто з таго штату Эўракамісіі, які працуе ў Беларусі. Магчыма, крыху пазьней мы атрымаем больш дэталёвую інфармацыю, але нават з афіцыйнага паведамленьня МЗС відаць, што ўздымаліся сур’ёзныя праблемы. Нейкага рашэньня гэты працэс прынесьці ў прынцыпе ня мог», — кажа старшыня БХК.

Гулак адзначыў, што ня трэба разглядаць гэты дыялёг як нешта асаблівае і чакаць ад яго канкрэтных вынікаў.

«Нельга разглядаць гэты дыялёг як працэс, адарваны ад усёй іншай палітыкі і нешта такое цалкам выключнае. Дыялёгі адбываюцца ў Эўразьвязу са шматлікімі краінамі — гэта пацьвярджэньне агульнага падыходу ЭЗ, у якім абавязкова ёсьць патрабаваньні пра правы чалавека. Таму гэта частка беларуска-эўрапейскіх стасункаў. І вельмі дрэнна, што доўгі час гэтая сфэра была прыпынена і толькі цяпер яна аднавілася», — адзначыў праваабаронца.

У 2009 годзе Беларусь і Эўразьвяз дамовіліся правесьці дыялёг аб выкананьні правоў чалавека. Афіцыйна дыялёг на гэтую тэму быў ініцыяваны 6 красавіка 2009 году па выніках пасяджэньня Рады Эўразьвязу на ўзроўні міністраў юстыцыі. У рамках дыялёгу прадугледжваліся сустрэчы і ў Беларусі, і ў Эўразьвязе «прынамсі раз на год». Аднак пасьля 2009 году такіх сустрэч не было.

XS
SM
MD
LG