Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастачка склала партрэт Пуціна зь 5000 данбаскіх гільзаў ФОТА


Партрэт Пуціна «Твар вайны» — першая з сэрыі карцін «Пяць элемэнтаў вайны».

Пяць тысяч гільзаў з раёну баявых дзеяньняў на Данбасе прывезьлі сябры кіеўскай мастачкі Дар’і Марчанкі. З гэтых гільзаў яна склала велізарны (240 на 170 сантымэнтраў) партрэт Уладзімера Пуціна, «твар цынічнага палітыка-тырана». «Расея напала на ўсходнюю частку Ўкраіны, тым самым стварыўшы самы буйны ваенны канфлікт у Эўропе з часоў Другой сусьветнай вайны і паставіўшы пад пагрозу сусьветную бясьпеку. Вайна працягваецца ўжо больш за год і забрала жыцьці больш за 30 тысяч чалавек», — нагадвае мастачка на сваім сайце.

Партрэт Пуціна «Твар вайны» — першая з сэрыі карцін «Пяць элемэнтаў вайны». На выставе, якая зараз рыхтуецца, будуць таксама прадстаўленыя інсталяцыі «Мозг вайны», «Сэрца вайны», «Дух вайны», а назву пятай працы Дар’я Марчанка пакуль не выдае. Мастачка распавяла Радыё Свабода пра свой плян.

— Дар’я, вы экспэрымэнтавалі з тэхнікай trompe-l’œil, аптычнымі трохмернымі ілюзыямі. Партрэт Пуціна — гэта таксама ілюзыя, таму што выраз яго твару мяняецца...

Дар'я Марчанка
Дар'я Марчанка

— Звычайна трохмерныя ілюзіі робяць на гарызантальных плоскасьцях, а я рабіла на будынках. Гэта вельмі цяжкая фізычная праца, і гэта было адной з прычын, чаму я не працягнула гэтым займацца. Па-другое, мне стала цесна ў рамках выключна аптычнай ілюзыі. Мне падабаецца гуляцца зь ілюзорнасьцю сэнсаў, ствараць шарады, я люблю, калі карціна напоўненая мноствам варыяцыяў, якія могуць прымусіць задумацца. Карціна «Твар вайны» ў залежнасьці ад асьвятленьня зьмяняе і колеры, і вобразы, гэта значыць, што характар гэтай асобы зьмяняецца. Мне вельмі шкада, што нават людзі, якія будуць на выставе, ня змогуць убачыць усе характары, зь якімі мне даводзіцца сустракацца. Таму што ён зьмяняецца і ад кута, пад якім ты глядзіш на яго, і ад асьвятленьня.

— Вашы манумэнтальныя працы ў пяці ўкраінскіх гарадах зробленыя на аснове савецкіх казак, савецкіх мультфільмаў. А тут зусім іншага роду праца...

— Гэта да болю сьмешна, таму што я была вельмі прасавецкія чалавекам. Я люблю савецкія фільмы, савецкія мульцікі. Вельмі балюча, вельмі крыўдна тое, што адбылося, і незразумела, якім чынам трэба было замбаваць насельніцтва, каб вось так расейцы на нашай зямлі такое вытваралі. Прычым самае галоўнае ў гэтым партрэце — гэта тое, што, як бы ні асьвятлялася вайна, яна складаецца з чалавечых жыцьцяў. Як і гэты твар, як бы ён не зьмянящся, якую б хлусьню ён не выкарыстоўващ, усё роўна людзі гінуць і з таго, і зь іншага боку, і незразумела, каму гэта трэба.

— Ва ўсіх працах гэтага цыклю выкарыстаны гільзы?

— Ня толькі гільзы, я думаю пра іншых ваенныя матэрыялы. Вайна сама падкідвае ідэі. У каталёгу, акрамя мастацтвазнаўчага аналізу, будзе гістарычная частка, прысьвечаная маім сябрам, якія бачылі твар вайны нашмат бліжэй, чым я. Там і гісторыя сотніка Майдану на перадавой барыкадзе — гэта мой хлопец, мой любімы, блізкі чалавек і мая апора, і яго сябры, і хлопцы, якія стварылі лягістычны штаб і ў свой час расьсялілі і накармілі Майдан. Там будзе шэсьць ці сем гісторый, плюс мая ўласная, таму што я прымала ўдзел яшчэ ў першым Майдане ў 2004 годзе, калі мае сябры разьбілі першыя намёты, гэта значыць гэта быў першы і другі дзень, калі яшчэ не пачалася весялосьць і было страшна.

Партрэт Уладзіміра Пуціна з гільзаў (відэа)
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:46 0:00
Наўпроставы лінк

— Вы самі бачылі твар вайны? Закранула вайна вас?

— Я перажыла вайну ў 2008 годзе ў Грузіі. Я туды паехала, і пачалася гэтая вайна. Памятаю, як ўцякалі на роварах ад Тбілісі. Гэта першае маё знаёмства з вайной. Другое маё знаёмства з вайной я б апісала такім чынам: мне знаёма пачуцьцё, калі твой мужчына знаходзіцца чорт ведае дзе, няма сувязі мабільнай, наогул ніякай магчымасьці даведацца, што адбываецца і пачуць яго. Яшчэ такі момант, які мне запомніўся, — гэта было на Банкавай, калі выкарыстоўвалі газ, шумавыя гранаты. Ты стаіш у натоўпе, цябе прыціскаюць з розных бакоў, і ты разумееш, што ад цябе нічога не залежыць, ты нават рыпнуцца, нават рукі падняць ня можаш. Вось гэта для мяне вайна, калі тактыльна перадаваць эмоцыю.

— Вы вывучалі сотні фатаграфій Пуціна. Якія пачуцьці гэты чалавек у вас выклікае? Нянавісьць, цікаўнасьць? Можа быць, пагарду?

— Калі са мной людзі непрыгожа паступаюць, я да апошняга стараюся зразумець, стараюся ня верыць у тое, што я бачу. Калі я назіраю чыёсьці падзеньне, я да апошняга імкнуся знайсьці нейкія прычыны, апраўданьне. Часам гэта доўжыцца тыднямі, я вымотваю сябе. Мне мой малады чалавек кажа: ну вось, зноў, ну хопіць ужо, усе такія, якія яны ёсьць. Але я эмацыйны чалавек. Некаторыя выразы асобы Пуціна прыйшлі, калі я гуляла з асьвятленьнем, ставіла мноства лямпаў. Але калі я ўбачыла вынік, я зразумела, што я ні пры чым. Мы ж ведаем, што энэргія дабра, энэргія зла ад нас не залежыць, мы проста праваднікі. Я ўбачыла тое, што я ўбачыла, і пахаладзела. На іншыя выразы асобы я гляджу, бачу страх нейкі, сумневы. Я ня веру ў тое, што чалавек не сумняваецца. Я ня думаю, што ён не задумваецца пра тое, што робіць. Можа быць, гэты партрэт зьвернуты ў першую чаргу да яго, можа быць, ён разгледзіць гэтыя выразы асобы, убачыць, якім ён можа быць? Бо гэта наша права — выбіраць з усіх гэтых варыяцый, кім нам быць. Асноўная мая эмоцыя — гэта неразуменьне. Я не разумею — навошта. Чаму нельга ўвайсьці ў гісторыю годна, выклікаючы захапленьне ўсяго сьвету? Добра, у цябе ёсьць адзін мільён, у цябе ёсьць другі мільён, у цябе ёсьць адзін мільярд, другі мільярд, трэці, чацьвёрты, пяты, але пасьля дзясятага нецікава, напэўна? Я веру ў касьмічную бухгалтэрыю, таму асноўны мэсэдж гэтай працы — твар вайны глядзіць у космас, а ў касьмічнай бухгальтэрыі ўсё запісана. Хочацца крыкнуць: эй, спыніся, што ж ты робіш, колькі ж жыцьцяў табе прыйдзецца потым адмольваць?

— Гэта ня першая ваша праца, у якой выкарыстаны гільзы. Ёсьць яшчэ «Знак сьвятлафорнага рэгуляваньня», таксама прысьвечаны вайне.

— Гэтая праца знаходзіцца ў музэі Бэрлінскай сьцяны. Гэта дарожны знак, на ім чалавечкі: чырвоны, зялёны, жоўты. На ніжнім, чырвоным стаіць чалавечак са зброяй па стойцы сьмірна, вышэй яго на жоўтым фоне чалавек, які шпурляе кактэйль «Молатава», гэта значыць гэта пераходны стан, свабода або несвабода, а вышэй чалавечак ідзе, ён на свабодзе. На верхнім знаку ён на фоне сьцяга Ўкраіны, на ніжнім — сьцяг Расеі. За чалавекам, якія стаяць са зброяй, засьнежаныя барыкады, і за імі стаіць калёна чалавечкаў з такімі антэнамі ў галовах, то ёсьць замбаванага войска. — А вы б хацелі сустрэцца з вашай мадэльлю, з Пуціным? Хацелі б, каб ён убачыў вашу карціну? Калі б такая сустрэча адбылася, што б вы сказалі сваёй мадэлі?

— Я ўпэўнена, што мадэль бачыла гэтую карціну. Што б я сказала?.. Я б спытала: навошта? Я б паспрабавала растлумачыць, што можна па-іншаму. Я б яму распавяла, што не супадае шкала грошай і шкала шчасьця звычайна. Я б спытала, ці ён шчасьлівы і як яму сьпіцца па начах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG