Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 прадстаўнікоў рэжыму Кадафі, у тым ліку яго сын, асуджаныя на расстрэл


Сэйф аль-Іслам Кадафі (зьлева) і Абдула Сэнусі

Сэйф аль-Іслам Кадафі (зьлева) і Абдула Сэнусі

У сталіцы Лібіі Трыпалі суд прыгаварыў да сьмяротнага пакараньня Сэйфа аль-Іслама Кадафі, сына былога кіраўніка краіны Муамара Кадафі. Пра гэта паведаміла BBC.

Сэйф аль-Іслам Кадафі прызнаны вінаватым у ваенных злачынствах, зьвязаных з рэвалюцыяй, якая адбылася ў Лібіі ў 2011 годзе. Разам зь іншымі паплечнікамі Муамара Кадафі яго сын удзельнічаў у здушэньні пратэстаў.

Самога Сэйфа аль-Іслама ў залі суда падчас абвяшчэньня прысуду не было. У ходзе разбору ён даваў паказаньні па відэасувязі, паколькі яго на працягу 4 гадоў утрымліваюць паўстанцы, якія не падпарадкоўваюцца цэнтральнаму ураду.

Да сьмяротнага пакараньня таксама былі асуджаныя сем былых высокапастаўленых прадстаўнікоў рэжыму Кадафі, у тым ліку былы кіраўнік сакрэтных службаў Абдула Сэнусі, а таксама былы прэм’ер-міністар Багдадзі аль-Махмудзі.

Восем іншых былых чыноўнікаў атрымалі пажыцьцёвыя прысуды і сем іншых атрымалі па 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Праваабаронцы адзначалі шматлікія працэсуальныя парушэньні падчас судовага працэсу над прадстаўнікамі рэжыму Кадафі. У прыватнасьці, асуджалася абыходжаньне з абвінавачанымі і адсутнасьць у іх адвакатаў.

Палітоляг з Трыпалі Салах аль-Баккуш ў інтэрвію BBC выказаў меркаваньне, што вынясеньне прысуду ня выкліча вялікага рэзанансу ў Лібіі. «У лібійцаў зараз і без таго так шмат праблем, што большасьць зь іх наўрад ці сочыць за судовым працэсам. Тыя ж, хто ўдзельнічаў у барацьбе супраць рэжыму Кадафі, назіраюць за судом і будуць радыя прысуду», — заявіў экспэрт.

XS
SM
MD
LG