Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня шосты дзень збору подпісаў выбарцаў, які вядуць ініцыятыўныя групы васьмі патэнцыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Свабода пацікавілася ў кандыдатаў і прадстаўнікоў іхніх штабоў пра колькасьць ужо сабраных подпісаў і ўражаньні ад пачатку гэтага этапу выбарчай кампаніі.

Каманда Аляксандра Лукашэнкі заявіла, што на збор 100 тысяч подпісаў ёй спатрэбіцца ўсяго пяць дзён. Аднак ці здолелі выканаць прыхільнікі цяперашняга кіраўніка дзяржавы сваю задачу, невядома. У ініцыятыўнай групе Свабодзе адмовіліся назваць лічбы і сказалі толькі адно: «Збор подпісаў ідзе нармальна».

Пад № 2 у Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваная ініцыятыўная група лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна. Яе кіраўнік Валеры Ўхналёў кажа, што за першыя чатыры дні сабрана каля 6 тысяч подпісаў.

«Найбольш пасьпяхова працуем у Берасьцейскай вобласьці: у абласным цэнтры, Пінску, Баранавічах... Гомельская вобласьць дае добрыя дадзеныя. А вось у Менску пакуль сярэдненька. Шчыра кажучы, сталіца ў нас дагэтуль не разгарнулася. Пакуль мы ставім у Менску два-тры пікеты на дзень. Гэта мала. І па кватэрах малавата нашых людзей ходзіць. Будзем выпраўляць».

У штабе старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча лічбаў пакуль не называюць. Першы намесьнік старшыні партыі, сын спадара Гайдукевіча Алег адзначае:

«Мы пабачылі, што зрабілі правільную стаўку на абыход кватэраў. Бо на пікетах, як паказваюць дадзеныя з рэгіёнаў, меншы збор подпісаў. Таму пікеты мы будзем скарыстоўваць найперш дзеля піяру. У свой графік мы ўкладаемся. Першыя лічбы назавем 5 жніўня. Але апэратыўныя дадзеныя зь Менску, Віцебску, Горадні паказваюць — свой графік мы выконваем».

Каля 10 тысяч подпісаў у сваю падтрымку ўжо мае чацьвёрты патэнцыйны прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы — прадстаўніца кааліцыі «Народны рэфэрэндум» Тацяна Караткевіч:

«Я штодня хаджу па пікетах і слухаю, пра што гавораць людзі. Шмат пра што гавораць. Запытваюць, як мы будзем ратаваць эканоміку, пытаюцца пра міжнародную палітыку. І пра мяне пытаюцца: хто я такая? Падыходзяць маладыя людзі, пытаюцца, што будзе з нашай адукацыяй. Кажуць, што заканчваюць вучобу, але ніхто не зьбіраецца працаваць па спэцыяльнасьці. Нібыта для моладзі робіцца шмат, а насамрэч няма нічога».

№ 5, паводле рэгістрацыі, атрымала ініцыятыўная група лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Кіраўнік ягонага выбарчага штабу Леў Марголін кажа, што на сёньняшні дзень сабрана 10 тысяч подпісаў:

Можна зрабіць высновы — ідзе раскачка

«Гэта ўжо з улікам учорашняга дня. Мы ўчора ўвечары зьбіралі інфармацыю. Лідэр у нас — Менск. Тут на пікеце 100 і нават крыху болей подпісаў за некалькі гадзін — гэта норма. У рэгіёнах пакуль трохі цяжэй ідзе праца. Можна зрабіць высновы — ідзе раскачка. Але зараз і ў рэгіёнах людзі пачынаюць больш актыўна расьпісвацца».

З тых, хто пагадзіўся назваць колькасьць сабраных подпісаў, найлепшы паказьнік на старце — у каманды эканаміста Віктара Цярэшчанкі: каля 14 тысяч.

«У нас найлепшыя справы ў Менску. Але нядрэнна выглядаюць і гомельскі рэгіён, і віцебскі... Мы хочам сабраць за месяц 125 тысяч, каб быў запас на „выбракоўку“, гэта 4 тысячы подпісаў за дзень. Учора выйшлі на лічбу 3900 за дзень. А ад сёньня плянуем трымаць гэтую лічбу і крыху вышэй штодня».

Ніякіх зьвестак няма ад сёмага нумару выбарчай кампаніі — часова непрацуючай Жанны Раманоўскай. Але ў яе ініцыятыўнай групе ўсяго 110 чалавек. Спэцыялісты лічаць — такой маленькай камандай сабраць 100 тысяч подпісаў практычна немагчыма.

Апошні, восьмы, нумар у гэтай выбарчай кампаніі атрымала ініцыятыўная група заснавальніка аб’яднаньня «Беларускае казацтва» Мікалая Ўлаховіча. «Народ пакуль толькі прыглядаецца», — кажа Свабодзе пра пачатак выбарчай кампаніі кіраўнік гэтай групы Міхаіл Образаў. Першыя лічбы тут абяцаюць агучыць напрыканцы гэтага тыдня.

На збор подпісаў ініцыятыўным групам, паводле Выбарчага кодэксу, даецца 30 каляндарных дзён. Дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты могуць яшчэ сабраць апошнія подпісы, — 21 жніўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG