Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская эканоміка ў рэцэсіі. ВУП упаў за паўгодзьдзе на 3,3 працэнта


Тым ня меней ва ўрадзе спадзяюцца на аднаўленьне эканамічнага росту да канца 2015 года. Спадзяваньні гэтыя марныя, — перакананы эканаміст Леанід Злотнікаў.

«Белстат» апублікаваў зьвесткі пра валавы ўнутраны прадукт (ВУП) за першы квартал 2015 году — у параўнаньні з I паўгодзьдзем 2014 году ў супастаўных цэнах ВУП зьнізіўся на 3,3%.

Ва ўрадзе спадзяюцца, што сытуацыя выправіцца да канца году.

Міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі заявіў учора:

«Наагул, наша мэта — каб ВУП захаваўся на ўзроўні мінулага году. Мы не разглядаем цяпер рост, але, безумоўна, мы чакаем яго ў апошнія месяцы. Гэта вельмі напружаная задача. Тым ня менш мы яе ставім перад сабой», — сказаў міністар эканомікі.

Тут варта адзначыць, што за першае паўгодзьдзе спад валавога ўнутранага прадукту склаў 3,3%. Ўладзімер Зіноўскі спадзяецца, што, «запрацуе прамысловасьць»:

«Тыя захады, якія зрабілі... па шэрагу прадпрыемстваў (іх 108), павінны прынесьці свой плён. Больш за тое, некаторыя канцэрны былі мадэрнізаваныя ў мінулыя гады. Гэтая мадэрнізацыя павінна даць свае вынікі. Гэта значыць, мы чакаем росту эканомікі і ў гэтых галінах — перапрацоўцы, сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы і некаторых іншых», — назваў ён крыніцы надзеі.

Зіноўскі паведаміў, што ведамства прагназуе ў бягучым годзе інфляцыю на ўзроўні 16–17%, і заўважыў, што гэта пазытыўны момант:

Калі мы даможамся, што інфляцыя будзе менш за 10%, тады і стаўка рэфінансаваньня, і тыя самыя крэдыты для прадпрыемстваў будуць таньнейшыя.

«Калі мы даможамся, што інфляцыя будзе менш за 10%, тады і стаўка рэфінансаваньня, і тыя самыя крэдыты для прадпрыемстваў будуць таньнейшыя. Вядома, тады будзе і эканамічны рост», — заявіў Зіноўскі, не ўдакладняючы, калі такі час можа надысьці.

Эканаміст Леанід Злотнікаў такога аптымізму міністра эканомікі Ўладзімера Зіноўскага не падзяляе:

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Па-першае, тое, што стаўка рэфінансаваньня стане ніжэйшая — гэта зусім не абавязкова азначае, што крэдыты стануць таньнейшыя, нават калі зьнізіцца інфляцыя. Зіноўскі кажа пра намінальны працэнт. Але ёсьць рэальны працэнт. Падобна, што да канца году інфляцыя сапраўды будзе на ўзроўні 16–17% (бо 10% мы ўжо дасягнулі за паўгода). Ёсьць намінальны працэнт, а ёсьць рэальны працэнт. І дзіўна, што міністар эканомікі робіць выгляд, што гэтай розьніцы не заўважае. Калі кажуць пра рэальныя справы ў эканоміцы, кажуць пра рэальныя паказьнікі, а не з улікам інфляцыі. То бок зьніжэньне тэмпаў інфляцыі зусім не абавязкова паўплывае на зьніжэньне рэальнага працэнта, пад які людзі бяруць грошы. Намінальны працэнт толькі затушоўвае карціну.

Другі момант, які тычыцца мадэрнізацыі. Мы ведаем, што вялікая мадэрнізацыя пачалася ў 2007 годзе, былі грандыёзныя пляны. З 2011 году зьявіліся новыя праграмы мадэрнізацыі. Усе прадпрыемствы стваралі пляны, абгрунтоўвалі, што яны будуць рабіць. То бок былі такія хвалі мадэрнізацыі, якія закраналі сотні беларускіх прадпрыемстваў. Але практычна яны не далі вынікаў. І зусім ня факт, што нават калі зноў знойдуцца грошы на мадэрнізацыю, будуць вынікі. Сыстэма застаецца неэфэктыўнай.

Трэці момант. Мы чакаем росту эканомікі. Як той казаў, марыць ня шкодна. Але фактараў, якія б прывялі да эканамічнага росту, я ня бачу. Цэны на нафту ўздымацца ня будуць, эканамічная сытуацыя бліжэйшым часам у Расеі паляпшацца ня будзе, то бок павелічэньня попыту там на беларускую прадукцыю чакаць ня варта. Таму я ня бачу тых фактараў, за кошт якіх можа адбыцца рост беларускай эканомікі».

XS
SM
MD
LG