Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Раманчук: Беларусь ніколі не хацела ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю


Ярасалаў Раманчук

Ярасалаў Раманчук

27 ліпеня Генэральная рада Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі ў сваёй штаб-кватэры ў Жэнэве зацьвердзіла праект рашэньня аб далучэньні Казахстана да УГА.

Працэс уступленьня Казахстана ў УГА доўжыўся 20 гадоў — заяўку на ўступленьне краіна падала ў 1996 годзе.

Беларусь падала заяўку на ўваходжаньне ў УГА яшчэ раней — у 1993 годзе. І хоць МЗС Беларусі сьцьвярджае, што перамоўны працэс па далучэньні краіны да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі працягваецца, незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць — улады ніколі не дэманстравалі сапраўднай палітычнай волі далучыцца да арганізацыі, бо гэта вымагала б канкрэтных эканамічных рэформаў і адмовы ад пратэкцыянізму, які шырока выкарыстоўваецца ў Беларусі.

«Калі б была палітычная воля Аляксандра Лукашэнкі, то Беларусь даўно б увайшла ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. А так мы б’ем рэкорды па працягласьці гэтага працэсу, бо Беларусь падала заяўку на ўступленьне яшчэ ў 1993 годзе. Чаму так адбываецца? Таму што ўлады не гатовыя нават да наймякчэйшага варыянту рынкавай эканомікі. Формы падтрымкі эканомікі, якія існуюць у Беларусі, супярэчаць сусьветным правілам і нават правілам ЭАЭС. Гэта сьведчыць пра тое, што ў нас захоўваецца пратэкцыянізм і лабізм „чырвоных дырэктараў“. Толькі ў гэтым годзе ўлады загаварылі пра дывэрсыфікацыю, і то толькі таму, што манапольная залежнасьць ад расейскага рынку прыносіць вялізныя страты нашай эканоміцы.

УГА — гэта агульныя правілы гульні, гэта інтэграцыя краіны ў сусьветную сыстэму падзелу працы і сусьветную фінансавую сыстэму. Але трэба адзначыць, што Аляксандру Лукашэнку на руку той факт, што УГА стала цяпер даволі аморфнай і яе правілы не такія жорсткія, як, скажам, правілы Эўразьвязу. Разам з тым УГА застаецца стратэгічнай арганізацыяй, і калі беларускія ўлады думаюць пра тое, каб разьвіваць краіну ў розных кірунках, уступ ва УГА неабходны».

XS
SM
MD
LG