Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску самыя высокія заробкі — у IT-спэцыялістаў, самыя малыя — у сацработнікаў


Сярэдні заробак сталічных праграмістаў у чэрвені перавысіў 31 мільён рублёў. IT-сфэра па-ранейшаму застаецца самай высокааплатнай сярод усіх галінаў. Пры гэтым, як паведамляе БелаПАН са спасылкай на галоўнае статыстычнае ўпраўленьне Менску, мінімальны заробак у сталіцы ў сацыяльных работнікаў — 5,4 мільёна рублёў.

Розьніца паміж самай «дарагой» і самай «таннай» прафэсіямі ў сталіцы — амаль у 6 разоў. Сярэдні заробак менчукоў у цэлым меншы за заробкі сталічных праграмістаў у 3,3 раза. Так, у чэрвені сярэднестатыстычны мянчук зарабіў амаль 9,4 мільёна рублёў.

У параўнаньні з пачаткам году заробкі ў сфэры вылічальнай тэхнікі вырасьлі амаль на 7 мільёнаў рублёў (у студзені яны складалі 24,6 мільёна). Пры гэтым у сацработнікаў рост склаў усяго 1 мільён рублёў.

У чэрвені 2015 году ў прамысловасьці сярэдні заробак склаў 8 мільёнаў 13 тысяч рублёў, у будаўніцтве — 10 мільёнаў 98,9 тысячы, на транспарце і ў сувязі — 9 мільёнаў 330,8 тысячы, у сельскай і лясной гаспадарцы — 7 мільёнаў 187,2 тысячы, у адукацыі — 6 мільёнаў 345,2 тысячы (у тым ліку ў настаўнікаў — 6 мільёнаў 605,9 тысячы, у прафэсарска-выкладчыцкага складу — 10 мільёнаў 511,1 тысячы рублёў).

Заработная плата работнікаў аховы здароўя — 7 мільёнаў 539,7 тысячы рублёў. Сярэдняя зарплата лекараў — 10 мільёнаў 292,6 тысячы рублёў, сярэдняга мэдычнага пэрсаналу — 7 мільёнаў 310,9 тысячы рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG