Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часта пытаюцца: дык колькі ж у Беларусі «Дзён Незалежнасьці»? І колькі іх павінна быць?

Мой адказ: калі казаць пра сёньняшнія дзяржаўныя сьвяты, дык сапраўднага Дня Незалежнасьці няма ніводнага. А павінна быць мінімум тры. Зробім невялікі экскурс у нядаўнюю гісторыю.

Яшчэ ў пачатку 1990 году БНФ вылучыў незалежнасьць як галоўную палітычную мэту, якую пацьвердзілі і дэпутаты Народнага Фронту ўжо ў першыя дні працы новаабранага Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Камуністы выступалі супраць. Аднак пасьля таго, як у чэрвені ВС РСФСР на чале зь Ельцыным (які змагаўся за ўладу з Гарбачовым) прагаласаваў за дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Расеі, Гарбачоў накіраваў у рэспублікі ўказаньне прыняць аналягічныя па назьве, але «пракрамлёўскія» па зьмесьце дакумэнты, каб «размыць» пазыцыю Ельцына.

Старшыня Вярхоўнага Савету БССР і член Бюро ЦК КПБ Мікалай Дземянцей кінуўся выконваць волю Гарбачова; у апараце ВС быў падрыхтаваны адпаведны праект. Мы, дэпутаты БНФ, мелі свой праект, які фактычна абвяшчаў Беларусь незалежнай краінай. Змаганьне ішло за кожнае слова (толькі 26-27 ліпеня дэпутаты БНФ выступалі ў дыскусіях больш за сто разоў), шмат якія нашы прапановы былі прынятыя, але нам так і не ўдалося зламіць пракамуністычную большасьць у галоўным — у прынятай Дэклярацыі адсутнічала палажэньне, што Канстытуцыя і законы Беларусі маюць вяршэнства над «саюзнымі». А таксама быў артыкул, які дэкляраваў падпісаньне новай «саюзнай дамовы».

Фактычна, фармальна пацьвердзіўшы сувэрэнітэт (гэтае слова існавала і ў Канстытуцыі БССР, прынятай у 1978 годзе), пракамуністычны Вярхоўны Савет не абвясьціў незалежнасьць ад Масквы, што зрабіў за некалькі месяцаў да гэтага парлямэнт Літвы. Пры гэтым дзень прыняцьця Дэклярацыі быў абвешчаны Днём Незалежнасьці і сьвяточным днём. Безумоўна, апошняе рашэньне адыграла ў той час станоўчую ролю ў фармаваньні ў грамадзкай сьвядомасьці каштоўнасьці сувэрэнітэту.

Крыху больш чым праз год, у жніўні 1991-га, у Маскве адбыўся праімпэрскі путч, і ў першы ж дзень дэпутаты Апазыцыі БНФ запатрабавалі склікаць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету. Сэсія была сабраная толькі пасьля правалу путчу. Станіслаў Шушкевіч ад імя Прэзыдыюму ВС вынес у парадак дня толькі два пытаньня: «Аб бягучым моманце» і... «Аб саюзнай дамове». Апазыцыя БНФ прапанавала пакет з больш чым дваццаці законапраектаў, якія гарантавалі незалежнасьць Беларусі. Народны Фронт вывеў на плошчу перад Домам ураду тысячы людзей, якія патрабавалі адстаўкі кіраўніцтва ВС, забароны КПБ-КПСС і абвяшчэньня Незалежнасьці. Пералом адбыўся 25 жніўня, калі мы сагналі з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ Малафеева. Дземянцей падаў у адстаўку, дзейнасьць КПБ-КПСС была прыпыненая, і ўвечары Дэклярацыі аб сувэрэнітэце быў нададзены статус канстытуцыйнага закону. Гэта азначала вяршэнства беларускай Канстытуцыі і законаў над «саюзнымі» (чаго не ўдалося дамагчыся ў 1990 годзе) і дэ-юрэ — абвяшчэньне Беларусі незалежнай краінай.

Строга кажучы, з гэтага моманту дзень 25 жніўня Вярхоўны Савет мусіў абвясьціць Днём Незалежнасьці. Але пракамуністычныя дэпутаты не пагадзіліся, бо гэта азначала б гістарычнае замацаваньне перамогі БНФ і паразы камуністаў. Таму быў пакінуты дзень 27 ліпеня, а падзея 25 жніўня 1991 году замоўчвалася.

У 1996 годзе Лукашэнка праз так званы рэфэрэндум скасаваў і дзень 27 ліпеня, абвясьціўшы Днём Незалежнасьці дзень вызваленьня Менску ад нямецкіх захопнікаў.

Увогуле, абвяшчэньня такой падзеі (хаця ў 1944 годзе яна не закранала ўсю Беларусь) дзяржаўным сьвятам, улічваючы маштабы ахвяраў беларускага народу ў той вайне, можна было б зразумець (нават з улікам таго, што ўжо існаваў Дзень Перамогі). Але да ўшанаваньня памяці пра гераізм і пра ахвяры гэтае рашэньне Лукашэнкі ня мела ніякага дачыненьня. У той час ён разьлічваў заняць галоўную пасаду ў Крамлі замест хворага Ельцына праз аб’яднаньне Беларусі і Расеі («Беларусь для мяне пройдзены этап» — заяўляў ён). Таму Лукашэнка імкнуўся ўвогуле зьнішчыць хоць якое ўзгадваньне пра падзеі пачатку 90-х, якія прывялі Беларусь да незалежнасьці.

Спадзяваньні на Крэмль прыйшлося адкласьці пасьля прыходу Пуціна, але што паказальна — Лукашэнка ніколі не ўзгадваў у станоўчым сэнсе ні 27 ліпеня 1990, ні 25 жніўня 1991 (існуе відэазапіс нядаўняга наведваньня Лукашэнкам «палаты прадстаўнікоў», дзе на выхадзе з Авальнай залі колішнія дэпутаты ВС-12 (калі не памыляюся, і былы «аграрны» віцэ-прэм’ер Гаркун) кажуць яму «Але ж мы тут у 90-х і неблагія рашэньні прынялі» (пэўна, маючы на ўвазе законы пра ўмацаваньне калгаснай сыстэмы), але Лукашэнка яго рэзка абрывае: «Не, не кажыце так. Дзялоў мы тут з вамі нарабілі, страшна прыгадаць» (думаючы відавочна пра абвяшчэньне Незалежнасьці). Лукашэнка і цяпер ацэньвае распад СССР як «развал великой державы» і «величайшее преступление»; у якой іншай дэмакратычнай краіне (ды й недэмакратычнай таксама) такія словы з вуснай кіраўніка дзяржавы выклікалі б грандыёзны скандал і ня выключана — імпічмэнт.

У Беларусі пераважная большасьць грамадзтва гэтага не заўважае, бо не ўсьведамляе каштоўнасьці сувэрэнітэту: з 1991 году спачатку пракебічаўская, а потым пралукашэнкаўская прапаганда насаджала ў масавай сьвядомасьці гэты самы стэрэатып пра «развал великой державы» як пра «величайшее преступление».

Вось чаму (больш дакладна — і таму таксама) у будучай дэмакратычнай Беларусі павінна быць тры дзяржаўныя сьвяты, зьвязаныя з незалежнасьцю краіны — 25 сакавіка (1918), 27 ліпеня (1990) і 25 жніўня (1991).

Зашмат? Зусім не. Напрыклад, у Чэхі такіх сьвятаў тры: 1 студзеня — Дзень аднаўленьня чэскай незалежнай дзяржавы (1993), 28 верасьня — Дзень чэскай дзяржаўнасьці (у гонар сьв. Вацлава) і 28 кастрычніка — Дзень абвяшчэньне незалежнай Чэхаславацкай рэспублікі (1918).

У Літве таксама тры дзяржаўныя сьвяты, зьвязаныя з працэсам здабыцьця незалежнасьці: 15 лютага, 11 сакавіка і 6 ліпеня, прычым падзеі 11 сакавіка 1990 адпавядаюць «нашаму» 25 жніўня 1991 г.

Кожны народ у вызначэньні дзяржаўных сьвятаў робіць акцэнт на тым, што лічыць найбольш важным у сваёй гісторыі. Так, у ЗША, дзе існавала праблема расавай сэгрэгацыі, трэці панядзелак студзеня адзначаецца як Дзень Марціна Лютэра Кінга. У той жа Літве 13 студзеня — дзень супраціву савецкай агрэсіі ў 1991 годзе — абвешчаны Днём абаронцаў свабоды, у Чэхіі 17 лістапада («аксамітная рэвалюцыя 1989») адзначаецца як Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю. Усе вышэйназваныя даты абвешчаны выходным днём.

Для Беларусі, у якой нацыянальны нігілізм дзесяцігодзьдзямі панаваў у форме дзяржаўнай ідэалёгіі, усьведамленьне грамадзтвам каштоўнасьці незалежнасьці яшчэ доўга будзе ў шэрагу першачарговых мэтаў.

Які назоў дадуць гэтым сьвятам — (як варыянт: 25 сакавіка — Дзень Волі, 27 ліпеня — Дзень сувэрэнітэту, 25 жніўня — Дзень Незалежнасьці) — мы пакуль ня ведаем. Як ня ведаем, на які дзень прыпадзе падзея, якая адкрые Беларусі шлях да свабоды і дэмакратыі зробіць магчымым ушанаваньне сапраўды гістарычных датаў нашай далёкай і зусім нядаўняй гісторыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG