Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Берасьці не дапамог апазыцыянэру трапіць у абласную камісію


Скаргу адмовіліся нават разглядаць у Берасьцейскім абласным судзе.

Берасьцейскія сябры руху «За свабоду» не змаглі трапіць у абласную выбарчую камісію. Абласны суд адмовіўся разглядаць скаргу дзевяці берасьцейцаў на неўключэньне Сяргея Вакуленкі ў абласную выбарчую камісі. Падстава адмовы — тая, што адзін з грамадзян, якія яго туды вылучалі, не падпісаўся пад скаргай у суд.

«Рэдактар „Брэсцкага кур’ера“ Мікалай Аляксандраў адмовіўся падпісацца пад скаргай, спаслаўшыся на тое, што ня хоча ўдзельнічаць у судовых разборках з уладамі. Мяне такая пазыцыя зьдзівіла, бо навошта ж тады было падпісвацца пад вылучэньнем, калі справу да канца не даводзіць?» — заявіў Свабодзе лідэр руху «За свабоду» на Берасьцейшчыне Дзяніс Турчаняк.

Актывіст кажа, што сытуацыя зь неразглядам скаргі толькі з-за таго, што пад ёй не падпісаўся адзін зь дзесяці чалавек, парушае правы астатніх дзевяці:

Патрабаваньне суду аб падпісаньні скаргі ўсімі грамадзянамі, якія вылучалі сваім прадстаўніком Вакуленку, уяўляецца абсурдным, таму што свайго прадстаўніка могуць вылучыць ня дзесяць, а, да прыкладу, некалькі тысяч чалавек.

«Патрабаваньне суду аб падпісаньні скаргі ўсімі грамадзянамі, якія вылучалі сваім прадстаўніком Вакуленку, уяўляецца абсурдным, таму што свайго прадстаўніка могуць вылучыць ня дзесяць, а, да прыкладу, некалькі тысяч чалавек. Адпаведна, сабраць подпісы такой колькасьці людзей у трохдзённы тэрмін не ўяўляецца магчымым. Калі, крый Божа, здарыцца сьмерць кагосьці з гэтых людзей, то гэта зробіць зусім немагчымым абскарджваньне неўключэньня ў камісію. А гэта — парушэньне канстытуцыйных правоў, адмова чалавеку ў доступе да правасудзьдзя».

Раней Берасьцейскі абласны суд адмовіў у задавальненьні скаргі Дзяніса Турчаняка, як і іншых прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі, на неўключэньне ў абласную камісію.

Спадар Турчаняк тлумачыць, што ўжо фармаваньне абласных камісіяў сьведчыць пра недэмакратычнасьць выбараў:

«Грамадзяне змогуць давяраць камісіям, калі тыя будуць мець у сваім складзе роўную колькасьць прадстаўнікоў кожнага кандыдата. Бо кожны кандыдат зацікаўлены ў сваёй перамозе і не дапусьціць фальсыфікацыяў супраць сябе. Сёньняшнія ж абласныя камісіі сфармаваныя пераважна з прыхільнікаў кандыдата па прозьвішчы Лукашэнка».

XS
SM
MD
LG