Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Сяргей Астравец


Belarus - Greek experience of Sergey Astraucou

Belarus - Greek experience of Sergey Astraucou

Сяргей Астраўцоў (Астравец) нарадзіўся ў 1959 у Менску. Служыў у арміі, закончыў журфак БДУ. З 1984 жыве ў Горадні. Рэдагаваў новую газэту «Пагоня» (1992-93). Затым працаваў у газэце «Свабода». З Радыё Свабода супрацоўнічае з 1993, у гэтым жа годзе выйшла першая кніжка «Янычары». Наступная, «Цэнзарскія нажніцы», была адзначаная «Гліняным Вялесам» (2000). Апавяданьні перакладаліся на польскую мову. Меў літаратурны блог «Праз гарадзенскія акуляры» (2007-2010) на сайце «Нашай Нівы». Вядзе блог на сайце Радыё Свабода (з 2009), які раней выходзіў пад назвай «Дзёньнік пісьменьніка». Для рубрыкі «Варта» піша пра кнігі, якія купляе ў Варшаве. У 2010 годзе атрымаў месячную стыпэндыю ў Балтыйскім цэнтры пісьменьнікаў і перакладчыкаў у Швэцыі ў Вісбю на востраве Готлянд. Укладальнік літаратурнага альманаху «Новы Замак» (Горадня, з 2012).

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Мы пішам таму, што любім гэта; нам хочацца расказаць гісторыю, значыць, чытачы маюцца на ўвазе. У маім выпадку гэта могуць быць тыя, каго цікавяць думкі чалавека з Горадні, які жыве пры былой Гарадніцы, на вуліцы ХVІІІ стагодзьдзя, дзе праяжджаў у карэце апошні кароль, дзе запісвалі ў першы полк БНР, пад вокнамі была беларуская школка, а па суседзтву дом, дзе жыў вядомы гісторык Ядкоўскі, што стварыў музэй у Старым замку, а на дзядзінцы адкапаў дзьве царквы — адну пад другой, дакапаўшыся да ХІІ стагодзьдзя; і яшчэ — на другім баку Гараднічанкі жыла пісьменьніца Ажэшка. Усё гэта так ці інакш трапляе ў мае тэксты.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Зразумела, большасьць з напісанага — made in Hrodna. Але пішу і ў паездках: у Варшаве, у Вільні, на Лянзаротэ, на Крыце. На Готляндзе за месяц зрабіў 120 старонак, удалося даць пачатак раману, цяпер закончанаму — называецца «Багуславія».

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Ніколі ня думаў, але калі абавязкова адказаць, то бадай гэта была б «Татарская пустыня» Дзіна Буцаці. А калі не, то тады варта было б назваць твор Сэнт-Экзюпэры. Хутчэй, «Цытадэль». Хаця падышоў бы і «Паўднёвы паштовы», і «Начны палёт», вельмі іх люблю, перачытваю.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Самае складанае пытаньне. Можа, той жа лейтэнант Джавані Дрога з «Татарскай пустыні»? Хаця адказ можа быць надуманым, пад уплывам таго, што мне падабаецца аўтар, які ўсё жыцьцё працаваў у газэтнай рэдакцыі, а я па адукацыі газэтчык.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Я лепей скажу, хто зь беларускіх пісьменьнікаў дапамог мне самому пачаць пісаць: Гарэцкі, Чорны, Скрыган; а таксама, магчыма, Мрый. Я ўсьведамляю значэньне Караткевіча для майго пісьменьніцкага сталеньня, але мне бліжэйшая іншая літаратура, іншыя аўтары. Напрыклад, Ана Бляндыяна, якая піша і апавяданьні, і вельмі сьціслыя эсэ, і кароткія філязафічныя вершы, і я думаю, што на маю манеру пісьма аказалі ўплыў перш за ўсё яе эсэ.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Польскія літаратурныя часопісы і першы раман Сашы Станішыча з Босьніі, які жыве ў Нямеччыне і піша па-нямецку — раман аб тым, як ня стала Югаславіі. Блізкая мне тэма — я чатыры разы быў у Чарнагорыі, два — у Харватыі. У мяне ёсьць «Чарнагорскі дзёньнік», напісаны вершам, і пачатая яшчэ ў 2006-м «югаслаўская аповесьць», вельмі хочацца яе дапісаць.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

У мяне па літоўскай у школе было пяць балаў, але з чытаньнем цяжка. Часам бяру ў рукі чэскі пераклад дзёньнікаў Камю, якія люблю перачытваць (хаця славацкая — больш зразумелая мова). Некалі мы з жонкай пачалі перакладаць «To Have and Have Not» Гэмінгуэя. Магу чытаць па-ўкраінску, але рэальна некалькі апошніх год пастаянна чытаю прозу па-польску.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Няма ўлюбёнай. Разнастайнымі атрымаліся «Цэнзарскія нажніцы», 62 творы, там ёсьць цікавыя дагэтуль для мяне самога рэчы. Але мне здаецца, найлепей выпісаць удалося апошнюю — «Багуславію».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Такіх некалькі: пра маё маленства ў ГДР, раманы пра Горадню і пра Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Усе яны пачатыя ў розны час. Ну й вышэйзгаданую «югаслаўскую» аповесьць, канечне.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Ня ведаю. Можа тады, калі бачу мора. Чаму? —

Наклееная ў пашпарт

віза з галяграмай

часова дазваляе

увайсьці ў чужыя

дзьверы і ня думаць

аб сваіх.

XS
SM
MD
LG