Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чвэрць стагодзьдзя таму, 27 ліпеня 1990 года, беларускі парлямэнт ухваліў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. 25 жніўня 1991 года, праз тры дні пасьля правалу путчу ў Маскве, Вярхоўны Савет 12-га скліканьня надаў дакумэнту статус канстытуцыйнага закону.

19 верасьня таго ж года ў сувязі з перайменаваньнем БССР у Рэспубліку Беларусь адпаведныя зьмены былі ўнесеныя ў назву і тэкст дэклярацыі.

15 сакавіка 1994 года ў разьвіцьцё палажэньняў дэклярацыі была прынятая новая Канстытуцыя. У 1991-1996 гадах 27 ліпеня адзначалася ў Беларусі як дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасьці. Пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году Днём Незалежнасьці стала лічыцца 3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску ад нацыстаў.

Дэклярацыя, якая працягвае мець законную сілу, складаецца з 12 артыкулаў. У першым артыкуле зазначаецца:

«Рэспубліка Беларусь — сувэрэнная дзяржава, якая ўсталявана на аснове ажыцьцяўленьня беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэньне, дзяржаўнасьці беларускай мовы, вяршэнства народу ў вызначэньні свайго лёсу».

«Праект дэкларацыі прапанаваў ЦК КПБ», — у інтэрвію БелаПАН згадвае Станіслаў Шушкевіч, які займаў тады пасаду першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савета БССР.

Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

Да таго моманту падобны дакумэнт ужо быў прыняты ў Расеі. Прадстаўлены раней праект дэпутатаў Беларускага народнага фронту быў адпрэчаны большасьцю. Варыянт ЦК КПБ быў істотна перапрацаваны, у яго ўвайшлі прапановы БНФ. «Хоць у Фронту засталася пэўная крыўда, паколькі ў 11-м артыкуле зьмяшчалася палажэньне аб распрацоўцы новай саюзнай дамовы. На знак пратэсту дэпутаты ад БНФ пакінулі залю пасяджэньняў», — сказаў былы першы віцэ-сьпікер, які ў верасьні 1991 года зьмяніў Мікалая Дземянцея на пасадзе старшыні парлямэнта.

Вельмі важным і ў той жа час нечаканым, дадаў Шушкевіч, стала наданьне дэклярацыі статусу канстытуцыйнага закону ў жніўні 1991 года, што стала базай для новага Асноўнага закону. «Важней таго дня, 27 ліпеня 1990 года, толькі 25 сакавіка 1918 году, калі ўпершыню была абвешчаная беларуская дзяржаўнасьць. І да 3 ліпеня гэта не мае дачыненьня. З ліпеня — гэта сьвята вызваленьня», — перакананы Шушкевіч.

Дэклярацыя аб сувэрэнітэце была «вельмі своечасовым і патрэбным актам»,- заявіў у інтэрвію БелаПАН дэпутат ВС 12-га скліканьня ад БНФ Лявон Баршчэўскі. Паводле яго слоў, першы год дакумэнт так і заставаўся дэклярацыяй, але гісторыя паказала, што ў палітыцы «пустых паперак» не бывае:

«Перад прыняцьцем дакумэнта ішла вайна за кожнае слова. Нам удалося паламаць пляны палітбюро. У нашым варыянце дэклярацыі было 30 з лішнім артыкулаў, і многія фармулёўкі ўвайшлі ў дакумэнт практычна ў нязьменным выглядзе. Хоць адстаяць удалося ня ўсё. Напрыклад, мы хацелі заявіць, што зьяўляемся бязьядзернай і нэўтральнай дзяржавай, але ў выніку было прынята, што такая мэта толькі ставіцца. А пры галасаваньні 11-га пункта мы выйшлі з залі».

Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі

«Дэклярацыю аб сувэрэнітэце прыняў абсалютна легітымны орган улады: фактычна толькі што абраны Вярхоўны Савет 12-га скліканьня. Асноўныя палажэнні дакумэнта, у тым ліку аб бязьядзерным статусе і нэўтралітэце, адлюстраваныя ва ўсіх рэдакцыях Канстытуцыі. І гэта — некаторая гарантыя ў цяперашні трывожны час» , - падсумаваў Баршчэўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG