Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямейнае сьвята Церашковых


Чытачы Свабоды Церашковы — бацькі Андрэй і Алена і чацьвёра дзетак — сярод сямейных сьвятаў маюць Дзень пажарнай службы і маюць да яго самае непасрэднае дачыненьне. Алена Церашкова дзеліцца з намі сваёй радасьцю. Дзень пажарнай службы адзначаецца ў Беларусі 25 ліпеня.

Гэты хлопчык на фота штогод разам з процьмай менскіх дзяцей страляе з брандспойта і асвойвае скаладром, заходзіць у дымакамэру і глядзіць воднае шоў. У захапленьні распавядае, як сядзеў за рулём пажарнай машыны, і марыць, калі вырасьце, авалодаць самай годнай мужчынскай прафэсіяй — прафэсіяй выратавальніка. І пакуль ня ведае невялічкі сямейны сакрэт. Сьвята тысяч мінскіх дзяцей прыдумалі ягоныя бацька і дзядуля.

У далёкім 1994 годзе начальнік пажарнай аховы гораду Менску палкоўнік Мікалай Церашкоў быў усур’ёз заклапочаны праблемай кадраў. Вогненная прафэсія патрабуе ад байца пажарнай аховы ня толькі асабістай адвагі, бездакорнага веданьня пажарнай тактыкі, разьвітай інтуіцыі. Гэтая прафэсія вымагае выдатнай фізычнай формы і жалезнага здароўя. Вось сыдуць на пэнсію зусім нестарымі вусатымі дзядзькамі маладыя афіцэры, што ўчора давалі прысягу, — хто прыйдзе на іх месца?

Часы перабудовы прытушылі рамантычныя парывы моладзі: прывабнымі сталі прафэсіі негераічныя, але пэрспэктыўныя зь меркаваньня грошай. Рынак даваў магчымасьць добра зарабіць бізнэсоўцам-каапэратарам, юрыстам, эканамістам, а маладыя і моцныя хлопцы ўсё часьцей ішлі не ў міліцыю і пажарныя, а ў ахоўнікі ды рэкеціры. І вось гэтае пытаньне — будучы кадравы голад — турбавала палкоўніка ня менш, чым імклівае пашырэньне гораду: можна націснуць на гарвыканкам і зь лічбамі ў руках прабіць будаўніцтва новай пажарнай часткі ў новым спальным мікрараёне, але ж пажар тушаць людзі. Дзе іх узяць?

І рашэньне прыйшло: дзеці! Гадаваць кадры трэба пачынаць з малых год, калі здаецца, што любыя горы пад сілу! А што, калі пажарная служба прыйдзе да менчукоў не тады, калі бяда, калі лік ідзе на сэкунды, а ў мірны час, і пакажа сваё майстэрства, свой спрыт, магутную тэхніку розных часоў — і пажарны воз з ручной помпай, і волат-«урал» з вадамётам на даху, і гігантскую лесьвіцу «Магірус», што дастане да 16-га паверха! Сьвята пажарнай службы — хіба не заслужылі яго і байцы, і афіцэры, і вэтэраны-пажарныя, што не марудзячы ішлі і ідуць у бой са стыхіяй, хай то пажар, паводка ці выбух на атамнай станцыі...

Сьвяту — быць! Палкоўнік Церашкоў падпісвае загад. Разам з сынам Андрэем — тады яшчэ лейтэнантам — яны прыдумляюць, што можна паказаць менчукам, што даць паспрабаваць непадрыхтаванай, але рызыкоўнай публіцы. Але трэба разынка. Што можа стацца гэткай разынкай? Вось бы антыкварны аўтамабіль! Але дзе яго возьмеш? Рашэньне прыйшло: пажарны воз! Андрэй Церашкоў вызвалены ад працы ў цэнтры рамонту пажарнай тэхнікі, туды прывезеная звычайны вясковы воз: праз 2 дні мусіць быць гатовы воз пажарны! І загад выкананы. Дзеля таго, каб аднавіць выгляд воза, давялося схадзіць у музэй пажарнай аховы і змаляваць яго там з макета. Ніхто ня ведае, што ледзь трывае трох вусачоў-пажарных у начышчаных медных касках ды помпу стары стэнд зь «ленінскага» пакою, што «бочка» — гэта тонкая фанэра з намаляванымі «дошкамі», што пажарны разьлік сядзіць на мосьціку, які перакідаецца праз рамонтную канаву, што пад старую пажарную лесьвіцу замаскіраваная сучасная драбіна-палка. Бадзёрая кабылка пад гук звана тупоча Праспэктам, і ўсе вочы скіраваныя на яе! Такога наогул ніхто ня бачыў, гэта ажылі вершы Самуіла Маршака пачатку ХХ стагодзьдзя, знаёмыя зь дзіцячага садка!

Тэхніка едзе ў парк, а возу — асобны загад: хутчэй дахаты, у родную частку. Бо нельга дапусьціць, каб на яго залезьлі дзеці — разваліцца насьціл. А разяватыя карэспандэнты віруюць па парку, каб зьняць калярытных барацьбітоў з агнём...

У тыя часы нават кашулі сустракаліся розных адценьняў хакі, ня кожнаму супрацоўніку выдаваліся берцы. Каб дамагчыся стылёвай еднасьці, давялося прыняць саламонава рашэньне. Усяму асабоваму складу даведзеная форма адзеньня: савецкія галіфэ і начышчаныя да бляску боты. Праўда, нават яны ёсьць ня ў кожнага, але, прынамсі, нешта можна пазычыць у калегі.

Дзед і ўнукі Церашковы
Дзед і ўнукі Церашковы

Сьвята з паказам тэхнікі плянуецца да 15-00. Падыходзіць гэты час, дадзена каманда згортвацца. Людзі стаміліся, нічога ня елі з раніцы. Да Мікалая Церашкова прарываецца разьюшаная кабета: «Чаму сьвята спыняюць?! Мы з Маладэчна зь дзецьмі ехалі! Я на Вас скардзіцца буду!» Мікалай Церашкоў унутрана пасьміхаецца: гэта ж трэба, сам жа сьвята прыдумаў, сам сарганізаваў, і вось тут на табе — на цябе яшчэ і паскардзяцца! Аддаў загад працягнуць сьвята яшчэ на дзьве гадзіны...

Ідуць гады. Дадаюцца новыя элемэнты сьвята, нешта здымаецца з праграмы. Але штогод запрашаюць на сьвята палкоўніка ў адстаўцы Мікалая Церашкова. А ён тэлефануе сыну і ўнукам: сустракаемся а палове на адзінаццатую на праспэкце Незалежнасьці! І чатыры пары дзіцячых вачэй шукаюць дзеда ў калёне вэтэранаў ці побач зь міністрам МНС ля Вечнага агню, і пстрыкаюць унукі фотаапаратамі і тэлефонамі, і выстойваюць чэргі на пераправу цераз рэчку, «тарзанку» ды скаладром. І вітаюцца зь сябрамі, якія ў гэты дзень, зразумела, мараць стаць пажарнымі і выратавальнікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG