Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пракуратура гораду Златавуст у Расеі запатрабавала прыбраць кнігу Булгакава зь бібліятэкі


Міхаіл Булгакаў

Міхаіл Булгакаў

Пасьля бойкі ў дзіцячым аздараўленчым лягеры ў Чалябінскай вобласьці пракуратура правяла праверку і вырашыла, што на дзяцей дрэнны ўплыў аказваюць «Сабачае сэрца» Булгакава і кнігі пра Анжаліку.

Пракуратура гораду Златавуст Чалябінскай вобласьці прызнала «Сабачае сэрца» Булгакава інфармацыяй, якая наносіць шкоду здароўю дзяцей, і на падставе адпаведнага фэдэральнага закону запатрабавала прыбраць гэты і шэраг іншых твораў зь бібліятэкі дзіцячага лягера.

З падрабязнасьцямі з Чалябінска Аляксандар Валіеў:

«У аздараўленчы лягер „Горны“ наляцела камісія ў складзе супрацоўнікаў пракуратуры Златавуста, мясцовага ўпраўленьня адукацыі і Расспажыўнагляду. Правяраючыя выявілі, што ў бібліятэцы лягера знаходзяцца кнігі, якія проціпаказаныя дзецям і падлеткам. У прыватнасьці, „Сабачае сэрца“ Булгакава, на думку правяраючых, можна чытаць толькі пасьля 12 гадоў, „1001 ноч“ — пасьля 16, а сэрыю раманаў пра Анжаліку Ан і Серж Галён — не раней паўналецьця.

На падставе фэдэральнага закону 436 правяраючыя запатрабавалі прыбраць усе кнігі з рэйтынгамі 12 і 16+ з паліц бібліятэкі. Камісія прыехала ў лягер пасьля бойкі двух падлеткаў, падчас якой адзін праламаў другому галаву каменем».

XS
SM
MD
LG