Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне камуністам забаранілі ўдзельнічаць у выбарах


Камуністычная партыя Ўкраіны ня можа быць суб’ектам палітычнага працэсу і ўдзельнічаць у выбарах.

Як паведамляе УНІАН, сёньня міністар юстыцыі Ўкраіны Павал Пятрэнка адзначыў, што «падпісаў загады, прававым наступствам якіх зьяўляецца тое, што гэтая палітычная сіла і іншыя камуністычныя партыі зь сёньняшняга дня ня могуць быць суб’ектам выбарчага працэсу і ня могуць удзельнічаць у мясцовых, агульнадзяржаўных і прэзыдэнцкіх выбарах».

Выступаючы на брыфінгу, міністар сказаў, што гэтае патрабаваньне адпавядае як дзейнаму закону аб мясцовых выбарах, так і закону, які нядаўна быў прыняты Вярхоўнай Радай і ў бліжэйшы час будзе падпісаны прэзыдэнтам.

Пятрэнка адзначыў, што Камуністычная партыя Ўкраіны (КПУ), КПУ (абноўленая) і Камуністычнай партыі работнікаў і сялян парушаюць закон аб забароне прапаганды камуністычнай ідэалёгіі.

На пытаньне, ці адменена рэгістрацыя КПУ і іншых камуністычных партый, Пятрэнка адказаў, што згодна з законам аб дэкамунізацыі, КПУ губляе статус удзельніка выбарчага працэсу. Па словах міністра, КПУ застаецца ў статусе юрыдычнай асобы да моманту, пакуль суд не адменіць рэгістрацыю. «То бок, гэта ўжо тэхнічнае пытаньне», — дадаў ён.

Пятрэнка падкрэсьліў, што пасьля прыняцьця законаў аб дэкамунізацыі Міністэрства юстыцыі сфармавала незалежную камісію, якая праводзіла праверку на адпаведнасьць трох камуністычных партый ва Ўкраіне — КПУ, Кампартыі (абноўленай) і Камуністычнай партыі работнікаў і сялян. «На падставе працы камісіі былі ўхваленыя высновы, якія згодна з законам былі прадстаўлены Міністэрству юстыцыі для прыняцьця канчатковага рашэньня», — сказаў міністар.

У сваю чаргу лідэр КПУ Пётар Сіманенка заявіў, што Кампартыя шукае варыянты ўдзелу ў выбарах у мясцовыя саветы.

Камэнтуючы інфармацыю пра забарону Кампартыі Ўкраіны ўдзельнічаць у выбарах, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Калі Ўкраіна хоча быць дэмакратычнай краінай, яна не павінна прымаць такія рашэньні. Нават калі, умоўна кажучы, ёсьць падставы, а я сумняваюся ў гэтым, для ліквідацыі партыі, то гэта павінна быць рашэньне суду. Калі суд дакажа, што былі злачынствы супраць Канстытуцыі. Ва ўсіх астатніх выпадках — гэта палітычнае рашэньне для таго, каб прыбраць з выбараў канкурэнтаў, якія могуць цябе абгуляць. А сёньня ў кіеўскіх уладаў настолькі дрэнна ідуць справы, што ім любы канкурэнт не патрэбны. Таму адхіленьне Кампартыі ад выбараў — гэта проста незаконнае ўхіленьне канкурэнта і боязь яму прайграць. Рашэньне абсалютна неправавое. Я перакананы, што Эўрапейскі суд па правах чалавека гэтае рашэньне прызнае неправамоцным. Імкнучыся ў Эўразьвяз, ім давядзецца падпарадкоўвацца эўрапейскім правілам».

Паводле былога старшыні Вярхоўнага Савету Мечыслава Грыба, калі дзейнасьць Кампартыі ва Ўкраіне забаронена, то гэтая партыя ня можа быць легальнай і ня мае права легальна дзейнічаць.

«Партыі, якія не зарэгістраваныя і антыдзяржаўныя, ня могуць вылучаць сваіх кандыдатаў. Гэта ня толькі ва Ўкраіне, так ёсьць ва ўсім сьвеце. У гэтым нічога незвычайнага няма. Яны ня могуць дазволіць партыі браць удзел у выбарах, калі яна забароненая. Так ва ўсім сьвеце.

Дарэчы, у Беларусі ў 90-я гады камуністычная партыя была таксама забароненая. Пасьля таго як улада ў Беларусі памянялася і да ўлады прыйшоў прэзыдэнт, гэтую забарону зьнялі і пакінулі ім сьвята 7 лістапада. Таму кампартыя была забароненая і ў Беларусі, у іх забралі будынкі, усю маёмасьць. А ці будзе гэтая забарона зноў, цяжка сказаць. Усё залежыць ад таго, якая будзе ўлада і як будзе сябе паводзіць кампартыя. Ва Ўкраіне мяркуюць, ня ведаю, абгрунтавана ці не, што кампартыя падтрымлівае сэпаратыстаў, дзейнасьць Расеі. То бок яна падтрымлівае тых людзей, якія выступаюць супраць Украіны. Таму, прабачце, хто іх будзе трымаць?!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG