Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 25 ліпеня: дзень апошняга спачыну Насовіча, Караткевіча, Арсеньневай, Брыля


Купалле-2009. Горадня.

Купалле-2009. Горадня.

Фота дня

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

У Беларусі адзначаецца Дзень пажарнай службы.

У Менску ў офісе Партыі БНФ адбудзецца ліпеньскі сойм партыі. Пачатак у 11.00.

У менскай ратушы адбудзецца спэктакль-здарэньне «Спатканьне», адзіны ў Беларусі вулічны монаспэктакль з элемэнтамі клаўнады. У галоўнай ролі Ўладзімір Галак. Пачатак у 14.30.

У 20.00 каля менскай ратушы адбудзецца трэцяя субота фэстывалю клясычнай музыкі «Клясыка каля ратушы з velcom». «Поры года» Вівальдзі, «Жарт» Баха і іншыя знакамітыя клясычныя творы будуць граць на саксафоне. Таксама ў гэты вечар на прыступкі канцэртнай залі «Верхні горад» падымецца ансамбль салістаў «Партыта».

У раёне пасёлка «Ждановічы» (цэнтар «Лідэр», у канцы праспэкту Пераможцаў; 1 км за МКАД) адбудзецца 3-ці Міжнародны рэтра-мотафэстываль «Кола Часу 2015». На мерапрыемства зьбяруцца больш за 150 удзельнікаў.

У літоўскім Зарасаі, горадзе на мяжы Літвы, Беларусі і Латвіі пройдзе музычны фэстываль Galapagai, дзе выступяць Mobb Deep (ЗША), Pendulum (Вялікабрытанія), Аліна Арлова (Літва) і многія іншыя артысты. Беларусь будуць прадстаўляць Trubetskoy і Drum Ecstasy.

У гісторыі:

1410 — войскі Польшчы і ВКЛ пачалі аблогу сталіцы Тэўтонскага ордэну, Марыенбургу (сёньня горад Мальбарк у Польшчы). Аблога крыжацкага замку ў Марыенбургу — найбольшай крэпасьці ў тагачаснай Эўропе — працягвалася два месяцы, але закончылася бяз посьпеху. Абаронца Марыенбургу Генрых фон Пляўэн зрабіў сабе рэпутацыю выратавальніка крыжацкага ордэну ад татальнага зьнішчэньня.

1550 — у пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца Узда (як двор Корсакаў у Менскім павеце). Сёньня гэта горад, цэнтар Узьдзенскага раёну Менскай вобласьці.

1853 — у Менску створана першая прафэсійная пажарная каманда.

1917 — у Мінску скончыўся Зьезд беларускіх арганізацый i партый, які ўтварыў Цэнтральную раду беларускіх арганізацый. Рада імкнулася аб’яднаць усе нацыянальна-дэмакратычныя сілы на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. Друкаваны орган рады — газэта «Вольная Беларусь». У склад выканаўчага камітэту былі выбраныя Уладзімер Галубок, Язэп Лёсік, Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Аркадзь Смоліч, Усевалад Фальскі. Дамінуючае становішча ў Радзе займалі прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады. Пасьля рэарганізацыі ў кастрычніку Цэнтральная рада беларускіх арганізацый ператварылася ў Вялікую беларускую раду.

1993 — у Лідзе адкрыты помнік Францыску Скарыну.

2004 — паводка ў Менску, падчас якой былі затопленыя цэнтральныя вуліцы на месцы колішняга рэчышча Нямігі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1903 — беларускі вучоны батанік-дэндроляг Мікалай Несьцяровіч, акадэмік АН БССР. Асноўныя працы прысьвечаны інтрадукцыі і акліматызацыі драўняных расьлін.

1936 — беларускі архітэктар Леанід Левін, адзін са стваральнікаў мэмарыяльных комплексаў «Хатынь» і «Яма».

1937 — беларускі кампазытар Дзьмітры Смольскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, народны артыст Беларусі.

У гэты дзень памёрлі:

1877 — Іван Насовіч, беларускі філёляг, этнограф і фальклярыст, стваральнік «Слоўніка беларускай мовы»

1984 — беларускі пісьменьнік Уладзімер Караткевіч.

1997 — Натальля Арсеньнева, беларуская эміграцыйная паэтка

2006 — беларускі пісьменьнік Янка Брыль

Цытата:

Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаваньне і плюе на «спрадвечны» закон.

Уладзімер Караткевіч

XS
SM
MD
LG