Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўспомніў пра пэнсіянэраў, пэнсіі павысяць на 5%


Belarus - (Not so) merry pictures, for all topics, 30Dec2011
Belarus - (Not so) merry pictures, for all topics, 30Dec2011

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка даручыў знайсьці магчымасьць для павышэньня пэнсіяў з 1 верасьня.

24 ліпеня ён праводзіў нараду пра асобныя пытаньні сацыяльнага забесьпячэньня, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

Міністар працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна адзначыла, што тэмпы росту заробкаў у краіне ўвязаныя з прадукцыйнасьцю працы, таму паступленьні ў фонд сацабароны ідуць павольней і ў ніжэйшых памерах, чым плянавалася пры фармаваньні бюджэту на 2015 год. На працягу паўгода пэнсіі не пераразьлічваліся.

Лукашэнка загадаў адшукаць сродкі дзеля таго, каб павысіць пэнсіі з 1 верасьня на 5%.

Міністар сказала, што гэтая задача будзе выканана.

Таксама Лукашэнка сказаў, што недапушчальна звальняць пэнсіянэраў, здольных працаваць далей.

«У СМІ чытаю пра пазыцыю некаторых кіраўнікоў прадпрыемстваў і падыходы, якія дазваляюць, захоўваючы працоўныя калектывы, звальняць пэнсіянэраў. Маўляў, сытуацыя складваецца такая. Вось гэтага дапускаць нельга! Хоча чалавек працаваць, можа працаваць — няхай працуе. Інакш наш лёзунг аб сацыяльнай дзяржаве так і застанецца лёзунгам. Па-чалавечы трэба ставіцца да людзей. Але калі некаторыя кіраўнікі гэтага не разумеюць, то трэба перш за ўсё кіраўніка адправіць на вуліцу, таму што бязь ведама ўлады ён нікуды не ўладкуецца, і потым паглядзім, як ён будзе сябе паводзіць. Нельга фармальна выконваць пастаўленыя мной задачы», — адзначыў Лукашэнка.

Кіраўнік краіны сказаў, што пра пэнсіянэраў і іншыя сацыяльна неабароненыя пласты насельніцтва трэба памятаць заўсёды. «І справа тут ня ў выбарах», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Сярэдняя пэнсія па ўзросьце ў Беларусі складае 2,749 млн беларускіх рублёў. Цяпер у краіне больш за 2,5 млн пэнсіянэраў, зь іх 646 тысяч працуюць.

«Але астатнія жывуць на пэнсію. Таму сёньня мы абавязаныя своечасова і поўна выплаціць пэнсію гэтым людзям», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле Лукашэнкі, сёлета тэмп росту заробкаў невысокі, бо ён жорстка зьвязаны з тэмпам росту прадукцыйнасьці працы:

«Але гэта правільна, гэта законы эканомікі, ад гэтага нікуды ня дзенесься. Тым больш у складаныя часы ніхто з гэтымі пытаньнямі ў ніводнай дзяржаве не сваволіць і ня балуецца. А раз заработная плата не такая вялікая, значыць, у нас і пэнсіі адпаведным чынам прывязаныя да заробкаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG