Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пікетах у Горадні: «Людзі хочуць зьменаў, але каб тыя адбыліся бязь іх удзелу...»


На пікетах па зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта ў Горадні можна пабачыць амаль усе выбарчыя атрыбуты: дыскусіі, агрэсію, абыякавасьць, пачуць рэзкія словы і пэсымістычныя выказваньні.

У Горадні за першыя два дні збору подпісаў заўважныя пакуль толькі тры ініцыятыўныя групы. Адна з іх зьбірае подпісы за Аляксандра Лукашэнку, другая — за Тацяну Караткевіч, і яшчэ адна — за Анатоля Лябедзьку.

Прыхільнікі Караткевіч разьмясьціліся на вуліцы Паліграфістаў, дзе пачынаецца гарадзенскі рынак «Цэнтральны». Месца даволі бойкае, людзей мінае шмат. Вялікай цікавасьці да пікетоўцаў мінакі не праяўляюць, хоць многія падыходзяць да пляката са здымкам Караткевіч і цікавяцца напісаным.

Вось мужчына ўжо перадпэнсійнага веку доўга і ўважліва чытае тэкст на плякаце. Цікаўлюся ў яго: ці будзе ставіць свой подпіс? Ён адказвае мне з усьмешкай:

— Не, цяпер я нічога ня буду падпісваць. Гэта раней удзельнічаў ва ўсякіх акцыях, а цяпер трэба да пэнсіі дапрацаваць, бо стажу яшчэ замала. Падпішуся за каго, то праблемы могуць быць. Для нас, канечне, патрэбныя новыя людзі і новыя адкрыцьці. Але, думаю, яшчэ цяпер зьменаў ня будзе. Я ня веру ў гэта.

А вось жанчына пэнсійнага веку дастае пашпарт і просіць, каб запісалі яе дадзеныя. І аргумэнты свае выкладвае адразу:

— Досыць мужчын, няхай матрыярхат пабудзе. Трэба, каб новая кроў прыйшла, як у кожнай нацыі, каб нешта было новае ў будучыні для дзяцей...

А вось старэйшая спадарыня кажа, што няма ніякага сэнсу ставіць подпісы і хадзіць на выбары. Яна распавядае, што не дае рады пражыць на сваю пэнсію, бо ўвесь час дапамагае ўнуку, які застаўся сіратой. Дый ейнае атачэньне, суседзі скардзяцца на тое, што не даюць рады пражыць і на выбары сёлета папросту ня пойдуць.

— Многія людзі цяпер задумваюцца над тым, як жыць далей. Вось нават будаўнікі крыўдавалі, што ў іх нізкія заробкі — па 4–5 мільёнаў, а трэба сям’ю карміць. Езьдзяць у камандзіроўкі на тую атамную станцыю, а там толькі абедам кормяць, а сьняданьне і вячэру трэба самім рабіць. Цяжка там працаваць па 12 гадзін, а ў хаце сям’я чакае...

Сябра ініцыятыўнай групы Тацяны Караткевіч Зьміцер Бандарчук кажа, што з сваіх назіраньняў бачыць, як людзі нечага шукаюць, бо ім патрэбныя перамены ў сувязі з эканамічным станам. Але яны вельмі асьцярожныя, бо напалоханыя падзеямі ва Ўкраіне.

— Зьменшылася ня толькі людзкая актыўнасьць, але нават актыўнасьць тых, хто браўся заўсёды зьбіраць подпісы ў ініцыятыўнай групе. Маўляў, давайце, каб усё было ціха і каб ня выбухнула так, як у суседзяў.

Яшчэ адзін актывіст з ініцыятыўнай групы Тацяны Караткевіч, Вадзім Саранчукоў, дадае:

— Па шчырасьці, я б канстатаваў рост незадаволенасьці людзей жыцьцём — усе кажуць, што становіцца горш і горш. Але ў той самы час, параўноўваючы з 2010 годам, усё меней людзей хацелі б удзельнічаць у зьмене ўлады. Людзі хочуць зьменаў, але каб тыя адбыліся бязь іх удзелу...

Побач са зборшчыкамі подпісаў за Анатоля Лябедзьку каля крамы «Няміга» цікаўных людзей болей. Вось спадар ставіць свой подпіс за Лябедзьку, а кажа, што на выбары ісьці ня варта.

— Толку і так ніякага ня будзе, і Лябедзька нічога тут ня зробіць. От стаўлю подпіс, бо ведаю яго асабіста. Можа, гэта яму нечым дапаможа, нейкі імідж яго падыме. Так ці інакш, а змагацца трэба ўсімі сродкамі.

А вось сталая спадарыня цікавіцца — ці ня тут ставяць подпісы за Лукашэнку? Яна недачувае і некалькі разоў перапытвае, а потым тлумачыць, дзеля чаго гэта патрэбна.

— Вайны няма? Няма. Што, жывём мы дрэнна? Добра, усё ў крамах ёсьць. А ўзгадайце, як стаялі ў чэргах па каўбасу і нават па хлеб...

Яшчэ адна спадарыня дадае, што трэба галасаваць за Лукашэнку, бо ў Беларусі ціха і няма вайны. Пачынаецца дыскусія:

— На Ўкраіну ніхто не спрабаваў нападаць, аднак паглядзіце што там робіцца. Што вы кажаце, што Расея напала на Ўкраіну, гэта Амэрыка напала...

— І хто там з амэрыканцаў ваюе?

— Ды вы хоць трохі паглядзіце тэлебачаньне, праграмы Ўладзіміра Салаўёва, там такія заслужаныя людзі выступаюць... Яны разумеюць у палітыцы і жыцьці.

XS
SM
MD
LG