Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Салігорскія чыноўнікі: беларускамоўных школ няма, бо бацькі гэтага ня просяць


У Салігорскім райвыканкаме не заўважаюць парушэньня моўнага заканадаўства, а прадстаўленыя праваабаронцамі факты дыскрымінацыі беларускамоўных грамадзян увогуле праігнаравалі.

Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт

Адзіную рэакцыю салігорскіх уладаў на даклад праваабаронцаў выклікала тэма беларускамоўнага навучаньня. Старшыня райвыканкаму Аляксандар Рымашэўскі фактычна пацьвердзіў адсутнасьць беларускіх школ і садкоў у горадзе, абгрунтаваўшы гэта наяўнасьцю садкоў і школ зь беларускай мовай у сельскай мясцовасьці. Па словах кіраўніка раёну, павелічэньне колькасьці беларускамоўных садкоў ці груп, беларускамоўных школ ці клясаў можа адбыцца толькі на падставе заяў бацькоў вучняў, але такіх заяваў нібыта няма.

«Чыноўнікі вельмі часта хаваюцца за законамі, абгрунтоўваючы сваю няздольнасьць ці нежаданьне зьмяняць жыцьцё людзей да лепшага. У сваім дакладзе мы нікога не абвінавачвалі і не крытыкавалі. Мы абсалютна канструктыўна прад’явілі канкрэтныя факты дыскрымінацыі, візуальна бачныя кожнаму. Уладам неабходна было ўсяго толькі скарыстацца нашай працай, каб выправіць праблемныя моманты і тым самым здабыць падтрымку канкрэтнай часткі грамадзтва, — кажа каардынатар працы па дакладзе Леанід Мархотка. — Салігорскія чыноўнікі, на жаль, даслалі нам адпіску, падаслаўшы саломку ў выглядзе недасканалага закону. Так, айчыннае заканадаўства ня мае дастатковага мэханізму абароны ад моўнай дыскрымінацыі, але чыноўнікі павінны кіравацца ня толькі літарай, але і духам закону».

На думку праваабаронцы, дух закону «Аб мовах» палягае ў роўнасьці носьбітаў беларускай і расейскай моваў. І ўжо ніяк не замінае існуючае моўнае заканадаўства пры наяўнасьці добрай волі ў чыноўнікаў гэтую роўнасьць забясьпечыць. Закон абсалютна не перашкаджае салігорскім чыноўнікам павесіць шыльды ці інфармацыйныя матэрыялы ў выканкаме і іншых дзяржаўных установах на беларускай мове. Не перашкаджае закон і стварэньню ў Салігорску беларускамоўных садкоў і школ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG