Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастухоў: Марыне Адамовіч больш няма куды скардзіцца


 Міхал Пастухоў

Міхал Пастухоў

Былы сябра Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў назваў адмову Вярхоўнага суду разглядаць скаргу на нерэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Міколы Статкевіча парушэньнем права на судовую абарону.

Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу, якую жонка палітвязьня падала адразу пасьля адмовы ЦВК зарэгістраваць ініцыятыўную групу па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Міколы Статкевіча.

Як паведаміла Радыё Свабода жонка палітвязьня Марына Адамовіч, аб 11 гадзіне ёй пазванілі з канцылярыі суду і сказалі, што «суд адмовіў у разглядзе скаргі па сутнасьці».

«Вярхоўны суд павінен быў разглядзець усе довады з абодвух бакоў. Тым больш што так і не прагучала выразнага юрыдычнага адказу на тое, чаму ня можа быць зарэгістраваная ініцыятыўная група Міколы Статкевіча. Тое, што ён, знаходзячыся ў турме, ня можа быць зарэгістраваны як кандыдат, — гэта адно. Але рэгістрацыя ініцыятыўнай групы па яго вылучэньні — іншае. З гэтым трэба разабрацца. Цяпер атрымліваецца, што суд фармальна вызначыў сваю пазыцыю, проста пагадзіўшыся з рашэньнем ЦВК», — сказаў Міхаіл Пастухоў.

Ён лічыць, што скаргі на нерэгістрацыю павінен разглядаць не Вярхоўны, а Канстытуцыйны суд:

«Тут гутарка ідзе пра выкананьне канстытуцыйных правоў грамадзянаў. Таму я лічу, што гэта сфэра кантролю з боку Канстытуцыйнага суду, калі б, вядома, ён у нас выконваў свае функцыі».

Юрыст адзначыў, што скарга ў Вярхоўны суд — гэта апошні крок, які магла зрабіць Марыны Адамовіч, каб юрыдычна абараніць Міколу Статкевіча і тых, хто выявіў жаданьне зьбіраць подпісы за яго вылучэньне:

Марына Адамовіч

Марына Адамовіч

«Любая скарга грамадзяніна павінна разглядацца на адкрытым судовым паседжаньні. Суд павінен пачаць афіцыйную працэдуру, правесьці паседжаньні і вынесьці рашэньне. Тое, што скаргу Марыны Адамовіч адмовіліся нават разглядаць, — гэта парушэньне працэдуры судовага разбору. Але спадарыні Адамовіч няма куды далей скардзіцца, Вярхоўны суд — гэта апошняя інстанцыя, яго высновы ня могуць быць абскарджаныя. Гэта, на мой погляд, таксама вялікі недахоп існуючай судовай сыстэмы. Выходзіць, што дарога для Марыны Адамовіч і тых, хто падтрымаў Міколу Статкевіча, далей закрытая. Але незадаволенасьць у шырокай групы грамадзянаў рашэньнем ЦВК і Вярхоўнага суду застанецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG