Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турцыя бамбуе «Ісламскую дзяржаву» і дасьць свае базы ЗША для ўдараў па ісламістах


Катарскі тэлеканал «Аль-Джазіра» паведамляе, што чатыры зьнішчальнікі F-16 турэцкіх ВПС нанесьлі сэрыю ўдараў па пазыцыях баевікоў «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі, недалёка ад мяжы з Турцыяй. Былі атакаваныя пазыцыі ІД каля вёскі Хавар (недалёка ад Алепа).

Дзяржаўнае тэлебачаньне Турцыі падкрэсьлівае, што турэцкія зьнішчальнікі не ўрываліся ў паветраную прастору Сырыі, выпусьціўшы ракеты па пазыцыях баевікоў, знаходзячыся над тэрыторыяй Турцыі. Усе самалёты вярнуліся на базу Дыярбакыр.

Тым часам паведамляецца, што ўлады Турцыі гатовыя даць ЗША адну з сваіх вайскова-паветраных баз для нанясеньня ўдараў па пазыцыях радыкальнай ісламісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Пра гэта Бі-бі-сі паведамілі некалькі амэрыканскіх чыноўнікаў на ўмовах ананімнасьці, паколькі пагадненьне яшчэ толькі трэба будзе афіцыйна падпісаць.

Дамоўленасьць аб такім супрацоўніцтве была канчаткова дасягнута падчас тэлефоннай размовы паміж прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам і яго турэцкім калегам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам у сераду, паведамляюць крыніцы.

Гаворка можа ісьці пра базу «Інджырлік», якая месьціцца недалёка ад мяжы з Сырыяй.

У чацьвер на турэцка-сырыйскай мяжы адбылося прамое сутыкненьне паміж турэцкай арміяй і сіламі «Ісламскай дзяржавы», а на пачатку тыдня ў турэцкім горадзе Суруч у выніку выбуху загінулі 32 чалавекі — адказнасьць за інцыдэнт Анкара ўсклала на ІД.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG