Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт Расеі прапануе скасаваць вяршэнства міжнароднага права


Кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін прапанаваў выключыць з расійскай канстытуцыі палажэньні, згодна зь якімі нормы міжнароднага права зьяўляюцца часткай прававой сыстэмы краіны.

У інтэрвію «Российской газете» Бастрыкін заявіў, што Расея павінна як мага хутчэй прывесьці сваё заканадаўства ў адпаведнасьць зь нядаўнім рашэньнем Канстытуцыйнага суду, які дазволіў не выконваць асобныя рашэньні міжнародных судоў.

Кіраўнік СКР адзначыў, што для гэтага трэба падняць пытаньне аб скліканьні канстытуцыйнага сходу. На яго думку, сход мог бы скарэктаваць і шэраг іншых канстытуцыйных палажэньняў, бо расейскаму асноўнаму закону ўжо больш за 20 гадоў.

Бастрыкін зімой ўжо прапаноўваў адмовіцца ад прынцыпу вяршэнства міжнароднага права. На яго думку, гэты прынцып актыўна выкарыстоўваюць заходнія апанэнты Расеі.

У чэрвені расейскі Канстытуцыйны суд дазволіў уладам краіны не выконваць некаторыя рашэньні Эўрапейскага суду па правах чалавека. Расейскія судзьдзі палічылі, што рашэньні ЭСПЧ падлягаюць выкананьню толькі пры адпаведнасьці канстытуцыі РФ.

Падставай для разгляду гэтага пытаньня ў Канстытуцыйным судзе стала рашэньне ЭСПЧ спагнаць з Расеі амаль 2 млрд эўра на карысьць былых акцыянэраў нафтавай кампаніі ЮКАС. Расея ў сваю чаргу заявіла пра нежаданьне выконваць гэтае рашэньне.

XS
SM
MD
LG