Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэра расейскіх нацыстаў за 5 забойстваў суд можа апраўдаць


Ільля Гарачаў

Ільля Гарачаў

Маскоўскі гарадзкі суд у пятніцу абвесьціць прысуд лідэру БОРН (Баявой арганізацыі расейскіх нацыяналістаў) Ільлю Гарачаву, якога прысяжныя аднадушна прызналі вінаватым у арганізацыі ўсіх інкрымінаваных яму пяці забойстваў.

Як вынікае з вэрдыкту калегіі, падсудны аддаў загад забіць антыфашыстаў Фёдара Філатава і Ільлю Джапарыдзэ, адваката Станіслава Маркелава, студэнта, ураджэнца Азэрбайджану Расула Халілава і грамадзяніна Таджыкістану Салахідзіна Азізава.

У ходзе абмеркаваньня юрыдычных наступстваў вэрдыкту дзяржабвінавачаньне запатрабавала для Гарачава пажыцьцёвага пазбаўленьня волі.

Абарона лічыць, што, нягледзячы на абвінаваўчы вэрдыкт прысяжных, суд можа вынесьці Гарачаву апраўдальны прысуд, адзначае «Інтэрфакс». Акрамя таго, адвакаты лічаць, што іх падабароннаму ня можа быць прызначана пажыцьцёвае зьняволеньне паводле закону аб экстрадыцыі. «Гарачаў быў экстрадаваны з Сэрбіі, там за падобнае злачынства максімум даюць 40 гадоў пазбаўленьня волі», — сказаў адвакат Мікалай Полазаў.

Разгляд справы ў дачыненьні да Ільлі Гарачава ў прысутнасьці калегіі прысяжных пачалося 2 чэрвеня. Гарачаў адмаўляў сваю віну.

Паводле вэрсіі сьледзтва, у сярэдзіне 2008 году ў Маскве Гарачаў і Мікіта Ціханаў, які цяпер адбывае пажыцьцёвы тэрмін, стварылі экстрэмісцкую суполку і ўзброеную групу БОРН. Іх мэтай сталі забойства грамадзян па матывах ідэалягічнай і нацыянальнай нянавісьці і варожасьці, замах на жыцьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

XS
SM
MD
LG