Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлюсконі ня будзе расейскім міністрам


Пуцін і Бэрлюсконі ў Анкары, 2009

Пуцін і Бэрлюсконі ў Анкары, 2009

Крэмль абверг паведамленьні італьянскіх СМІ аб тым, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прапаноўваў экс-прэм’еру Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі міністэрскую пасаду ў расейскім урадзе.

У чацьвер італьянская газэта La Stampa паведаміла, што Бэрлюсконі распавёў аднапартыйцам па арганізацыі «Наперад, Італія» аб прапанове Пуціна выдзеліць яму грамадзянства і працу ва ўрадзе.

«Толькі падумайце, у Італіі мяне адціскаюць на задворкі, а тым часам Уладзімір Пуцін сказаў, што гатовы даць мне грамадзянства і паставіць на чале расейскага міністэрства эканомікі», — прыводзіла выданьне словы Бэрлюсконі.

Адказваючы на пытаньне агенцтва Інтэрфакс, прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў нагадаў, што ў Пуціна з Бэрлюсконі даўнія сяброўскія адносіны, аднак заклікаў не ўспрымаць словы італьянца літаральна.


«У дадзеным канкрэтным выпадку маецца на ўвазе фігуральна падтрымка Бэрлюсконі, і гэта трэба ўспрымаць менавіта як фігуральную падтрымку, а не фармальную прапанову заняць нейкую афіцыйную пасаду, што, вядома ж, немагчыма», — сказаў Пяскоў.

Расейскі прэзыдэнт і былы італьянскі прэм’ер зьяўляюцца даўнімі сябрамі і рэгулярна сустракаюцца. У канцы чэрвеня паведамлялася, што Ўладзімір Пуцін і Сыльвіё Бэрлюсконі правялі выходныя на Алтаі. Незадоўга да гэтага Бэрлюсконі прыехаў на сустрэчу да Пуціна ў аэрапорт пасьля заканчэньня яго візыту ў Італію.

78-гадовы Бэрлюсконі — адзін з самых яркіх палітычных дзеячаў Італіі. Ён быў прэм’ер-міністрам краіны тры разы і на працягу многіх гадоў узначальвае створаную ім партыю «Наперад, Італія!» Бэрлюсконі таксама валодае футбольным клюбам «Мілан» і ўваходзіць у сьпіс самых багатых людзей сьвету паводле вэрсіі часопіса Forbes.

Італьянская юстыцыя вылучала супраць яго абвінавачваньні ў фінансавых і сэксуальных злачынствах. У 2012 годзе ён быў прысуджаны да чатырох гадоў турмы за ўхіленьне ад падаткаў, але вызвалены ад адбыцьця пакараньня ў сувязі з амністыяй і ўзростам. Па так званай «справе Рубі» (інтымная сувязь зь непаўналетняй за грошы і выкарыстаньне службовага становішча для яе вызваленьня з паліцэйскага ўчастку) у 2013 годзе атрымаў сем гадоў, аднак затым быў апраўданы вышэйшай інстанцыяй.

Бэрлюсконі ўсё адмаўляў і казаў пра палітычную прадузятасьць пракурораў і судзьдзяў.

XS
SM
MD
LG