Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паляк пераляцеў беларускую мяжу на парапляне


Жыхара Беластоку затрымалі ў Сьвіслацкім раёне. Малады паляк патлумачыў, што страціў арыентацыю.

22 ліпеня, паводле сыгналу мясцовага жыхара, гарадзенскія памежнікі сумесна з прадстаўніком добраахвотнай дружыны затрымалі ў Сьвіслацкім раёне парушальніка мяжы. Як паведамілі БелаПАН у Дзяржаўным памежным камітэце, грамадзянін Польшчы, 26-гадовы жыхар Беластоку, пераляцеў польска-беларускую мяжу на безматорным лятальным апараце — парапляне.

Пры сабе ў маладога чалавека былі радыёстанцыя, смартфон, ліхтар, сродкі першай мэдыцынскай дапамогі, таблеткі без упакоўкі, пасьведчаньне кіроўцы, банкаўскія плястыкавыя карткі, грошы.

Паводле грамадзяніна Польшчы, ён страціў арыенціроўку на мясцовасьці ў часе палёту. Пачаты адміністрацыйны працэс за парушэньне дзяржаўнай мяжы з выкарыстаньнем безматорнага лятальнага апарата.


Сёньня ж уступіла ў сілу новая рэдакцыя закону аб дзяржаўнай мяжы Беларусі. Паводле новых нормаў, павялічаныя памеры штрафаў, якія накладаюцца за наўмыснае незаконнае перасячэньне мяжы Беларусі (з 50 да 100 базавых велічыняў) або парушэньне парадку гаспадарчай ці іншай дзейнасьці (з 30 да 50 базавых велічыняў).


Гэта ня першы выпадак парушэньня замежнікамі паветранай мяжы Беларусі.

У 2012 грамадзяне Швэцыі бесперашкодна перасяклі на легкаматорным самалёце беларуска-літоўскую мяжу і скінулі над Івянцом плюшавых мядзьведзікаў на знак пратэсту супраць парушэньня свабоды слова ў Беларусі, пасьля чаго вярнуліся на свой аэрадром у Літве.

20 гадоў таму ў небе над Бярозай беларуская авіяцыя расстраляла паветраны шар з амэрыканскімі паветраплавальнікамі. У выніку падзеньня з двухкілямэтровай вышыні загінулі спартоўцы-экстрэмалы Алан Фрэнчэль і Джон Ст’юарт. Яны былі ўдзельнікамі міжнароднага спаборніцтва паветраплавальнікаў, якое стартавала ў Швайцарыі.

XS
SM
MD
LG