Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

23 ліпеня стартаваў чарговы этап прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Ініцыятыўныя групы васьмі кандыдатаў павінны сабраць сама меней 100 тысяч сапраўдных подпісаў выбарцаў на карысьць свайго кандыдата. Гэта той мінімум, безь якога прэтэндэнта не зарэгіструюць у якасьці афіцыйнага кандыдата на прэзыдэнта.

Выбарчы кодэкс дае на збор подпісаў 30 каляндарных дзён. Гэта азначае, што іх можна зьбіраць па 21 жніўня ўключна. Аднак патэнцыйныя прэтэндэнты вырашылі не адкладаць справу «на потым» і адразу ўзяліся за працу.

Першыя ўражаньні — сабраць 100 тысяч подпісаў будзе няпроста. Так лічыць, напрыклад, кіраўнік выбарчага штабу лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна Валеры Ўхналёў. Партыйны пікет ладзілі на скрыжаваньні «пісьменьніцкіх» вуліц — Івана Мележа і Якуба Коласа:

«Уражаньне такое — людзей не турбуюць выбары, яны пра іх ня ведаюць. Калі пачынаеш зь імі размаўляць, то бачна, што яны і ня хочуць пра гэта ведаць. Ня ведаю, як будзе далей, але пакуль стаўленьне да выбараў абыякавае. Ёсьць, натуральна, і людзі зацікаўленыя. Яны падыходзяць самі, расьпісваюцца. Але, буду шчыры, такіх адзінкі».

Кіраўнік выбарчага штабу патэнцыйнага прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Анатоля Лябедзькі Леў Марголін стаіць у пікеце каля будынку ГУМа:

«Пакуль народ раскачваецца. Многія наагул ня ведаюць пра выбары. А стаўленьне да нашага кандыдата такое — альбо станоўчае, альбо скептыцызм. Такіх рэзка адмоўных словаў на яго адрас няма».

Насупраць пікету Аб’яднанай грамадзянскай партыі, на другім баку праспэкту Незалежнасьці, разьмясьціліся чальцы ініцыятыўнай групы эканаміста Віктара Цярэшчанкі. Сам патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта таксама тут:

«Стаю насупраць ГУМа ужо досыць доўгі час. Людзі ідуць, праяўляюць актыўнасьць, запісваюцца. Тым, хто ня мае з сабою пашпарта, прапаноўваем запісацца, а пасьля перадаць праз тэлефон пашпартныя дадзеныя».

Як патлумачылі ў ЦВК, парушэньня заканадаўства тут няма, бо выбарац мусіць у падпісным лісьце ўласнаручна зрабіць толькі дзьве рэчы: расьпісацца і паставіць дату.

Каля ўнівэрсаму «Цэнтральны» пад дзяржаўным сьцягам зьбіраюць подпісы за Аляксандра Лукашэнку. Цікава, што каля ягонага партрэта — слоган на беларускай мове: «За будучыню незалежнай Беларусі».

Першы дзень збору подпісаў не абышоўся без скандалу. Анатоль Лябедзька заявіў пра першую правакацыю ў дачыненьні да ягонай ініцыятыўнай групы. Сёньня ў Берасьці міліцыянты затрымалі актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аліну Літвінчук. Яна везла пасьведчаньні чальцоў ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі, якія пражываюць у Берасьцейскай вобласьці.

Каардынатар ініцыятыўнай групы па вобласьці Ўладзімер Вуек апавёў Свабодзе:

«Разам з пасьведчаньнямі Аліну Літвінчук трымалі каля трох гадзін у Ленінскім РАУС. Тым самым яны парушылі нашу лягістыку сёньня. Якраз у гэты час мы хацелі раздаць пасьведчаньні, безь якіх збор подпісаў праводзіць немагчыма, выставіць пікеты і даць старт нашай кампаніі. Таму мы будзем рыхтаваць адпаведную скаргу ў Цэнтравыбаркам».

Як стала вядома Свабодзе, на Аліну Літвінчук у міліцыі склалі два пратаколы. Абодва яны ня маюць да выбараў ніякага дачыненьня. Спадарыню Літвінчук, а яна прэсавы сакратар АГП па рэгіёне, абвінавачваюць у працы на замежныя СМІ без адпаведнай акрэдытацыі.

Тым часам чатыры былыя прэтэндэнты, якім ЦВК адмовіў у рэгістрацыі іхніх ініцыятыўных групаў, падалі скаргі ў Вярхоўны суд Беларусі. Прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Юлія Ляскова паведаміла Свабодзе, што Ірыне Першынай і Тамары Біруковай суд адмовіў.

Скаргу Аляксандра Юдаева разгледзяць 24 ліпеня. А дакладны час разгляду справы па адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы палітвязьня Міколы Статкевіча яшчэ не абвешчаны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG