Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхан Чарнякевіч

Жэрар па выкліку ці Адкрыцьцё тэатральнага сэзону-2015


Ціхан Чарнякевіч

Ціхан Чарнякевіч

Навінавыя сайты і сацыяльныя сеткі поўняцца абмеркаваньнем нечаканага візыту Жэрара Дэпардзьё ў Беларусь. Фота з касою і гаспадаром Драздоў набірае тысячы лайкаў. Паўсюль бачыцца радасьць і непадробная цікавасьць да актора, нават грамадзкія дзеячы і палітыкі камэнтуюць разьмяшчэньне касцоў і іх паставы.

Зразумела, прыезд гэты не выпадковы: днямі распачалася перадвыбарная прэзыдэнцкая «гонка па вэртыкалі». Адно што пачынаеш задумвацца: колькі можа каштаваць такая «фотасэсія па выкліку» і хто яе аплочваў? Зазвычай, калі звонку запрашаецца celebrity на той ці іншы карпаратыў, ёсьць пэўныя расцэнкі. Рупіць табе пабачыць Івана Урганта на сваім юбілеі – адшчыкні столькі тысяч амэрыканскіх даляраў. Няма грошай – Саладуха значна таньней. Застаецца спадзявацца на шчырасьць кандыдата ў кандыдаты, што правоз Жэрара Дэпардзьё па фэрмах, стайнях і Драздах быў арганізаваны за ўласныя сродкі, а ня коштам дзяржбюджэту.

Выбар Дэпардзьё цаляе электарату ў яблычак. Зорка, эўрапеец, падтрымлівае Расею, багомлены ўсімі савецкімі жанчынамі застойнага пэрыяду. А значыць, можна ўспомніць маладосьць, пагараваць, што час нікога не шкадуе... ну і заадно зьесьці чарговую порцыю локшынаў, які ў Беларусі парадак, якая тут разьвітая сельская гаспадарка, якая тут урэшце ледзь не Швэйцарыя і дужы, мудры кіраўнік з касой.

Вось жа, удар нанесены, і вельмі моцны. Чым адкажуць на выклік піяршчыкаў Адміністрацыі ППРБ апазыцыйныя кандыдаты, каб ня ўпасьці тварам у бруд? Маштаб мусіць быць суадносным...

Прапаную некалькі варыянтаў разьвіцьця падзеяў. Тацяна Караткевіч, напрыклад, апэруючы магіяй прозьвішча, можа выклікаць на плошчы, «пры сьціжме людзей незьлічонай» дух свайго славутага цёзкі, які празрыста ўкажа на ейную перамогу. Альбо, прынамсі, раздаць восем тамоў новага збору твораў беларускага клясыка (адзінае, што наўрад ці будуць за ім людзі душыцца, як у Чарнігаве за корбанаўскай грэчкай).

Анатоль Лябедзька, карыстаючыся сувязямі, цалкам верагодна, што здолее дамагчыся візыту ў Менск мэра Кіева Віталя Клічко і зладзіць зь ім публічны паказальны бой у Мінск-Арэне.

Сяргей Калякін, адштурхоўваючыся ад украінскага «ленінападу», можа прапанаваць усталяваць колькі новых помнікаў Ільлічу ў тых гарадах і сёлах, дзе чалавека з кепкай яшчэ няма.

Так ці інакш, тэатральны сэзон-2015 можна лічыць адкрытым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG