Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітаўт Кіпель успамінае пра савецкае дзяцінства, нямецкую акупацыю, эміграцыю, вяртаньне ў Беларусь


У Менску ў выдавецтве Зьмітра Коласа выйшла кніга ўспамінаў аднаго з «патрыярхаў» беларускай паваеннай эміграцыі доктара Вітаўта Кіпеля — «Жыць і дзеіць».

Вітаўт Кіпель нарадзіўся ў Менску ў 1927 годзе ў сям’і беларускіх пэдагогаў у часы «першай беларусізацыі». Аднак нацыянальна-дзяржаўнае разьвіцьцё Савецкай Беларусі было неўзабаве гвалтоўна спынена, і ў 1930 годзе бацька Вітаўта — Яўхім Кіпель — быў арыштаваны, абвінавачаны ў «нацыянал-дэмакратызме» і высланы ў Налінск Вяцкай вобласьці.

Сям’я палітычнага ссыльнага — чатырохгадовы Вітаўт з маці — выехала за ім у Налінск, і з гэтага пачалася даўгая дарога аўтара ўспамінаў праз розныя гістарычныя эпохі і кантынэнты.

Дзяцінства ў «нацдэмаўскім» Менску, жыцьцё ў расейскай высылцы — у Налінску, Вятцы і Арле, юнацтва ў акупаваным Менску, маладосьць у Нямеччыне і Бэльгіі, сталае жыцьцё ў Злучаных Штатах — амаль стагодзьдзе беларускай гісторыі, дзе аўтар, чалавек незвычайнага лёсу, быў у гушчы падзеяў палітычнага, грамадзкага і культурнага жыцьця.

У амэрыканскай частцы ўспамінаў Вітаўт Кіпель расказвае пра сваю працу ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, Беларускім інстытуце навукі й мастацтва, пра беларускую палітычную, грамадзкую і культурную дзейнасьць у эміграцыі, пра шматлікія сустрэчы з суайчыньнікамі з-за «Жалезнай заслоны».

Пасьля 1991 году аўтар часта бываў у Беларусі і дзеліцца ў кнізе сваімі ўражаньнямі аб краіне і людзях.

У прадмове да кнігі даўні аўтараў сябра, беларускі эміграцыйны гісторык, журналіст і грамадзкі дзяяч Ян Запруднік піша:

Ян Запруднік і Вітаўт Кіпель, студзень 2013
Ян Запруднік і Вітаўт Кіпель, студзень 2013

«Кніга Вітаўтавых успамінаў адзначаецца ляканічным апавядальным стылем, які абумоўлены тым, што спачатку тэкст быў электронна нагавораны ў гутарцы з рэдактарам, Сяргеем Шупам, а пасьля пакладзены на паперу. Адсюль дынаміка аповеду: кароткія сказы й рэплікі, людзі, факты, гістарычныя асобы, трагічныя падзеі, забаўныя выпадкі. Жыцьцё апавядальніка было нагэтулькі насычанае, што ён, каб расказаць пра ўсё, як бы сьпяшаецца, пазьбягаючы лішніх слоў. Кніга адзначаецца дынамізмам аповеду, лёгкасьцю чытаньня, гэта — сапраўдны падзейны калейдаскоп.

Другая адзнака ўспамінаў — аўтарава ёмістая памяць, у якой захавалася на дзіва шырокая й дэталізаваная панарама быту, насьвятленьня ўнікальна драматычнай эпохі».

Тэкст успамінаў дапаўняе каля сотні фатаздымкаў і паказальнік імёнаў, які ўлучае каля 800 асобаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG