Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У першай дэкадзе жніўня — Фэстываль беларусаў сьвету на Байкале


Адна з каменных «вежаў» бухты Пясчаная

Адна з каменных «вежаў» бухты Пясчаная

З ініцыятывы Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК) ад 3 да 9 жніўня на возеры Байкал пройдзе першы Фэстываль беларусаў сьвету. Як падаюць арганізатары імпрэзы, гэта будзе сустрэча аднадумцаў, якія падтрымліваюць і прапагандуюць беларускую культуру.

Як паведаміла кіраўніца таварыства Алена Сіпакова, якая ў парадку «амаладжэньня кіроўных кадраў» летась замяніла на гэтай пасадзе аднаго з найбольш актыўных беларусаў замежжа Алега Рудакова, мерапрыемства прымеркаванае да 170-й гадавіны ад нараджэньня слаўнага сына Беларусі — Яна Чэрскага. Удзельнік паўстаньня 1863 году быў сасланы ў Сыбір за ўдзел у «бунце супраць гасудара імпэратара». Атрымаўшы частковую рэабілітацыю, але з забаронай жыць у эўрапейскай частцы Расеі, заняўся самаадукацыяй і пасьля звальненьня са штрафнога батальёну пераехаў з Омску ў Іркуцк. Неўзабаве працы Чэрскага зьвяртаюць на сябе ўвагу ў навуковых колах, і зь цягам часу ён становіцца адным з самых аўтарытэтных дасьледчыкаў Сьвятога мора, як з павагай называлі Байкал тубыльцы:

Старшыня ІТБК Алена Сіпакова

Старшыня ІТБК Алена Сіпакова

«Байкал ня страціў сваёй таямнічасьці да гэтага часу і па-ранейшаму прыцягвае рамантыкаў з усяго сьвету, якія жадаюць акунуцца ў хараство велічы адвечнай прыроды і зарадзіцца старадаўняй сілай зямлі. У ліку такіх рамантыкаў — і мы, беларусы Прыбайкальля, якія запрашаем усіх нашых сяброў, аднадумцаў і проста нераўнадушных людзей сабрацца разам на байкальскім беразе, каб правесьці некалькі дзён у непаўторнай атмасфэры сяброўства. Энэргетыку Байкала мы вырашылі сумясьціць зь беларускай культурай і традыцыямі», — гаворыцца ў афіцыйным запрашэньні.

Пасьлядоўнікі Чэрскага — пад бел-чырвона-белым

Пасьлядоўнікі Чэрскага — пад бел-чырвона-белым

Як падаюць арганізатары, у рамках фэстывалю адбудзецца вялікая колькасьць імпрэзаў для самых розных групаў па інтарэсах. Пасьля традыцыйнага знаёмства з Байкалам распачнецца праца творчых пляцовак і падворкаў, будуць наладжаныя майстар-клясы, інтэрактывы, адбудуцца выступы прафэсійных і самадзейных калектываў, пройдзе конкурс «Гучы, гоман беларускі!». Для аматараў актыўна бавіць час заплянаваныя спартовыя спаборніцтвы і паходы ў тайгу, а для экстрэмалаў — чатырохдзённы пад’ём на пік Чэрскага ў Сьлюдзянскім раёне Іркуцкай вобласьці.

Велічны Байкал

Велічны Байкал

Спадарыня Сіпакова заклікае беларусаў з усяго сьвету далучыцца да ўдзельнікаў фэстывалю, каб у кагорце аднадумцаў больш выразна асэнсаваць нацыянальную прыналежнасьць да гістарычнай радзімы. Пры гэтым прызнаецца, што і сама ня так лёгка ішла да разуменьня сваёй беларускасьці:

Бывае, наракаеш, што людзі не цікавяцца сваімі каранямі, але ж і ў самой не асабліва даходзілі рукі абсьледаваць тую тэрыторыю, беларускую.

«Мае продкі паходзяць з Магілёўшчыны. Бывае, наракаеш, што людзі не цікавяцца сваімі каранямі, але ж і ў самой не асабліва даходзілі рукі абсьледаваць тую тэрыторыю, беларускую. З аднаго боку, каб пачаць нешта высьвятляць, патрэбны час, па-другое — доступ да дакумэнтаў. Тут па магчымасьці я запісвала ўспаміны дзядулі, бабулі, але з архівамі не працавала. А летась быў зьлёт школы ў вёсцы, дзе жылі яшчэ мае прадзед і прабабка. Яны з двума малалетнімі дзецьмі прыехалі з Магілёўшчыны ў Заларынскі раён, разьмеркавалі ў Новамяцёлкіна. Само паселішча было ўтворана выхадцамі зь Беларусі, яго заклалі яшчэ першыя хадакі, нават не перасяленцы па сталыпінскай рэформе.

Няхітры скарб беларускіх перасяленцаў

Няхітры скарб беларускіх перасяленцаў

Дык вось на тым зьлёце ў беларускай вёсцы я, бадай, упершыню па-сапраўднаму перапоўнілася пачуцьцём патрыятызму да гістарычнай радзімы, гонарам за беларусаў. Што ўразіла, ніколі ад нашчадкаў беларусаў ня чула так падкрэсьлена: мы — беларусы. Ня ведаю, з чым гэта зьвязана — ці там мясцовасьць іншая, ці яны самі па сабе такія. Бо, працуючы зь беларусамі, з нашчадкамі беларусаў, каб нехта сябе выпячваў, казаў „я — беларус“ — вялікая рэдкасьць. Гэта ці чалавек неардынарны, ці можа дазволіць па статусе. Узяць, дапусьцім, Алега Рудакова. Можа, камусьці ён і набіў аскому, але ў нечым гэта вымушаныя паводзіны — усюды гаварыць, што ты беларус. І гэта мае свой плён: калі ён некуды заходзіць, ужо ўсе ведаюць — прыйшоў беларус».

Выток Ангары, від з Каменя Чэрскага

Выток Ангары, від з Каменя Чэрскага

Зрэшты, масавы дэсант у Прыбайкальле калі і чакаецца, то, хутчэй, з сумежных тэрыторыяў расейскай Сыбіры. З улікам абмежаванасьці фінансаваньня заезд, пражываньне, харчаваньне — клопат саміх удзельнікаў. У такім выпадку трапіць у Іркуцкую вобласьць за 6 тысяч кілямэтраў ад мэтраполіі — прыемнасьць ня з танных.

Не плянуюць браць удзел у фэстывалі і актывісты некаторых беларускіх суполак у самім Іркуцку. Прыкладам, згаданы Алег Рудакоў, які цяпер удзельнічае ў працы моладзевага клюбу «Крывічы», акурат на гэты час выбіраецца на радзіму ў Беларусь. Тым ня меней Алена Сіпакова разьлічвае, што абноўленаму актыву наладзіць імпрэзу цалкам па сілах:

Экс-кіраўнік ІТБК Алег Рудакоў

Экс-кіраўнік ІТБК Алег Рудакоў

«Цяпер у нас актыў досыць разнародны. То бок розныя людзі — і паводле ўзросту, і паводле сацыяльнага становішча, а таксама розныя ў разрэзе таго, хто якім чынам і ў якім годзе прыйшоў у арганізацыю. Старажылы ў нас таксама ёсьць, яны ў нас на прывілеяваным становішчы, таму акцэнт усё ж на новых сябрах. Скажу так: тая сытуацыя з выхадам Алега Рудакова з шэрагаў арганізацыі людзей толькі аб’яднала, і, зразумела, я спадзяюся на тое, што яны возьмуцца і пачнуць нешта рабіць. Таму што для многіх учынак Алега дагэтуль незразумелы: няўжо нельга адначасова заставацца сябрам ІТБК і займацца этнаграфічнай працай? У нас былі, умоўна кажучы, „генэралы“, „кардыналы“, якія ў прынцыпе нічога не рабілі, але былі сябрамі таварыства. Таму пытаньне збольшага да Алега, бо сытуацыя заставалася ўвогуле падвешаная.

Я сама апынулася на раздарожжы — не зьбіралася аж так упрагацца ў справу, думала, што проста пераседжу тэрмін у зьвязку з тым, што здарыўся такі форс-мажор. Вядома, было канкрэтна цяжка і Алегу, і ўсім астатнім. Дарэчы, яшчэ да справаздачна-выбарнага зьезду некаторыя гаварылі — мабыць, ён проста не адважваецца сам закрыць ІТБК. На што я адказвала: ну, калі Алегу будзе ад гэтага лягчэй — добра, магу я закрыць арганізацыю. У выніку засталася і цяпер разумею, што ходу назад папросту няма — прынамсі, бачу, што ў людзей ёсьць інтарэс працягваць беларускую дзейнасьць».

У беларускай вёсцы Тургенеўка

У беларускай вёсцы Тургенеўка

Заяўкі на ўдзел у Фэстывалі беларусаў сьвету на Байкале прымаюцца на e-mail: itbk96@mail.ru ці на старонках http://vk.com/bielarusyirkucku і https://www.facebook.com/BaikalBelarus да 26 ліпеня. Мерапрыемства пройдзе ў пасёлку Сахюрта Альхонскага раёну ў сядзібе «Каўчэг Байкала».

Хаты, збудаваныя беларусамі 100 гадоў таму

Хаты, збудаваныя беларусамі 100 гадоў таму

XS
SM
MD
LG