Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Шэга: Калі вы адмаўляецеся ад роднае мовы, то каго вы наогул зь сябе ўяўляеце...


 Іван Шэга

Іван Шэга

Кіраўнік Слонімскай арганізацыі БНФ Іван Шэга зьвярнуўся зь лістом да старшыні райвыканкаму Алега Таргонскага з прапановай увесьці на афіцыйным сайце Слонімскага райвыканкаму беларускую мову. Цяпер сайт райвыканкаму працуе на расейскай і ангельскай мовах. Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць, старшыня райвыканкаму напісаў Івану Шэгу, што зараз дзеля гэтага няма тэхнічнай магчымасьці, паколькі сайт райвыканкаму ня можа падтрымліваць тры мовы.

Карэспандэнт: Наколькі я разумею вы невыпадкова напісалі такі ліст старшыні райвыканкаму?


Шэга: Мы апошнім часам праводзім маніторынг узаемадачыненьняў улады і апазыцыйных структураў у нашым горадзе. Таму часта даводзіцца заходзіць на сайт райвыканкаму, аналізаваць інфармацыю і заўсёды рэжа вока тое, што сайт можна прачытаць альбо па-расейску альбо па-ангельску, а беларускай мовы няма. Я і напісаў ліст да старшыні райвыканкаму з тым, каб ён патлумачыў, чаму няма беларускай мовы, бо такое ўяўленьне, што ў Слоніме жывуць толькі расейцы і брытанцы. Ці сайт наагул разьлічаны толькі на іншаземцаў, а сваім людзям інфармацыя непатрэбная?


Карэспандэнт: Вы чакалі такога адказу, які атрымалі, ці ўсё ж на нешта спадзяваліся?

Шчыра кажучы, я меў надзею, што яны выправяць гэта, бо сапраўды гэта няцяжка зрабіць. Я сам маю ўласны сайт і ведаю, што гэта не складана, але адказ мяне ўразіў.


Шэга: Шчыра кажучы, я меў надзею, што яны выправяць гэта, бо сапраўды гэта няцяжка зрабіць. Я сам маю ўласны сайт і ведаю, што гэта не складана, але адказ мяне ўразіў. Яны пішуць, што няма тэхнічнай магчымасьці, але гэта сьмешна. Я скантактаваўся з адмыслоўцамі ў гэтай сфэры і яны адназначна сказалі, што такі адказ — проста адмазка, бо відаць ня хочуць проста гэтага рабіць. Што яшчэ ўразіла ў гэтым адказе чыноўніка, дык тое, што ён піша маўляў «руская мова таксама зьяўляецца дзяржаўнай і, улічваючы найбольш частае яе выкарыстаньне жыхарамі нашага раёну для зносін, на сайце выкарыстоўваецца менавіта яна. Выкарыстаньне ж ангельскай мовы абгрунтоўваецца тым, што яна лічыцца міжнароднай і забясьпечвае найбольш шырокі доступ да апублікаваньня на старонках сайта інфармацыі для замежных наведнікаў, што спрыяе пашырэньню міжнародных зносін і турызму...»


Карэспандэнт: Як вы расцанілі такі адказ?

мова — гэта адзінае, што можа аб’ядноўваць людзей у краіне, усё астатняе — другаснае.

Шэга: Я расцаніў гэта найперш як непавагу ўласна да мяне. Як непавагу да тых жыхароў раёну, якія размаўляюць штодня на беларускай мове. Зрэшты, гэта і непавага да таго, хто гэта пісаў, бо людзі таксама жывуць у Беларусі, называюць сябе беларусамі. А мова — гэта адзінае, што можа аб’ядноўваць людзей у краіне, усё астатняе — другаснае. І калі вы адмаўляецеся ад гэтае мовы, то якая вы тады краіна, каго вы наогул тады зь сябе ўяўляеце.

Карэспандэнт: Вы ня сталі болей працягваць дыскусію з раённым чыноўнікам, не пісалі яму болей лістоў?

Шэга: Ведаеце, я быў вельмі ўзрушаны і напісаў ліст старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму. Я напісаў яму, што не лічу такі ліст адказам, бо ён папросту ўтрымлівае хлусьню. Мне, па-першае, схлусілі, што няма тэхнічных магчымасьцяў. А па-другое, я яшчэ раз напісаў, што такое стаўленьне — гэта дыскрымінацыя беларускага народа, што мне няма справы да таго, хто паміж сабой на якой мове размаўляе. Мая справа ў тым, што я тут жыву, нарадзіўся і хачу атрымліваць інфармацыю на роднай мове, якая зьяўляецца ў краіне дзяржаўнай. А беларусы — гэта тытульная нацыя ў краіне і ва ўсіх дзяржаўных установах павінна быць беларуская мова.

Карэспандэнт: У вас ёсьць надзея на тое, што зьверху нехта патрасе пальцам на раённага чыноўніка?

Шэга: Ведаеце, я тут не адзін такі і калі майго ліста будзе мала, пачнём зьбіраць подпісы. Я думаю, што мы свайго даможамся. На маю думку, у гэтых пытаньнях трэба быць настойлівымі.

Карэспандэнт: А як наогул выглядае сытуацыя з беларускай мовай у Слоніме?

Лепш бы яны размаўлялі па-беларуску, бо гэта наогул прэ зь іх, калі яны выступаюць альбо даюць інтэрвію — зь іх папросту прэ гэтая беларускасьць, асабліва праз акцэнт.

Шэга: Ды такая ж як і была... У мяне язык не паварочваецца, каб сказаць, што людзі ці тыя ж чыноўнікі размаўляюць сёньня на расейскай мове. У іх звычайная непісьменная расейская трасянка. Лепш бы яны размаўлялі па-беларуску, бо гэта наогул прэ зь іх, калі яны выступаюць альбо даюць інтэрвію — зь іх папросту прэ гэтая беларускасьць, асабліва праз акцэнт.

Карэспандэнт: А мясцовыя СМІ ў Слоніме якой мовай карыстаюцца?

Шэга: Раённая дзяржаўная газэта «Слонімскі веснік» выходзіць выключна на расейскай мове. Нават незалежная «Газета Слонімская» большасьць матэрыялаў друкуе па-расейску. У Слоніме нядаўна пачаў ізноў працаваць тэатар, але беларускай мовы ён не дадаў, большасьць пастановак па-расейску, хаця людзі туды ідуць. І гэта ня чыста беларускі тэатар, зрэшты, як і ўсё астатняе ў нашым грамадзтве: школы, паліклінікі, іншыя ўстановы — куды ні зайдзі, усюды толькі па-расейску. А пасьля мне кажуць, што большасьць людзей у зносінах ужываюць расейскую мову. І як тут быць, калі паўсюль па-расейску, а ты са сваёй беларускай мовай... Некаторыя людзі, самі беларусы, ужо папросту не разумеюць беларускай мовы, глядзяць на цябе вялікімі вачыма. Дайшло да таго, што беларус ужо не разумее, калі ты гаворыш зь ім па-беларуску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG