Лінкі ўнівэрсальнага доступу

75 гадоў таму ЗША не прызналі ўключэньня Латвіі, Літвы і Эстоніі ў склад СССР


Джон Керы

Джон Керы

Дзяржсакратар ЗША Джон Керы выступіў у сераду з заявай з нагоды 75-годзьдзя так званай «Дэклярацыі Ўэльса», гістарычнага дакумэнта, у якім Злучаныя Штаты абвясьцілі адмову прызнаць далучэньне Савецкім Саюзам Латвіі, Літвы і Эстоніі.

У заяве дзяржсакратара ЗША Самнэра Ўэльса, зробленай 23 ліпеня 1940 году, было асуджэньне гвалтоўнага далучэньня трох рэспублік Балтыі да Савецкага Саюзу.

У заяве Джона Кэры з нагоды 75-х угодкаў «Дэклярацыі Ўэльса», у прыватнасьці гаворыцца: «На працягу доўгіх гадоў савецкай акупацыі прыхільнасьць ЗША справе свабоды рэспублік Балтыі заставалася непарушнай. З моманту здабыцьця імі незалежнасьці Злучаныя Штаты з захапленьнем сочаць за тым, як яны будуюць моцныя дэмакратычныя інстытуты і займаюць належныя ім па праву месцы ў эўрапейскай і трансатлянтычнай супольнасьцях».

З 1940 году і да здабыцьця праз паўстагодзьдзя краінамі Балтыі поўнай незалежнасьці ў Вашынгтоне знаходзіліся дыпляматычныя прадстаўніцтвы незалежных Эстоніі, Латвіі і Літвы, на якіх луналі іх нацыянальныя сьцягі.

Зараз у сувязі з крызісам на ўсходзе Ўкраіны Злучаныя Штаты разглядаюць пляны разьмяшчэньня ва ўсходнеэўрапейскіх краінах-сябрах НАТО цяжкай вайсковай тэхнікі, якая ў экстранай сытуацыі можа быць выкарыстаная сіламі хуткага рэагаваньня НАТО. Плянуецца таксама павялічыць колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў, якія на ратацыйнай аснове будуць несьці патруляваньне на ўсходніх рубяжах Паўночнаатлянтычнага саюзу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG