Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая палова 2015 стала самай сьпякотнай у гісторыі


Паводле сцэнару мэтэаролягаў, пэрыяды анамальнай сьпёкі будуць усё больш частымі, больш інтэнсіўнымі і працяглымі.

Паводле дадзеных амэрыканскіх і японскіх мэтэаролягаў, першыя шэсьць месяцаў гэтага году былі самымі гарачымі за ўсю гісторыю інструмэнтальных назіраньняў.

Сярэдняя тэмпэратура, у тым ліку паверхні акіянаў, была на 0,85 адсотка вышэй сярэдняй тэмпэратуры ў XX стагодзьдзі, якая складала 15,5 градусаў Цэльсія.

Пра гэта паведамляе Цэнтар навін ААН са спасылкай на экспэртаў Сусьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі (СМА).

Незвычайна высокія тэмпэратуры назіраліся практычна ва ўсёй Эўразіі, Паўднёвай Амэрыцы, Афрыцы, Аўстраліі і на захадзе Паўночнай Амэрыкі. На сёньняшні дзень больш за ўсіх ад сьпёкі пакутуюць Балканы і Паўднёвая Эўропа.

Клэр Нуліс з Сусьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі не бярэцца сьцьвярджаць на 100 адсоткаў, што анамальная сьпякота — прамое сьледзтва зьмены клімату. Аднак яна цалкам ўпісваецца ў існуючыя мадэлі.

«Усё, што мы назіраем, супадае з нашымі чаканьнямі ў сувязі са зьменай клімату, — сказала Нуліс. — А гэты сцэнар прадугледжвае, што пэрыяды анамальнай сьпёкі будуць усё больш частымі, больш інтэнсіўнымі і працяглымі. Калі параўноўваць з аналягічным зьявай у 2003 годзе, то цяперашняя сьпякота наступіла незвычайна рана».

Яна адзначыла, што высокія тэмпэратуры будуць трымацца і далей. Так, ва ўсходніх і паўднёвых раёнах ЗША сьпякота не зьбіраецца спадаць і дасягае 38-40 градусаў Цэльсія.

XS
SM
MD
LG