Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Burger King: бульба — з Галяндыі, ялавічына, салата і булачка — з Падмаскоўя


Burger King, другая ў сьвеце па велічыні сетка рэстарацыяў хуткага харчаваньня, што прадае бургеры, прыйшла у Беларусь 9 ліпеня 2015 году.

На постсавецкай прасторы першы Burger King зьявіўся 5 гадоў таму ў Маскве. Але перамовы пра адкрыцьцё сеткі ў Расеі вяліся досыць доўга — 8 гадоў. 30 рэстарацыяў Burger King працуе ў Казахстане. Да Беларусі кампанія прыглядалася даўно. Падрыхтоўка пачалася пры канцы 2014 году, і ўжо праз паўгода ў Менску ў раёне Каменнай Горкі зьявіўся першы рэстаран.

Колькі ўкладзена інвэстыцыяў у першы беларускі Burger King — камэрцыйная таямніца. Адзінае, што сказалі кіраўнікі, — рэстарацыя акупляецца ў сярэднім праз 5 гадоў. Працягласьць кантракту — мінімум 20 гадоў.

Кіраўніцтва паабяцала, што сетку ў Беларусі будуць пашыраць, выкарыстоўваць самыя розныя фарматы — стацыянарныя рэстарацыі (як цяпер на Каменнай Горцы), рэстарацыі ў буйных гандлёвых цэнтрах і Кing-аўта (для аўтамабілістаў). Але ні пра колькасьць, ні пра геаграфію пакуль нічога ня кажуць — маўляў, да беларускага рынку пакуль прыглядаюцца.

Часьцяком пры адкрыцьці рэстарацыяў адбываюцца сюрпрызы, неспадзяванкі. У Маскве ў дзень адкрыцьця таксама былі шалёныя чэргі, рэстарацыя не разьлічвала на такую колькасьць наведнікаў — і скончылася мяса. Давялося раней закрыцца.

Самыя вялікія чэргі былі, як ні дзіўна, на адкрыцьці рэстарацыі ў Францыі, хоць там ужо прысутнічалі ўсе асноўныя канкурэнты Burger King у сфэры хуткага харчаваньня. Шалёныя чэргі былі на адкрыцьці рэстарацыяў у Фінляндыі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.

Адзначыліся на адкрыцьці Burger King і беларусы. У Менску, калі людзі даведаліся, што, набыўшы шклянку пэпсі, потым яе можна даліваць без абмежаваньняў, некаторыя аматары «халявы» прыйшлі зь пяцілітровымі бутлямі. Нягледзячы на гэта, абмяжоўваць колькасьць пэпсі не зьбіраюцца. Зрэшты, калегі-журналісты падлічылі, што стратаў Burger King несьці ўсё адно ня будзе: стандартныя паўлітра пэпсі каштуюць 20 тысяч (для параўнаньня: такая ж порцыя кока-колы ў McDonald`s — 12 тысяч).

Дарэчы, пэпсі ўжо разьліваюць у Лідзе, на «Лідзкім піве». Крыху пазьней там пачнуць разьліваць і 7up, и Mirinda.

На пытаньне журналістаў, ці не баіцца кампанія асноўнага канкурэнта — McDonald`s, які прыйшоў у Беларусь 19 гадоў таму і мае 7 рэстарацыяў у Менску і адзін у Віцебску, генэральны дырэктар Burger King у Расеі Дзьмітры Мядовы адказаў таксама пытаньнем: «А якое мяса вы больш любіце: падсмажанае на патэльні на алеі ці тлушчы, альбо мяса на адкрытым агні, на грылі?»

Дзьмітры Мядовы

Дзьмітры Мядовы

Бруна Ліна, прэзыдэнт кампаніі, кажа, што Burger King — гэта месца, дзе кожны можа наталіць голад, і мэню разьлічанае на любы гаманец. Тут павінна быць смачна, танна, хутка. І стандарты ўсясьветнага брэнду паўсюль павінны быць аднолькавыя: якасна, бясьпечна і гасьцінна. Кожны госьць павінен атрымаць аднолькавае абслугоўваньне ў любой рэстарацыі сьвету. То бок знакаміты Whopper павінен быць паўсюль аднолькавы. Уопэр — гэта гамбургер з падсмажанай на грылі катлетай зь ялавічыны, кунжутнай булачкай, салатай, памідорамі, салёнымі гуркамі, кетчупам, цыбуляй і плаўленым сырам. Каштуе стандартны ўопэр 46 тысяч, падвойны — 62 тысячы.

Як патлумачыў генэральны дырэктар Burger King у Расеі Дзьмітры Мядовы, на 95% увесь асартымэнт павінен быць аднолькавы, а 5% зарэзэрвавана на «мясцовы калярыт».

Што тычыцца беларускага нацыянальнага калярыту, пакуль кіраўніцтва прыглядаецца, вывучае мясцовыя традыцыі. Калі пачнуць разумець прыхільнасьці гасьцей, пачнуць нешта мяняцць. Магчыма, нават не на пяць, а на дзесяць альбо пятнаццаць адсоткаў.

Што тычыцца прадуктаў, зь якіх гатуюцца ўопэры, бургеры і ўсё астатняе, то ялавічына завозіцца з Падмаскоўя і Калінінградзкай вобласьці, булачкі — з Падмаскоўя, куры — з Калінінграду, салаты — зь «Белай дачы» з Падмаскоўя, ну, а бульба — з Галяндыі. Патрабаваньні да ўсіх пастаўшчыкоў вельмі жорсткія, запэўнівае генэральны дырэктар Burger King у Расеі Дзьмітры Мядовы. Да беларускіх вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі кампанія Burger King пакуль толькі прыглядаецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG